Дзмітрый СВІРЫДАЎ: “Шчасце нельга запраграмаваць”

- 12:53Моя школа

Напярэдадні Дня навукі госцем праекта “Мая школа” стаў вядомы педагог і навуковец, аўтар больш як 400 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій, 6 вучэбных дапаможнікаў, 25 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, дэкан хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрый Вадзімавіч СВІРЫДАЎ.

— Дзмітрый Вадзімавіч, раскажыце, калі ласка, пра вашы школьныя гады.

— Мне вельмі пашанцавала са школай. Школьныя гады прайшлі ў цяпер ужо добра вядомай сярэдняй школе № 19 Мінска, якая ў 2019 годзе адзначыла 100-гадовы юбілей.

У другой палове 60-х гэта была звычайная сярэдняя школа, і я трапіў туды выключна тэрытарыяльна, бо яна была найбліжэй­шай да нашага дома (а ўжо праз 8 гадоў у нашу школу сталі вазіць дзяцей з усяго горада). Да таго моманту, калі я дабраўся да ключавых 8—9—10-х класаў, у школе ўжо былі і фізіка-матэматычныя, і гуманітарныя класы — стаў акрэслівацца адметны імідж навучальнай установы.

Маці расказвала, што перад тым, як я пайшоў у школу, яна запыталася ў некага з адміністрацыі, чым 19-я школа адрозніваецца ад іншых, і была крыху здзіўлена, пачуўшы, што школа мае “шматабяцальны” баскетбольны ўхіл. (Смяецца.)

Будынак школы быў стары з вялізнымі новымі прыбудовамі і  нагадваў мне школу з фільма “Прыгоды Элек­троніка”. У той жа час у школе адчуваўся моцны дух і надзвычайны прафесіяналізм настаўнікаў.

Я не вельмі добра памятаю сваю першую школьную лінейку. Нешта ўспа­мінаецца, калі разглядаю фотаздымкі з дамашняга архіва, але, на маю думку, наваспечаны школьнік адчувае ўсё не так востра, як яго бацькі. Магчыма, гэта не столькі свята, колькі нейкi “фазавы пераход” і для бацькоў, і для дзіцяці. Але, нягледзячы на гэта, я ўпэўнены, што школа — гэта адзін з найважнейшых момантаў жыцця чалавека і станаўлення яго як асобы і прафесіянала. Гады, праведзеныя ў школе, былі вельмі важнымі для маёй будучыні.

Увогуле, светлае вясёлае дзяцінства — гэта велізарны падарунак, які сям’я можа прадаставіць дзіцяці. У той жа час у дзіцячыя і раннія юнацкія гады школа закладвае падмурак далейшага развіцця.

Дзіма Свірыдаў (справа) у першы школьны дзень 1 верасня 1967 года.

— Наколькі камфортна вам было ў школе? Ці падтрымліваеце сувязі з аднакласнікамі?

— Я схільны пагадзіцца з тым, што школьны клас — гэта штучна створаны калектыў, але мой клас тут быў хутчэй выключэннем. Мне пашанцавала двойчы. Першы раз пашчасціла трапіць у 19-ю школу, а другі — калі я апынуўся ў моцным калектыве нашага класа, касцяк якога сфарміраваўся яшчэ ў пачатковай школе. Вядома, нехта прыходзіў, нехта сыходзіў па розных прычынах, але ядро — 10—12 “ветэранаў педагагічнага працэсу” — былі адны і тыя ж. Мы добра сябравалі і да апошняга часу мелі зносіны. Зараз не падтрымліваем шчыльных кантактаў, але цёплыя ўспаміны пра кожнага свайго аднакласніка я шаную як адзін з галоўных маіх здабыткаў. З некаторымі аднакласнікамі даводзіцца су­стракацца па прафесійных справах.

Напрыклад, на сустрэчы кіраўніцтва саветаў па абароне дысертацый у Вышэйшай атэстацыйнай камісіі вельмі прыемна ба­чыць Аляксандра Ластаўку, прафесара, доктара медыцынскіх навук і цудоўнага хірурга. І кожная з такіх сустрэч вельмі цёплая і важная. У лёсах маіх аднакласнікаў не было анамальных гісторый. Усе змаглі рэалізаваць сябе ў розных сферах і дасягнуць прафесійных вяршынь.

— Хто з вашых школьных настаўнікаў пакінуў найбольшы след у вашым жыцці?

— У школьныя гады, на мой погляд, для паспяховай рэалізацыі дзіцяці павінны супасці тры фактары. Найперш, гэта спрыяльная і творчая атмасфера навучальнай установы. Па-другое, трывалыя і дружалюбныя адносіны ў класе. І ёсць яшчэ адзін момант, які нічым не можа быць кампенсаваны, — наяўнасць высакакласнага педагога-каталізатара, які можа распазнаць інтарэсы вучня і даць штуршок для іх развіцця. Гэта можа быць абсалютна любы педагог: трэнер па шахматах, настаўнік фізікі, біялогіі ці хіміі.

Для мяне такім Настаўнікам стаў Аляксандр Маркавіч Фельдман, які выкладаў у нашым класе матэматыку ў старшай школе. Ён шмат зрабіў для нас з пункту погляду фарміравання ў нас прыроды даследчыкаў у галіне прыродазнаўчых навук. Ён быў адным з ключавых педагогаў 19-й школы не толькі ў матэматыцы.

Матэматыка — найважнейшы элемент любога даследавання, і Аляксандр Маркавіч змог выхаваць у нас сур’ёзныя адносіны да навукі, сфарміраваў логіку рашэння задач. Як гэта яму ўдавалася, я не ведаю, але менавіта ў гэтым яго безумоўны, абсалютны талент. І да гэтага часу я лічу яго выбітным педагогам, якому павінна быць удзячна вялікая колькасць людзей, якіх ён навучыў думаць на прыкладзе матэматыкі. Сярод яго вучняў — загадчыкі кафедр, кандыдаты і дактары навук, вядомыя вучоныя, пра­грамісты…

Яшчэ калі я быў школьнікам, лічыў А.М.Фельдмана вельмі сталым чалавекам, але і сёння — а сёлета яму споўніцца 84 гады — ён займаецца педагагічнай дзейнасцю і знаходзіцца ў страі. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць Аляксандра Маркавіча з днём нараджэння, які ён будзе святкаваць праз 2 тыдні, пажадаць яму здароўя, доўгай педагагічнай актыўнасці і плёну.

Першакурснік Дзмітрый Свірыдаў з бацькам.

— Фактычна ён абудзіў у вас прагу да даследаванняў?

— У кабінеце матэматыкі над дошкай было размешчана выказванне французскага вучонага-энцыклапедыста Жана Д’Аламбера: “Працуйце, працуйце — а разуменне прыйдзе потым”. Гэта падсвядома наводзіла на думку, што ты павінен разабрацца ў тым, што табе выкладаюць. Калі было незразумела, што тлумачыў настаўнік і што было напісана ў падручніку, шукаў іншыя кнігі і чытаў, як пра тое ж самае пішуць іншыя людзі. Пацвярджэннем разумення было рашэнне задач: калі ты змог рашыць задачу — ты асвоіў матэрыял і дасягнуў разумення. Толькі так і не інакш. І гэты ланцужок ідэальны, але не зусім школьны — хіба што для вучняў старшых класаў. Такая тэхналогія засваення матэрыялу больш прыдатная для выкарыстання ў вышэйшай школе.

— Хто з настаўнікаў яшчэ запомніўся?

— Адной з праблем, якая ўзнікае ў сучасных гімназіях, з’яўляецца адсутнасць нейкага “схаванага дыферэнцыравання”, пры якім гуманітарныя прадметы не становяцца вярыгамі на нагах тых, хто выбраў фізіка-матэматычны профіль, і наадварот.

З гэтай нагоды добрым словам хачу ўспомніць нашага класнага кіраўніка Нэлі Рыгораўну Спрышан. Яна шмат зрабіла для таго, каб мы маглі, як цяпер кажуць, “выбудаваць свой уласны профіль” у вучобе. І ў мяне адчуванне, што ў такой ідэальнай сітуацыі я і вучыўся.

У мае школьныя гады ў нашай школе з’явілася ЭВМ, і, вядома, нас вучылі пра­грамаванню тады, калі яно не выкладалася яшчэ амаль нідзе. І я, вучань 9 класа, у 1974 го­дзе мог пісаць і запускаць маленькія праграмы на ЭВМ “Мінск-32” і
“ЕС-1020”.

