Дзмітрый Парцянка: каб выпускнікі вярталіся на малую радзіму, важна стварыць годныя ўмовы для працы і жыцця

- 9:01Планерка

Пра падрыхтоўку да летняй аздараўленчай кампаніі і забяспечанасць раёна педагагічнымі кадрамі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Докшыцкага райвыканкама Віцебскай вобласці Дзмітрый Парцянка.

Ёсць куды развівацца

— У Докшыцкім раёне 30 устаноў адукацыі, з іх 11 устаноў агульнай сярэдняй і 14 — дашкольнай адукацыі, СПЦ, ЦКРНіР, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, цэнтр дзяцей і моладзі, — пачынае размову Дзмітрый Данілавіч. — У нас 2244 навучэнцы — гэта сярэдні паказчык па Віцебскай вобласці, і каля 700 выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі. Хачу адзначыць раённы цэнтр дзяцей і мола­дзі, каля 80 аб’яднанняў па інтарэсах якога наведваюць звыш 1000 навучэнцаў, а 3 калектывы ўстановы дадатковай адукацыі маюць званне ўзорных. Лічу, што сёння дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі не менш важная, чым вучэбная дзейнасць. Падкрэслю, што мы змаглі захаваць гурткі тэхнічнай творчасці, у тым ліку тэхнічна-спартыўныя (картынг, авіямадэляванне), развіваем новыя напрамкі, у тым ліку робататэхніку. Актыўна задзейнічаем у гуртковай дзейнасці дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, якім неабходна асаблівая педагагічная ўвага.

— З якімі поспехамі падыходзіце да завяршэння навучальнага года?

— Думаю, што адзін са складнікаў нашай работы, — удзел у рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. У нас сёлета 4 пераможцы абласнога этапу: двое навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Докшыц і двое з невялікай Порплішчанскай сярэдняй школы — па працоўным навучанні і беларускай мове і літаратуры. У мінулыя гады было крыху лепш, аднак для сельскага раё­на не так і дрэнна, ёсць куды развівацца. Другі складнік — удзел у рабоце Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка: шасцёра нашых навучэнцаў ужо прайшлі ўсе адборы і ўдзельнічалі ў адукацыйных зменах. Дзеці развіваюцца, атрымліваюць больш шырокія веды па напрамках, якія выбралі, адбываецца прафарыентацыя навучэнцаў.

У раёне створана сур’ёзная база для профільнага навучання, у трох школах працуюць агракласы, профільныя групы педагагічнай накіраванасці дзейнічаюць у 4 школах, адкрыта група прававой накіраванасці ў сярэдняй школе № 2 Докшыц. У 11-х класах сёлета ў нас 113 выпускнікоў, 8 навучэнцаў прэтэндуюць на атрыманне залатога медаля, у мінулым годзе каля 80 працэнтаў выпускнікоў паступілі на выбраныя імі спецыяльнасці. Чакаем прыблізна такіх жа вынікаў і ў бягучым годзе.

— Ці вяртаюцца вашы выпускнікі на работу ў раён?

— Калі гаварыць пра педагагічных работнікаў, то летась у нас прыступілі да работы 6 маладых спецыялістаў, трое з іх вучыліся па мэтавым накіраванні. У мінулым навучальным годзе на педагагічныя спецыяль­насці паступілі 19 чалавек, прычым 9 з іх — па мэтавых накіраваннях. У бягучым годзе 5 выпускнікоў аформілі дагаворы на мэтавую падрыхтоўку, работа ў гэтым кірунку працягваецца. Замацаванасць маладых спе­цыялістаў складае каля 75 працэнтаў. Пра­цуем сумесна з мясцовымі ўладамі, каб стварыць маладым спецыялістам добрыя ўмовы для працы і жыцця, абавязкова прапануем пакой у інтэрнаце для іншагародніх.

Актыўнасць — у патрэбнае рэчышча

— Як у раёне плануецца арганізаваць летняе аздараўленне навучэнцаў?

— З году ў год мы праводзім вялікую падрыхтоўчую работу да гэтай кампаніі. На балансе аддзела па адукацыі раёна ёсць кругласутачны лагер “Бярозка” на базе закрытай сельскай школы, дзе традыцыйна дзеці праводзяць 3—4 змены па 80—100 чалавек. Мінулым летам мы ўпершыню на базе лагера першую змену сумясцілі са зборамі па дапрызыўнай падрыхтоўцы для дзесяцікласнікаў, дзецям і іх бацькам такое сумяшчэнне вельмі спадабалася. Мы далучылі да работы з дзецьмі супрацоўнікаў МНС, МУС, ваенкамата. Сёлета плануем паўтарыць гэты вопыт. Акрамя таго, плануецца работа 34 лагераў рознага тыпу. Кантрольныя лічбы аздараўлення ў раёне — 720 дзяцей, мы іх, часцей за ўсё, перавышаем. Будуць адкрыты легеры працы і адпачынку, 9-дзённыя профільныя летнікі, лагеры дзённага знаходжання, тэматычныя па профілях — экалагічны, духоўна-маральны, спартыўна-працоўны і г.д. Стараемся, каб у лагерах працы і адпачынку аздаравіліся падлеткі падуліковых катэгорый, нам важна арганізаваць іх занятасць, а іх актыўнасць накіраваць у патрэбнае рэчышча. Прычым вельмі часта гэта дзеці з малазабяспечаных сем’яў, таму магчымасць зарабіць уласныя грошы для іх важная. Лагеры працы і адпачынку будуць адкрыты ў гарадскіх і сельскіх школах (нават больш у сельскіх), дзеці будуць выконваць рамонтныя работы, даглядаць расліны. Напрыклад, на тэрыторыі Порплішчанскай сярэдняй школы ёсць дэндрапарк — помнік прыроды мясцовага значэння, дзеці будуць даглядаць там дрэвы і кусты.

— Як наладжваеце адносіны з са­цыяльнымі партнёрамі? У чым бачыце перспектывы такога супрацоў­ніцтва?

— Наладжана супрацоўніцтва не толькі з мясцовымі гаспадаркамі, але і з ляс­гасам, дзеці працуюць у лясніцтвах. Сёлета мы запланавалі арганізаваць адзін з лагераў працы і адпачынку для работы на торфапрадпрыемстве. Мы аказваем дапамогу мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемствам, яны ў сваю чаргу аказваюць установам адукацыі спонсарскую дапамогу і дапамагаюць у прафарыентацыйнай рабоце. Кіраўнікі мясцовых гаспадарак прыхо­дзяць у нашы школы, навучэнцы бываюць на фермах і г.д. Гэта робіцца, каб дзеці дакладна ўяўлялі, куды яны могуць уладкавацца на работу пасля заканчэння ўстановы адукацыі.

— Сельскіх дзяцей цікавіць праца на зямлі?

— Лічу, што, каб дзеці былі зацікаўлены, павінны быць створаны дастойныя ўмовы працы. У сувязі з гэтым мы стараемся вывозіць нашых навучэнцаў на экскурсіі на прадпрыемствы не толькі Докшыцкага раёна, а і на лепшыя прадпрыемствы краіны. Нядаўна была арганізавана паездка ў агракамбінат “Дзяржынскі”. Дзецям спадабаліся ўмовы працы на камбінаце і дастойная зарплата работнікаў.

Па знакавых месцах

— Якія паездкі для навучэнцаў арганізоўваеце на працягу года?

— Нашы дзеці наведваюць установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Мінску, Віцебску, Полацку. Стараемся паказаць прыродныя і культурныя багацці нашай краіны — ездзім па ўсёй Беларусі. Каля 90 працэнтаў навучэнцаў наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Упор робім і на наведванне знакавых месцаў Докшыцкага раёна. Наш раён валодае прыроднымі багаццямі, узяць толькі Бярэзінскі біясферны запаведнік, які часткова размешчаны на тэрыторыі Докшыцкага раёна. Мы паказваем дзецям помнікі прыроды (Сцёп-камень, Мядзведзь-камень) і архітэктуры, бо ў нас захаваліся старжытныя царкоўныя збудаванні, створаныя без адзінага цвіка. Цікавыя дзецям Бягомльскі музей народнай славы, мемарыяльны комплекс “Шунеўка” на месцы спаленай у вайну вёскі.

— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі планамі на найбліжэйшыя гады. Што хацелася б зрабіць у сістэме адукацыі раёна?

— Хочацца ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, хочацца пашырыць магчымасці для сельскіх школьнікаў у дадатковай адукацыі: арганізаваць новыя аб’яднанні па інтарэсах, якія будуць карыстацца папулярнасцю ў вясковых навучэнцаў. Калі гаварыць пра прыклады, то мы выстаўляем каманду па картынгу і спаборнічаем з камандамі Полацка, Оршы, Лепеля. У іншых раёнах вобласці гэты напрамак  развіваецца значна менш. А мы яго захавалі для нашых дзяцей.

У душы я заўсёды застаюся настаўнікам фізічнай культуры, таму мне вельмі хацелася б развіцця спартыўнай базы ва ўстановах адукацыі раёна. У гэтым плане робіцца многае, усталёўваюцца новыя спартыўныя пляцоўкі ў гарадскіх школах, аднак хацелася б такога ж узроўню і для сельскіх школ. Ёсць неабходнасць у абнаўленні вулічнай спартыўнай базы ў сельскіх установах адукацыі.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара