Дзіўнае знаходзіцца побач

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Конкурс з аднайменнай назвай прайшоў у рамках тыдня фізікі ў сярэдняй школе № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля.

Навучэнцам было прапанавана прадэманстраваць дослед па фізіцы і растлумачыць яго. У конкурсе прынялі ўдзел хлопцы і дзяўчаты з 10—11 класаў, якія па-сапраўднаму захапляюцца прыродазнаўчай навукай. Навучэнцы ўразілі журы не толькі глыбокімі тэарэтычнымі ведамі, але і творчым падыходам. Так, Арцемій Бонахаў і Уладзіслаў Бекіш з’явіліся ў кабінеце фізікі цалкам экіпіраваныя да паходу і змаглі раскласці вогнішча ў імправізаваным лесе нават без нібыта забытых дома запалак. Для гэтага вучні выкарысталі батарэйку з ліхтарыка і фанцікі ад цукерак. І пакуль Арцемій распальваў агонь, Улад дзяліўся з намі прытчай “Жыццё і смерць”, якая апярэдзіла эфектны дослед “Палёт чайнага пакеціка”.

Увогуле, разнастайнасць вучнёўскіх доследаў здзіўляла. Аказваецца, агонь можа гарэць пад вадой, тарнада “добра паводзіць сябе” ў бутэльцы, агністы віхор можна ўтварыць пры дапамозе араматычных палачак, ды і вада ў пэўных умовах цячэ ўверх. Дзякуючы дапытлівым старшакласнікам, усе, хто прысутнічаў на конкурсе, навучыліся рабіць лававыя лямпы з падручных сродкаў, а пасля майстар-класа, які правяла Васіліса Кашперка, за кінетычным пяском цяпер у магазін сапраўды ніхто не пойдзе. І, вядома ж, была зроблена спроба сабраць вечны рухавік. Самая юная ўдзельніца Марыя Дарашкова з 8 класа прама на вачах публікі сабрала яго з батарэйкі, дроту і пластыліну.

Усе ўдзельнікі паказалі выдатныя як тэарэтычныя, так і практычныя веды па прадмеце. Аднак, як і ў кожным конкурсе, перамога дасталася самым-самым. Імі сталі Каміла Сінельнікава з “Фантанам Герона” і Дзмітрый Лебяшкоў з самым эфектным доследам “Труба Рубенса”, які дазволіў прысутным не толькі пачуць, але і ўбачыць музыку.

Вольга РОЎБА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля.