Дзівоснае побач

Выхаванцам настаўніцы біялогіі і хіміі гімназіі № 38 Мінска Таццяны Аляксандраўны Кукса-­Юркавец мабільныя тэлефоны і планшэты на ўроках ніколькі не перашкаджаюць вучыцца. У гэтым мы змаглі пераканацца, убачыўшы фрагмент урока ў 8 класе па тэме “Разнастайнасць і значэнне ракападобных”. Гэты ўрок нікога не пакінуў абыякавым, на ім панавала творчая атмасфера супрацоўніцтва, усе навучэнцы былі ўключаны ў работу, з задавальненнем і цікавасцю выконвалі заданні.

Ажывіць вучэбныя заняткі

Для замацавання атрыманых ведаў (а гэта быў урок па новай тэме) Таццяна Аляксандраўна прапанавала вучням папрацаваць з воблакам слоў “Значэнне ракападобных у прыродзе і жыцці чалавека”, а потым з дапамогай мультыборда зазірнуць у квест-пакой і навесці там парадак, выконваючы заданні па тэме. Звычайна сучасны квест-пакой (часта можна сус­трэць і назву “квеструм” — questroom) падразумявае інтэлектуальную гульню. Умовы такой гульні простыя і зразумелыя: каманда вучняў “замыкаецца” ўнутры памяшкання. За пэўны час удзельнікі каманды павінны паспець выбрацца з яго. Для гэтага ім неабходна агульнымі намаганнямі рашыць шэраг заданняў. Паспяховае іх выкананне дазваляе калектыву прасоўвацца далей, атрымлі­ваць падказкі і знаходзіць правільную сцежку, якая і прывядзе да галоўнага рэквізіту — ключа ад дзвярэй. Гэтая знаходка з’яўляецца самай важнай, паколькі толькі яна здольна вызваліць каманду і стаць сімвалам іх перамогі і паспяховага праходжання квеставага пакоя.

Васьмікласнікі на ўроку паспяхова справіліся з заданнямі. Было відаць, што замацаванне ведаў у такой форме вельмі ім падабаецца і ў падобным квесце яны ўдзельнічалі не ўпершыню. 

Сваю педагагічную дзейнасць Таццяна Кукса-Юркавец пачала яшчэ ў 2008 годзе ў Чурылавіцкай сярэдняй школе Мінскага раёна, калі вучылася на 3 курсе БДПУ імя Максіма Танка. Добрую метадычную падрыхтоўку маладой настаўніцы дала былы дырэктар гімназіі № 38 Галіна Злобіч. У сваёй рабоце Таццяна Аляксандраўна прытрымліваецца некалькіх асноўных прынцыпаў: быць не над дзецьмі, а разам з імі; уключаць вучняў у дыялог, каб яны імкнуліся выказваць свае думкі, няхай і не заўсёды правільныя, не баяліся гаварыць; веды, здабытыя ў пошуку, самастойна, застаюцца надоўга; змена відаў дзейнасці, стварэнне сітуацыі поспеху — перадумова захавання цікавасці. 

Напрыканцы ўрока настаўніца прапанавала дзецям прайсці бліцвіктарыну, распрацаваную з дапамогай мабільнага дадатку Quizizz. Гэта своеасаблівая альтэрнатыва пісьмовым работам для ацэнкі ведаў дзяцей. У ход пайшлі мабільныя тэлефоны і планшэты. Літаральна за 5 мінут на экране мультыборда Таццяна Аляксандраўна магла бачыць, як вучні зразумелі тэму, дзе ёсць недахопы і на якія моманты варта звярнуць увагу на наступным уроку.

З таго часу як ва ўстанове адукацыі быў абсталяваны інтэрактыўны клас ІТ-SMART, а ў кабінеце з’явіўся мультыборд, педагог не можа супакоіцца: сочыць за разнастайнымі ІТ-навінкамі, укараняе іх у адукацыйны працэс. На думку Т.А.Куксы-Юркавец, новыя тэхналогіі візуалізуюць навучанне, павышаюць матывацыю дзяцей да вучобы, дазваляюць разнастаіць урок, аблягчаюць работу настаўніка, аднак тут важна захоўваць баланс паміж традыцыйным і новым. 

Свае ўрокі Таццяна Аляксандраўна праводзіць і ў ІТ-кабінеце, дзе інтэрактыўныя сталы ператвараюцца ў віртуальную хімічную ці біялагічную лабараторыю. Вучні праводзяць доследы і эксперыменты, у 3D-рэжыме вывучаюць у дэталях будову расліннай клеткі, мадэлі макрамалекул, анатамічную будову разнастайных арганізмаў. Гэтыя мадэлі можна паварочваць, набліжаць, вылучаць асобныя складнікі.

У рабоце педагогу дапамагаюць матэрыялы, размешчаныя на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе, мабільныя дадаткі LearningApps.org, Kahoot, Quizlet і інш. Выкарыстоўваюць вучні і QR-коды. Настаўніца загадзя рыхтуе заданні ці інфармацыю, якая з дапамогай анлайн-генератара ператварае яе ў QR-код. Дарэчы, закадзіраваць можна любую інфармацыю, прадастаўленую ў розных фарматах: спасылку і на дадатковы тэкставы матэрыял па тэме, і на відэафрагмент, і на інтэрактыўнае заданне, і на анлайн-віктарыну. 

