Дзівосны свет любімых казак

- 21:35Портфолио

Гульня-падарожжа для вучняў 5—6 класаў

Мэта: узнавіць і паглыбіць веды вучняў пра казкі, пашырыць чытацкі кругагляд; развіваць у школьнікаў кемлівасць, фантазію, лагічнае мысленне, вуснае маўленне; спрыяць выхаванню ў дзяцей цікавасці да багатай фальклорнай спадчыны беларус­кага народа.

Абсталяванне: выстава кніг “Беларускія народныя казкі”, выстава малюнкаў “Мая любімая казка”, карткі з заданнямі для каманд, кошык.

Эпіграф:  “Казка — ад нашай зямлі і ад яе людзей. Яна — чароўны сон і яна — думка чалавека” (У.Караткевіч).

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Казкі… Яны знаёмыя нам з дзяцінства. Цяжка знайсці чалавека, які б ніколі не чытаў казак. Яны адчыняюць нам дзверы ў дзівосны свет, напоўнены чараўніцтвам, цудамі. У свеце казак жывуць незвычайныя героі, там ажываюць расліны, умеюць размаўляць звяры, а дабро заўсёды перамагае зло. Казкі робяць наша жыццё больш цікавым і захапляючым. Не дзіўна, што іх любяць і дзеці, і дарослыя.

Сёння я прапаную вам успомніць любімыя казкі і адчуць на сабе іх непаўторную магію. У гульні ўдзельнічаюць дзве каманды. За кожны правільны адказ камандам налічваецца 1 бал. Жадаю камандам удачы і цудоўнага адпачынку!

I конкурс. “Народная мудрасць у казках”

Напішыце як мага больш павучальных выслоўяў, прыказак, якія сустракаюцца ў народных казках.

Даведка: “Не люба — не слухай”, “Ад крадзенага не пасыцееш”, “Новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ля­жыць”, “Не сунь носа ў чужое проса”, “Жыццё пражыць — не поле перайсці”, “Не той дурань, каго завуць дурнем, а той дурань, хто чужым розумам жыве”, “Павінную галаву і меч не сячэ”, “На злодзеі шапка гарыць”, “Ахвота горш няволі”, “Разумны на любой пасадзе розуму не траціць, а дурня хоць царом пастаў — дурнем і застанецца”, “Без начыння і лапця не спляцеш”.

II конкурс. “Дзяжурная літара”

Прыгадайце назвы народных казак, якія пачынаюцца з наступных літар: А — “Ад кра­дзенага на пасыцееш”, “Андрэй за ўсіх муд­рэй”, “Амін, кароўка, амін!”, “Алёнка”, “Аддай мне тое, што дома не пакінуў”; З — “Зайздрос­ны дзядзька”, “Залатая яблынька”, “Залаты птах”, “З рога ўсяго многа”, “Замыкай”; К — “Каваль-асілак”, “Кот Максім”, “Курка Рабка”, “Казка пра быка і яго сяброў”, “Кісель”, ­“Ксёндз у раі”, “Кулак і парабак”; П — “Прагны багацей”, “Піліпка-сынок”, “Пшанічны каласок”, “Пан і казачнік”, “Палешукі і палевікі”, “Панская ласка”, “Поп і дзяк”, “Пану навука”, “Папоўская хцівасць”, “Панская гаворка”, ”Пісар-ашуканец”; С — “Снягурачка”, “Сіняя світа налева пашыта”, “Сынок з кулачок”, “Салдат Іванька”, “Стары бацька”, “Страшны залом”, “Стралец і рыбак”, “Сляпы, глухі і бязногі”, “Салдат з таго свету”; Я — “Як мужык гусей дзяліў”, “Як Іван чарцей перахітрыў”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Як Сцёпка з панам гаварыў” і інш.

IIІ конкурс. “Зачараванае слова”

Устаўце ў назвах казак прапушчанае слова: “Ох і залатая …” (табакерка); “… , Змітрок, кабыла і баран” (Воўк); “Цана … хлеба” (лусты);  “Жораў і …” (чапля); “… сын” (Удовін);  “Лісіца-…” (хітрыца); “… хлеб” (Лёгкі); “Вайна … з сабакам” (ваўка);  “… рак” (Вучоны);  “…-прастачок” (Іванка); “Мужык, воўк і …” (ліса);  “Ці была ў … галава” (папа).