— Нават пры высокай інфармаванасці старшакласнікі часам аказваюцца перад цяжкім выбарам далейшага жыццёвага шляху. Як працэс самаасэнсавання праходзіў у вас?

— Я вырас у шчаслівай сям’і, якая не маг­ла не аказаць на мяне пэўнага ўплыву. Але тое, чым я зараз займаюся, не з’яўляецца спадчынным бізнесам. Я проста хацеў займацца навукай.

Ішлі 60-я гады. Да таго часу, пакуль не нарадзілася дачка і я не стаў чытаць ёй кнігі, я вельмі дрэнна арыентаваўся ў казках. Замест казак у дзяцінстве чытаў навукова-фантастычныя апавяданні са зборніка Айзека Азімава “Я, Робат”, таму магу адносіць сябе да прадстаўнікоў так званага тэхналагічнага рамантызму 60-х гадоў.

Я разумеў, што, магчыма, асноўная задача, якую я буду вырашаць у жыцці, — самарэалізацыя. Але магчымасці для самарэалізацыі ў нашага пакалення былі спецыфічныя. Калі 300—400 гадоў назад гэта былі геаграфічныя адкрыцці, то зараз актуальным, з аднаго боку, з’яўляецца не заваяванне прыроды, а яе разуменне. З другога боку, прагрэс навукі, які мы назіраем у апошнія дзесяцігоддзі, зачароўвае, і зачароўваць ён пачынаў ужо тады.

Студэнцкія гады. У цэнтры — Дзмітрый Свірыдаў, справа ад яго — даўні сябар Сяргей Вязоўкін, сёння прафесар Універсітэта штата Алабама.

— Раскажыце, калі ласка, пра вашых бацькоў.

— Мой бацька, Вадзім Васьевіч Сві­рыдаў, — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар хімічных навук. Шмат часу ён працаваў на хімічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, загадваў кафедрай, а таксама ўзначальваў НДІ хімічных праблем БДУ (дарэчы, на будынку хімічнага факультэта БДУ ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар). Тата з’яўляецца стваральнікам самай шматлікай у гісторыі хіміі школы: за сваё жыццё ён падрыхтаваў 76 кандыдатаў і дактароў навук. Многія з іх працягваюць працаваць і цяпер, складаючы вялікую частку калектыву актыўных хімікаў нашай краіны і замежжа.

У лёсе майго бацькі школа таксама ады­грала вельмі вялікае значэнне. Ён вучыўся
ў сярэдняй школе № 42, яны з аднаго выпуску з Жарэсам Алфёравым. Той выпуск увогуле быў адметны: чацвёра сталі дырэктарамі навукова-даследчых інстытутаў. І, колькі жыў, тата добрым словам успамінаў сваю школу.

Мама, Рэма Мiкалаеўна, таксама была хімікам. Яна скончыла хімічны факультэт і працавала ў Акадэміі навук. Яна для мяне таксама ўзор прафесіянала. Напрыклад, мала хто можа параўнаць сябе з ёй па колькасці вынаходстваў. Час ад часу гляджу на стос аўтарскіх пасведчанняў (так у савецкія часы называлі патэнты) і ганаруся тым, што мама і тата былі актыўнымі навуковымі су­працоўнікамі.

— Няўжо абышлося без прафесійнага ўплыву бацькоў-хімікаў?

— Бацькі ніколі не аказвалі на мяне непасрэднага ўплыву, каб я выбраў пэўную кар’еру. Хаця жыццё ў сям’і хімікаў не магло не накласці свой адбітак. Тата стаў загадчыкам кафедры хімфака, калі мне было 5 гадоў, і я ўсё жыццё назіраў за ўсім працэсам знутры.

Ніколі для мяне не ставілася задача быць такім, як яны. І тое, што я пайшоў па іх слядах, зусім не вынік хітрага плана маіх бацькоў: гэта быў мой самастойны выбар, які абапіраўся на выхаванне і пэўны імпрынтынг.

Я быў упэўнены, што хачу займацца прыродазнаўчымі навукамі, — навука, як і прырода, з’яўляецца пэўным выклікам для чалавека. Зразумець механізмы яе работы, прыручыць іх — гэта вялікі інтэлектуальны подзвіг і велізарнае задавальненне. Каб рэакцыя ішла так, як трэба, каб вынайдзены матэрыял валодаў запланаванымі ўласцівасцямі…

Нягледзячы на падлеткавы ўзрост, да выбару профілю навучання я падышоў дастаткова рэалістычна, але ў той жа час вельмі наіўна. Я лічыў, што займацца фізікай бу­дзе складана ў нашых умовах, бо для заняткаў патрэбны, як мне здавалася, вялікія ўстаноўкі: паскаральнікі ці рэактары, а ў нас у той час іх не было. Класічная біялогія (малекулярная біялогія тады толькі нараджалася) мяне не цікавіла. Таму метадам выключэння заставалася хімія — у першую чаргу як навука аб матэрыялах.

Даследчая група А.І.Кулака. У ніжнім радзе злева направа: А.І.Кулак, Я.А.Стральцоў (сёння доктар хімічных навук, загадчык кафедры электрахіміі), Д.В.Свірыдаў.

— Як рыхтаваліся да паступлення ва ўніверсітэт?

— Умовай паступлення на хімфак, якую я сам для сябе вызначыў, было атрыманне залатога медаля ў школе. Гэта была вельмі няпростая справа, таму што ў наш выпуск на залаты медаль прэтэндавала каля двух дзясяткаў выпускнікоў, а аддзел адукацыі такога дазволіць не мог. У той час, каб вучыцца ў 19-й школе, дзеці ездзілі з усяго горада, і вы можаце ўявіць, які моцны быў наш выпуск. Працаваць прыйшлося вельмі многа.

У мяне было класічнае дзяцінства з усім тым, што мы можам убачыць у папулярным кіначасопісе “Гармідар” і што не так часта сустракаецца ў дзяцінстве сучаснага пакалення дзяцей. Час з 1 па 7 клас быў перыядам, ад якога засталіся вельмі цёплыя і сонечныя ўспаміны. Я не быў выдатнікам, быў, як тады казалі, “цвёрдым харашыстам”. Вучобе сябе цалкам не аддаваў, было шмат вольнага часу, і я траціў гэты час на чытанне і сустрэчы з сябрамі.

У 8 класе я ў адзін момант адчуў, што дзяцінства заканчваецца, што наперадзе чакае сур’ёзнае жыццё і нешта трэба рабіць. Я разумеў, што ў нейкіх момантах шмат недапрацоўваю, таму змог сабрацца і апошнія тры школьныя гады засяродзіўся на вучобе. І гэта было правільна.

Ёсць рэчы, якія чалавек павінен рабіць сам. “Гвалт” над самім сабой прынясе задавальненне толькі тады, калі ён не прыйшоў збоку, нават пры станоўчым выніку. Перамога над самім сабой — самая салодкая перамога. Калі ты не прымеш рашэнне сам і не ўпэўнішся, што твая будучыня зале­жыць толькі ад самога цябе, нічые намаганні не дапамогуць.

Можна нават апраўдаць некаторыя перыяды бяздзеяння і лёгкіх адносін да жыцця, але толькі ў тым выпадку, калі ў патрэбны момант наступае працверажэнне. Хімікі ў цэлым гэта разумеюць больш востра, таму што іх дзейнасць звязана з тым ці іншым узроўнем небяспекі. На хімфак прыходзяць матываваныя абітурыенты. Зрэдку трапляюць сюды і піраманы-эксперыментатары, у якіх ціка­васць да хіміі ў дзяцінстве праяўлялася ў тым, каб нешта падпаліць ці ўзарваць, і ад гэтага колькасць пальцаў на іх руках значна меншая за 10. Я ў дзяцінстве таксама цікавіўся гэтым, таксама запускаў ракеты, адна з якіх узарвалася пад “Волгай” загадчыка кафедры арганічнай хіміі ў двары нашага дома. (Смяецца.)

Да чаго я гэта кажу? Я жыў звычайным паўнавартасным жыццём, але ва ўсім і заўсёды павінна быць мяжа, якую нельга пераступаць і пра якую варта ведаць з самага дзяцінства. І ў той момант, калі ты пачынаеш расціраць салетру з цукровай пудрай, павінен адчуваць, што гэта небяспечна.

