Дзмітрый Ігнатчык — пра задачы, якія сістэма адукацыі Драгічыншчыны ставіць на новы навучальны год

- 10:37Планерка

Пра здабыткі мінулага навучальнага года і задачы на новы карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Драгічынскага райвыканкама Дзмітрый Ігнатчык.

— Калі коратка, што сабой уяўляе адукацыйная прастора Драгічыншчыны?

— Гэта 41 установа адукацыі: адна базавая і 18 сярэдніх школ, гімназія, 13 дзіцячых садоў, спецыяльная школа-інтэрнат, дзіцячы аздараўленчы лагер, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і інш. 1 верасня ўсе яны гасцінна расчынілі дзверы для больш як 4 тысяч школьнікаў і адной тысячы дашкольнікаў.

— З якімі вынікамі сістэма адукацыі Драгічыншчыны скончыла мінулы навучальны год і якія задачы ставіць на новы?

— Мінулы навучальны год быў даволі паспяховым для сістэмы адукацыі нашага раёна: 30 выпускнікоў атрымалі атэстат з адзнакай і ­ўзна­гароджаны залатымі медалямі; на цэнтралізаваных экзаменах адзінаццацікласнікі атрымалі 3 стабальныя вынікі, 53 — 90 і вышэй балаў, а 14 школьнікаў — 90 і больш балаў адразу па 2 вучэбных прадметах. Студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі сёлета сталі 63% выпускнікоў.

Ёсць чым пахваліцца і ў алімпіядным руху. На рахунку школьнікаў Драгічыншчыны — 15 дыпломаў, атрыманых па выніках алімпіяд і конкурсаў даследчых работ абласнога ўзроўню, 2 — рэспубліканскага, 1 — міжнароднага.

Галоўная задача на новы навучальны год — павышэнне якасці ідэалагічнай і выхаваўчай работы, выхаванне дастойных грамадзян і патрыётаў краіны. Сярод іншых — арганізацыя бяспечных умоў адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, ажыццяўленне бесперапыннага прафесійнага росту педагагічных кадраў. Патэнцыялу для вырашэння гэтых задач дастаткова.

— Наколькі падрыхтаванай сістэма адукацыі раёна падышла да новага навучальнага года?

— Зроблена, як заўсёды, шмат. Педагогі, бацькі дзяцей і шэфскія арганізацыі добра разумеюць важнасць гэтага пытання.

Праводзіўся касметычны рамонт будынкаў устаноў адукацыі і вучэбных класаў, добраўпарадкоўваліся тэрыторыі школ і дзіцячых садоў, правяраліся спартыўныя аб’екты і інжынерныя сеткі.

Завяршаецца капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі адной з сельскіх школ. Абноўлена тэхналагічнае абсталяванне школьных сталовых, закуплены спартыўны інвентар і надворнае абсталяванне для дзіцячых садоў. Парк школьных аўтобусаў папоўніўся новым транспартам.

— Колькі маладых спецыялістаў прысту­пілі да работы 1 верасня і наколькі актуальная для рэгіёна праблема з педкадрамі?

— У адукацыйным і выхаваўчым працэсе на Драгічыншчыне задзейнічаны больш за 900 педагогаў. Усе ўстановы забяспечаны кваліфікаванымі педкадрамі. Сярод іх — 2 настаўнікі-метадысты, 3 выдатнікі адукацыі, а таксама фіналісты і пераможцы розных этапаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Сёлета дружную педагагічную сям’ю Драгічынскага раёна папоўнілі 5 маладых спецыялістаў. Што да кадравых праблем, то ў рэгіёне ёсць патрэба ў выхавальніках дашкольнай адукацыі, педагогах-псіхолагах і сацыяльных педагогах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