IV конкурс. “Хто тут лішні?”

Якога персанажа няма ў казцы? Назавіце твор.

Сцяпан, Піліп, Іван, Васіль. (Васіля; “Залаты птах”.)

Асёл, свіння, сабака, кот. (Свінні, “Музыкі”.)

Хведар Набілкін, Дубавік, Гаравік, Баба Яга. (Бабы Ягі; “Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі”.)

Дзед, ліса, баба, сынок з кулачок. (Лісы; “Сынок з кулачок”.)

Сіўка, Лысун, баба Каргота, ведзьма Бара­баха. (Бабы Карготы; “Алёнка”.)

Кашчэй Бессмяротны, Цмок, Палашка, Пакацігарошак. (Кашчэя Бессмяротнага; “Пакацігарошак”.)

Дуб-Дубавік, Гара-Гаравік, каваль, цар. (Цара; “Івашка — мядзведжае вушка”.)

Салавей-разбойнік, змей, князь, Прожар. (Змея; “Ільюша, Іванаў сын”.)

V конкурс. “Самы кемлівы” (конкурс капітанаў)

Адгадайце назвы казак, замяніўшы прапанаваныя словы словамі з супрацьлеглым значэннем: дурны сын — (“Разумная дачка”); дыстрофікі — (“Асілкі”); маладая маці — (“Стары бацька”); шчодры бядняк — (“Прагны багацей”); пакладзіс­ты муж — (“Упартая жонка”); анёл-дабра­дзей — (“Чорт-злодзей”); далікатныя гаспадары — (“Надакучлівыя госці”).

VІ конкурс. “Знаўцы казак”

Па ўрыўках пазнайце казкі.

“Узяла каваліха каменьчык, паклала яго ў пялёнку і панесла ў хату. Запаліла лучынку, бачыць, ажно праўда: у пялёнках ляжыць не каменьчык, а такі прыгожы хлопчык, што і словамі не перадаць”. (“Каваль-асілак”.)

“Вырасла ў таго чалавека ў са­дзе яблынька, а на ёй — залатыя яблыкі. Цешыцца бацька з яблыкаў, і сыны цешацца. Кожную раніцу ў сад ходзяць глядзець, ці цэлыя”. (“Залаты птах”.)

 “Акрыяла цялушачка, расце як на дражджах. І дачка таксама расце. Ды такая разумніца ўдалася, кемлівая. Вырасла з лысенькай цялушкі слаўная кароўка. Пачала яе дзяўчынка ў поле ганяць”. (“Разумная дачка”.)

“Жылі-былі ў адной вёсцы стары са старою. Было ў іх тры сыны. Слаўныя хлопцы, добрыя работнікі. Але больш за ўсё любілі яны на паляванне хадзіць. Ды вось бяда: не шанцавала ім у гэтай справе. Цэлы дзень па лесе ходзяць, а на вячэру нічога не прыносяць”. (“Браты-паляўнічыя”.)

“Здарылася ў адным краі вялікая бяда: наляцеў аднекуль дзевяцігаловы змей ­Цуда-Юда і ўхапіў з неба сонца з месяцам… Бядуюць людзі, плачуць: і цёмна без сонца, і холадна”. (“Удовін сын”.)

“Жылі муж і жонка. Доўга не было ў іх дзяцей, а потым, ужо на старасці год, адразу нарадзіліся тры сыны: адзін нарадзіўся ўвечары, другі — у поўнач, трэці — на світанні. І назвалі іх усіх Іванамі”. (“Іван Світаннік”.)

VII конкурс. “Казачныя героі”

Па апісанні пазнайце героя і назавіце казку.

“Жыў-быў у адной вёсцы бедны адзінокі чалавек. Слабаваты ён быў сілаю, затое меў галаву з розумам”. (Хведар Набілкін, “Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі”.)

“Расце не па днях, а па гадзінах. Што ні дзень — прыгажэй становіцца. Твар белы, як сняжынка. Вочкі блакітныя, як неба. Каса па пояс”. (Снягурачка, “Снягурачка”.)

“Маленькая ўдалася ростам. І сілу яна мела, як у таго камара. Ды затое была смелая, што і хлопец другі не дакажа. Бывала, убачыць, што большы крыўдзіць меншага, — як ястраб налятае на крыўдзіцеля, і той адступае перад ёю”. (Марылька, “Не сіла, а смеласць”.)

“З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэнь не лезе. Малы, бач, ён быў ростам і шчуплы”. (Сцёпка, “Як Сцёпка з панам гаварыў”.)

“Пачаў ён іграць яшчэ змалку. Бывала, пасучы валоў, зробіць з лазы дудачку ды як зай­грае, дык валы скубці траву пераста­нуць — натапыраць вушы ды слухаюць. У лесе птушкі прыціхнуць, нават жабы ў балоце не крумкаюць”. (Музыка, “Музыка-чарадзей”.)

“Хлопчык расце як на дражджах. І такі ўдаўся прыгожы, разумны! Аддалі яго бацькі ў навуку. Дык ён усіх сваіх аднагодкаў, як бачыш, абагнаў. Да ўсяго быў здатны: як да работы, так і да навукі”. (Янка, “Аддай мне, што дома не пакінуў”.)

VIІІ конкурс. “Чыё выказванне?”

Паспрабуйце адгадаць, каму з герояў належаць выказванні, назавіце казку.

 “Давайце заспяваем. Толькі голасу не шкадуйце. Няхай усе ведаюць пра наш ансамбль”. (Асёл, “Музыкі”.)

“Вось што, хлопча, не турбуй ты мяне больш: я ўжо стары і мне цяжка абед на­сіць. Вазьмі гэтую табакерку. Калі табе што патрэбна будзе, адчыні яе, і мой слуга адразу стане перад табою, ён не горш за мяне зробіць усё, што ты яму загадаеш”. (Дзядок Ох, “Ох і залатая табакерка”.)

“Дык вось, каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй”. (Курачка Сакатушка, “Пшанічны каласок”.)

“Як жа мне не плакаць, бычок? Загадала мне мачыха мех кудзелі спрасці, кросны выткаць, палатно выбеліць і ўвечары дамоў прынесці… Ці ж зраблю я гэта за дзень?” (Галя, “Залатая яблынька”.)

 “Дзякую, конь мой добры! Паглядзеў і я царэўну. А цяпер памажы мне зрабіць яшчэ адну работу: перабраць два гарцы маку і два гарцы пяску…” (Салдат Іванька, “Салдат Іванька”.)

“Іду гэта я па пекле, разглядаю, як там і што. Аж бачу: панаў бацька-нябожчык — худы, босы, абшарпаны — свіней пасе”. (Янка, “Пан і казачнік”.)

IX конкурс. “Зрываем усе авацыі!”

Каманды паказваюць загадзя падрыхтаваныя інсцэніроўкі ўрыўкаў з беларускіх народных казак.

X конкурс. “Цуды ў кошыку” 

Здагадайцеся, што ў кошыку. 

Гэты прадмет бядняк дастаў з рыбіны ў казцы “Прагны багацей” (залаты пярсцёнак); музычны інструмент, на якім умеў іграць Піліп з казкі “Залаты птах” (дудка); першы падарунак дзеду ад жураўля за вытаптанае проса з казкі “З рога ўсяго многа” (торбачка); гэтыя прадукты дастаў з торбы жабрак у казцы “Стралец і рыбак” (хлеб і сала); у казцы ”Як пана віншавалі” аканом напакаваў імі рэшата і загадаў парабку занесці гэта пану (яйкі); сума грошай, якая была ў салдата Іванькі з аднайменнай казкі (тры капейкі).

Журы падводзіць вынікі. Аб’яўляецца і ўзнагароджваецца каманда-пераможца.

Настаўнік. Казка — гэта і верны сябар, і разумны дарадца, і крыніца невычэрпнай народнай мудрасці. Менавіта казкі ву­чаць нас дабру і гуманнасці, смеласці і справядлівасці, настойлівасці і веры ў свае сілы. У казках можна знайсці адказы на складаныя пытанні, якія ўзнікаюць у нас у што­дзённым жыцці.

Сёння наша падарожжа ў чароўны свет казак скончылася, але вы можаце працягнуць яго самі, бо казачная сцяжынка бяс­концая…

Вам, маладым будаўнікам і творцам,

Каб меншыя цярпець няўдачы-страты,

У наш вучоны век я раю моцна:

Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!

                                                        Н.Гілевіч.

Вольга ХМАРАВА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 14 Наваполацка 
Віцебскай вобласці.