Пасля абароны дысертацыі.

— Ісці вучыцца на хімфак, калі твае бацькі-хімікі там вучыліся, — гэта не самазабойства?

— Сапраўды, выбар быў надзвычай складаны, бо я разумеў, што ўвесь час мяне калі і не будуць параўноўваць з бацькамі, то як мінімум будуць праяўляць асаблівую ўвагу.

Мой партрэт, які склаўся ў выніку нашай размовы, прадугледжвае, што я, цікавячыся хіміяй, павінен быў у падвале дома стварыць хімічную лабараторыю і праводзіць там эксперыменты. (Смяецца.) Але на хімфаку я быў… галоўным мастаком дзён хіміка і намаляваў сотні гумарыстычных малюнкаў, потым пісаў сцэнарыі і актыўна ўдзельнічаў у студэнцкім жыцці.

— Хто вас увёў у вялікую хімію?

— Вядома, перш за ўсё мой бацька, мая сям’я. У самым раннім дзяцінстве я прачытаў аповесць братоў Стругацкіх “Панядзелак пачынаецца ў суботу”, якая мае падзагаловак  “Казка для навуковых супрацоўнікаў малодшага ўзросту”. Там паказаны фантастычны інстытут, але атмасфера, якая там апісваецца, — гэта атмасфера маладых навуковых устаноў 50—60-х гадоў, і мне давялося працаваць менавіта ў такой групе.

У мяне ёсць сябар, з якім пасля, праз шмат гадоў, мы нават адначасова выбіраліся ў члены-карэспандэнты Акадэміі навук. З ім я пазнаёміўся на 1 курсе, далучыўшыся да яго даследчай групы. Гэта сённяшні дырэктар Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар Анатоль Кулак. У яго групе я вырас як навуковец, пад яго кіраўніцтвам абараніў дысертацыю. Гэтая даследчая група аказала вялікі ўплыў на мой светапогляд і станаўленне як вучонага. У ёй была атмасфера лёгкасці, свята і адначасова сур’ёзных адносін. І я ўдзячны лёсу, што некалі далучыўся да яе.

— Такім чынам, атрымліваецца, што з хімічным факультэтам у вас звязана амаль усё жыццё.

— З універсітэтам у мяне вельмі глыбокая сувязь. Яна пачалася ледзь не з самага нараджэння. Калі кожную раніцу я прахо­джу паблізу ўніверсітэцкага інтэрната, што на вуліцы Свярдлова, то паглядаю на яго вокны і ведаю, што гэта мая малая радзіма: тут прайшоў першы год майго жыцця і менавіта сюды мяне прывезлі з трэцяга мінскага раддома.

Я вельмі ганаруся тым, што бачыў тых людзей, энтузіястаў і падзвіжнікаў, якія стварылі хімічны факультэт, зрабілі яго такім, якім мы яго ведаем зараз. Ён быў адным з лепшых хімічных факультэтаў былога СССР. З майго пункту погляду, гэта адзін з самых буйных каштоўных камянёў у кароне Бел­дзяржуніверсітэта, і наша задача сёння — не даць гэтаму каштоўнаму каменю пацьмянець. Мае намаганні на адміністрацыйнай рабоце на працягу апошніх 11 гадоў накіраваны на тое, каб не здрадзіць памяці аб гэтых выбітных людзях.

— Выбраць хімію як навуку — гэта паўсправы. Як і чаму выбралі сваю спецыялізацыю?

— Нельга сказаць чалавеку: “Ты пойдзеш у гэтым кірунку, і будзе табе шчасце”. Шчасце нельга запраграмаваць, таму што заняткі навукай — гэта бесперапынная праверка таго, што ты робіш. Мы вырашаем навуковыя задачы, публікуем навуковыя артыкулы і такім чынам пацвярджаем, што вынікі нашай работы адпавядаюць высокаму навуковаму ўзроўню. Нельга чалавеку даць талент у будучыні. І тут гаворка не ідзе пра нейкія адметныя таленты. Праца вучонага — гэта талент, памножаны на працавітасць, намаганні і ўседлівасць. Захоўваючы вопыт папярэдніх пакаленняў, мы, навукоўцы, вымушаны працаваць усё больш і больш, таму што патрабаванні, якія прад’яўляюцца ва ўсім свеце да вынікаў навуковай дзейнасці, пастаянна ўзрастаюць, і мы ўвесь час павінны адпавядаць ім. Гэта дазваляе падтрымліваць сябе ў актуальным стане, таму фундаментальная навука ў навучальнай установе надзвычай неабходная.

