Дзівосныя фарбы сталічных канікул

У пачатку ліпеня бягучага года валанцёрскі праект БДПУ імя Максіма Танка “Дзеці сталіцы” адкрыў чарговы, ужо 15-ы, сезон. Амаль увесь месяц (да 31 ліпеня) студэнты педуніверсітэта будуць працаваць з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў школах Мінска. Праект накіраваны на арганізацыю вольнага часу дзяцей, якія праводзяць сваё лета ў горадзе. Валанцёры займаюцца з дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, у тым ліку з цяжкімі падлеткамі.

Каардынатарамі праекта “Дзеці сталіцы” з’яўляецца псіхалагічная служба БДПУ і ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю педуніверсітэта. Сёння праект ахоплівае пяць сталічных раёнаў, пры тым, што 15 гадоў назад ён пачынаўся толькі ў адным раёне Мінска.

— З кожным годам колькасць валанцёраў і дзяцей, якія ўдзельнічаюць у праекце, павялічваецца. У гэтым годзе на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска працуюе больш за 80 студэнтаў універсітэта. Валанцёры валодаюць ведамі ўзроставай псіхалогіі, шырокім педагагічным інструментарыем, — расказвае начальнік псіхалагічнай службы БДПУ імя Максіма Танка Таццяна Аляксандраўна Кузёмкіна.

З 25 чэрвеня ў педагагічным універсітэце працуе “Школа важацкага майстэрства”. Студэнты-валанцёры вучацца ў вопытных педагогаў універсітэта розным методыкам арганізацыі работы з дзецьмі.

Як раней пісала “Настаўніцкая газета”, у гэтым годзе ў праекце прымаюць удзел спецыялісты РНПЦ “Кардыялогія”. Яны навучаюць дзяцей вымяраць ціск і пульс, расказваюць ім пра здаровы лад жыцця.

Як жа праходзіць дзень дзіцяці? На гэтае пытанне адказала кіраўнік праекта “Дзеці сталіцы” Дар’я Станіславаўна Зяленка: “У 9 гадзін раніцы дзверы школы адчыняюцца для валанцёраў, у 10 — для дзяцей. Яны прыходзяць у кабінет і адразу пачынаюць сваё цікавае падарожжа. Студэнты-валанцёры забаўляюць настольнымі гульнямі, малююць аквагрым. Пасля гэтага дзеці разам з валанцёрамі ідуць на вуліцу гуляць у футбол, даганялкі, “выбівалы”, “гарачую бульбу”. Там жа праводзяцца масавыя спартыўныя гульні, дзе дзеткі могуць паспаборнічаць паміж сабой або пахварэць за сваю каманду. Калі ж надвор’е дрэннае, хлопчыкі і дзяўчынкі, знаходзячыся ў кабінеце, малююць, гутараць, ствараюць вырабы, займаюцца арыгамі. Усё заканчваецца ў 14 гадзін. Маленькіх дзяцей забіраюць бабулі ці дзядулі, а старэйшыя ідуць дадому самі. У праграме могуць прымаць удзел усе дзеці мікрараёна, да якога належыць дадзеная школа”.

Гэтак жа ў праграме ўдзельнічаюць дзеці і падлеткі, якія стаяць на розных відах уліках. Іх накіроўваюць удзельнічаць у праекце сацыяльныя педагогі, якія ведаюць, у чым менавіта мае патрэбу канкрэтнае дзіця.

Студэнтка БДПУ імя Максіма Танка Валерыя Лойка (камісар валанцёрскага атрада) прымае ўдзел у праекце ўжо 3 гады запар, пачынаючы з 1 курса. Яна пераканана ў тым, што гэтая практыка дапамагла ёй разабрацца з пытаннямі: “Ці правільна я выбрала ўстанову вышэйшай адукацыі? Ці камфортна мне з дзецьмі?”

Калі студэнт-валанцёр знаходзіць агульную мову з дзецьмі, гэта значыць, што выбар будучай прафесіі ён зрабіў правільна. Спецыфіка гэтага праекта ў тым, што ў ім няма нейкай пэўнай групы дзяцей, як у лагеры, напрыклад. І галоўная задача валанцёра — знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, таму што ўсе яны вельмі розныя, а таксама аб’яднаць хлопчыкаў і дзяўчынак, зрабіць іх дзень яркім і запамінальным.

У будучыні арганізатары праекта хочуць, каб праграма распаўсюдзілася на ўсе раёны Мінска, каб яна ахапіла больш школ і было задзейнічана больш валанцёраў і дзяцей. У перспектыве педуніверсітэт хоча далучыць да праекта і іншыя УВА краіны, пачаць супрацоўнічаць з арганізацыямі і працягваць дарыць дзецям летняе шчасце.

Лізавета КАСТЭНКА.
Фота аўтара.