— Безумоўна, падрыхтоўка да заняткаў з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій патрабуе ад настаўніка значных часавых затрат, аднак гэта таго варта. Дзеці становяцца актыўнымі, у іх га­раць вочы, а сустракаючы мяне на перапынку, яны пытаюцца: “Што новенькага будзе на ўроку?” — расказвае настаўніца. 

У перспектыве педагог плануе ва ўзаемадзеянні з ІТ-спецыя­лістамі распрацаваць уласны электронны адукацыйны рэсурс, напоўніўшы яго цікавымі дыдактычнымі матэрыяламі для вучняў 6—8 класаў, які дапаможа ў метадычнай рабоце як самой настаўніцы, так і яе калегам.

Няма праблем? Будуць!

Т.А.Кукса-Юркавец на сваіх занятках аддае перавагу праблемнаму навучанню. Летась за распрацоўку праекта “Прымяненне метадаў тэхналогіі праблемнага навучання як сродку развіцця вучэбна-пазнавальных кампетэнцый навучэнцаў у межах вучэбных прадметаў “Біялогія”, “Хімія” педагог атрымала грант Мінгарвыканкама.

— Біялогія і хімія, на мой погляд, універсальныя прадметы, паколькі на ўроках належную ўвагу трэба ўдзяліць і тэарэтычнаму, і практычнаму аспектам, — адзначае Т.А.Кукса-Юркавец. — За гэтай універсальнасцю хаваецца праблема арганізацыі вучэбнай дзейнасці такім чынам, каб эфектыўна выкарыстоўвалася кожная мінута вучэбных заняткаў. Метады праблемнага навучання дазваляюць, абапіраючыся на міжвольную ўвагу навучэнцаў, паступова выпрацоўваць у іх адвольную ўвагу да аб’екта вывучэння, імкненне авалодаць вучэбным матэрыялам, нягледзячы на існуючыя цяжкасці. Мысленне пачынаецца з пытання, якое патрабуе вырашэння. Таму, каб навучэнец пачаў актыўна думаць, перад ім варта паста­віць пазнавальную задачу, прычым яна павінна мець для навучэнца асабістую цікавасць. 

Часам урок пачынаецца са стварэння настаўніцай сітуацыі нечаканасці. Праводзячы ўрок на тэму “Цукроза”, настаўніца расказвае дзевяцікласнікам, што цукар доўгі час заставаўся далікатэ­сам. Стравы з цукру падаваліся толькі да стала вышэйшай шляхты. Цэны на цукар, які прывозілі з калоній, былі вельмі высокімі. Простаму народу гэтыя прысмакі былі не па кішэні. Спачатку цукар прадавалі ў аптэцы, як лекі, і яго называлі белым золатам.

У цяперашні час цукар называюць салодкай смерцю. Педагог прапануе навучэнцам адказаць на праблемнае пытанне: “Цукар — здароўе або салодкая смерць?” і абгрунтаваць свае адказы.

У практыку работы Таццяны Аляксандраўны трывала ўвайшлі праблемныя пытанні і сітуацыі. Так, пры вывучэнні тэмы “Бактэрыі” настаўніца паведамляе навучэнцам наступныя факты: вядома, што антыбіётыкі — гэта рэчывы, здольныя падаўляць рост мікраарганізмаў або знішчаць іх. На двух участках вырошчваюць гарох. У першай гаспадарцы пасевы апрацоўваюць спецыяльным растворам, які змяшчае антыбіётык. У другой гаспадарцы гэтага не робяць. Педагог задае вучням пытанне: “Як вы думаеце, у якой гаспадарцы ўраджай гароху бу­дзе вышэйшым? Адказ патлумачце”. Рашэннем гэтай праблемнай сітуацыі з’яўляюцца вывучэнне значэння бактэрый для жыцця раслін і ўвядзенне паняцця “азотфіксуючыя бактэрыі”.

— Адзначыла для сябе перавагі такіх праблемных заданняў: яны дапамагаюць навучэнцам разважаць, зніжаюць верагоднасць адгадвання, прывучаюць да аналізу кожнага сказа. А яшчэ яны спрыяюць арганізацыі адукацыйнага працэсу: прымяненню індывідуальнай, групавой, парнай работы, правядзенню нестандартных урокаў, якія прадугледжваюць выкананне вучэбнага даследавання або яго элементаў (урок-даследаванне, урок-лабараторыя, урок-вынаходніцтва, урок “дзівоснае побач”, урок — абарона даследчых праектаў і інш.), — падкрэслівае Т.А.Кукса-Юркавец. — Лічу, што асноўнымі перавагамі метадаў тэхналогіі праблемнага навучання з’яўляюцца высокая самастойнасць навучэнцаў, фарміраванне іх пазнавальнай цікавасці і асобаснай матывацыі.

Набываючы навыкі вырашэння праблемных сітуацый, выхаванцы Т.А.Куксы-Юркавец пас­пяхова праяўляюць сябе ў навукова-даследчай дзейнасці, на алімпіядах. Так, дзесяцікласніца Марыя Захаркевіч на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў у секцыі “Біялогія” з работай “Пошук актынабактэрый — прадуцэнтаў біялагічна актыўных рэчываў” удастоена дыплома ІІ ступені. У скарбонцы Марыі дыпломы гарадскога конкурсу экалагічных праектаў “ЭCOS-2021” (на англійскай мове) і Рэспуб­ліканскага конкурсу біёлага-экалагічных работ. На Міжнароднай біялагічнай інтэрнэт-алімпіядзе дзесяцікласніца Алена Любанец заваявала дыплом ІІ ступені.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.