Дзівосныя рэчы з бабулінага куфра

стануць куды больш зразумелымі, калі іх сапраўднае прызначэнне растлумачаць школьнікі-экскурсаводы

Першыя невялікія сувенірныя дыванкі ўжо выйшлі з-пад кроснаў юных майстрых з гомельскай сярэдняй школы № 9. Ім старажытнае рамяство паказала прафесійная гомельская ткачыха Любоў Зайдак. Між тым сам ткацкі станок у Гомель прыехаў з Брэстчыны. Яго, а яшчэ калыску і драўляны ложак з малой радзімы прывезла дырэктар гэтай школы Ліна Баровіч. Дарэчы, яе саму прасці і ткаць у дзяцінстве вучыла бабуля. Казала: дзяўчына павінна наткаць не менш за 70 ручнікоў, каб імі абвязаць кожнага госця на сваім вяселлі.

Іншыя экспанаты “прыходзілі” ў навучальную ўстанову на працягу 30 гадоў, і ў іх была пастаянная прапіска ў кабінеце беларускай мовы, дзе гаспадыня — настаўніца Валянціна Тоцікава. Аднак нарэшце там стала цесна. Такім чынам было прынята рашэнне аб арганізацыі асобнага музейнага пакоя ў школе. Зазірнуць у “Бабулiн куфэрак” цяпер можа кожны.

Убачыць там можна шмат цікавых знаёмых і незнаёмых рэчаў. Дарэчы, васьмікласнікі, якія выступаюць у якасці экскурсаводаў, не толькі пакажуць, але і патлумачаць, для чаго і як выкарыстоўваліся пралка, грабяні, рубель, таўкач, чапяла, начоўкі ці маслабойка…

— Ох, складаная гэта была справа — масла з малака зрабіць! — успамінае дырэктар установы адукацыі Ліна Баровіч. — Але бабуля была ўпэўнена, што нам, дзецям, трэба навучыцца ўсім звычайным вясковым справам.

Атмасфера сялянскага побыту беларусаў пачатку XX стагоддзя натхняе і прываблівае. У музейным пакоі “Бабулiн куфар” прадстаўлена каля 100 старадаўніх прадметаў. Знайшлося тут месца і патэфону, які доўга захоўваўся ў чамадане — забыты на верхняй паліцы шафы аднаго з кабінетаў школы.

— Людзі прыносілі рэчы пастаянна, — расказвае настаўніца Валянціна Тоцікава. — Такім чынам паступова ў нас стварылася адукацыйна-выхаваўчая прастора.

Ёсць тут старадаўняя мэбля і прылады сельскагаспадарчай працы. Прыклад майстэрства для ткачых — вышываныя беларускімі арнаментамі ручнікі з Веткаўскага, Брагінскага, Буда-Кашалёўскага і Жлобінскага раёнаў. Гэтыя ручнікі, як абрусы і народныя строі, дадаюць каларыту музейнаму пакою, дзе зараз праходзяць не толькі экскурсіі, але і тэматычныя заняткі.

— Вучні пачатковых класаў тут вывучаюць тэму “Мая радзіма — Беларусь”, — працягвае Валянціна Георгіеўна. — Малыя садзяцца на лавы, каб было зручна. Можна праводзіць у гэтым музейным пакоі ўрокі па літаратуры, па гісторыі. Мы з вучнямі збіраемся на заняткі тэатральнага гуртка. Ставім казкі на беларускай мове. Прынамсі, тут ёсць магчымасць ладзіць самыя розныя святы. На адкрыццё, напрыклад, школьнікі падрыхтавалі фальклорную інсцэніроўку. Таксама ў музейным пакоі вучні будуць знаёміцца з народнымі святамі. Плануем праводзіць Гуканне вясны, Купалле, Дажынкі, Каляды… А зараз рыхтуем вячоркі — ёсць сцэнарый і толькі што ролі размеркавалі. Заходзьце — разам паспяваем!

Ірына АСТАШКЕВІЧ.