У канцы ХХ стагоддзя навуковая спецыялізацыя пачала знікаць. І гэта ніякім чынам не звязана з узнікненнем сумежных галін навукі. Хімія, якой займаюся я, была б, магчыма, малапазнавальнай для хіміка 50-гадоў ХХ стагоддзя. Напрыклад, медаль “Памяці акадэміка М.М.Эмануэля”, які прысвойваецца Расійскай акадэміяй навук і Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В.Ламаносава, я атрымаў за дасягненні ў галіне хімічнай і біяхімічнай фізікі. Сёння стыкі навуковых галін становяцца ўмоўнымі, а класіфікацыя выкарыстоўваецца для зручнасці.

У нас на вачах хімія прайшла велізарную мутацыю. З амаль сузіральнай навукі яна ператварылася ў навуку стваральную. Сёння мы займаемся распрацоўкай новых матэрыялаў i біялагічна актыўных злучэнняў, якія ствараюцца для вырашэння тых ці іншых задач. У прыватнасці, сёння я займаюся распрацоўкай сістэм, што ўяўляюць сабой маленькія кантэйнеры, якія могуць выпускаць сваё змесціва ў залежнасці ад таго, што адбываецца навокал: напрыклад, рэагуюць на развіццё каразійнага працэсу ці выпускаюць лекі пры асвятленні. Таксама цікавасць уяўляюць акумулятарныя сістэмы, якія назапашваюць энергію ўльтрафіялетавага выпраменьвання, а потым выкарыстоўваюць яе для прадуцыравання ў цемры, напрыклад, пераксіду вадароду, які забяспечвае стэрыльнасць паверхні.

Тым, што ў наш час сталі называць нанахіміяй, займалiся ў сценах БДУ вельмі даўно. Толькі назва была іншая — хiмiя ўльтрадысперсных матэрыялаў. Так што вопыт такіх распрацовак у нас вельмі вялікі, і зараз мы знаходзімся ў трэндзе сучаснай навукі.

— Ці ёсць у вас любімыя заняткі, хобі? Як бавіце вольны час?

— Акрамя навукі, зараз займаюся яшчэ навукова-арганізацыйнай дзейнасцю. Кожная з гэтых сфер патрабуе творчага падыходу. Так што ў мяне пастаянна адбываецца змена сфер дзейнасці. І мяне ніколі не турбавала, што ў мяне няма хобі.

Вельмі лёгка стварыць сабе набор хобі, і тады наўрад ці ты зможаш адказаць, хто ты такі. Пра сябе я цвёрда магу сказаць: я хімік, а ўсё астатняе — рэчы, якія нейкім чынам звязаны з хіміяй ці знаходзяцца побач з ёй.

Безумоўна, як любы чалавек, я адпачываю, чытаю, падарожнічаю, але вельмі добра разумею, што задачы, якія сёння стаяць перад навуковай грамадскасцю, патра­буюць поўнай мабілізацыі намаганняў.

Я часта адчуваю, што праводжу сеанс адначасовай гульні. Толькі дошкі ў мяне розныя: на адной — шахматы, на другой — шашкі, а на трэцяй — нарды (смяецца), бо многія праблемы звязаны паміж сабой і вырашэнне адной спрыяе вырашэнню астатніх.

Мэту заўсёды прыходзіцца выбіраць, часам прыносячы пэўныя ахвяры. Бо калі ў цябе няма порта, не мае значэнне, як ты надзімаеш ветразі — усё роўна нікуды не даплывеш. Як гаворыцца ў братоў Стругацкіх, “бязглуздзіца — шукаць рашэнне, калі паказана, што яно і так ёсць”. Сапраўды, значна цікавей рашаць задачу, у якой яшчэ няма рашэння.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота прэс-службы БДУ і з архіва Дзмітрыя Свірыдава.