Дзмітрый ВАРАБЕЙ: “Каб бацькі ганарыліся мной”

Сённяшні госць праекта “Мая школа” — кадравы ваенны, які зусім нядаўна памяняў афіцэрскі мундзір на цывільны касцюм. Пра армейскую службу і педагагічны вопыт расказвае дырэктар Драматычнага тэатра Беларускай арміі Дзмітрый Зігмундавіч ВАРАБЕЙ.

— Дзмітрый Зігмундавіч, у чым была ваша галоўная школа жыцця?

— Жыццё ўвесь час ішло лагічна і паслядоўна, і я ніколі не збочваў з выбранага шляху. Хаця, шчыра кажучы, у 90-я гады былі думкі пайсці з вайсковай службы, як рабілі многія. Тады адбывалася масавае скарачэнне арміі, ды і жылі мы не вельмі — ваенныя зарплаты былі далёкія ад тых, што атрымлівалі людзі, стоячы на рынку.

— Гэта было жыццё дзеля ідэі?

— Мяне так выхоўвалі і ў школе вучылі. Калі ты пачаў нейкую справу — яе трэба скончыць, выбраў нейкі шлях — павінен яго прытрымлівацца. У мяне такі прынцып. Бывала, вазьмуся чытаць кнігу — і на першых старонках разумею, што яна нецікавая. Але няхай я буду яе год чытаць па некалькі старонак, але ўсё ж дачытаю, бо не люблю незавершаных спраў. Да таго ж я, як кажуць, трапіў у сваю прафесію: мне падабалася тое, чым я займаўся, і пры гэтым мне хапала адукацыі, якую я атрымаў.

Я скончыў Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, якое было адзіным у сваім родзе ў Савецкім Саюзе — рыхтавала ваенных журналістаў і спецыялістаў па клубнай рабоце ў арміі. І 10 гадоў аддаў менавіта культуры.

Зараз ужо і не ўяўляю, што мог бы займацца нечым іншым.

У маі мінулага года звольніўся з Узброеных Сіл, але і да гэтага часу застаўся ваенным чалавекам, толькі без пагонаў. Мае рысы характару і навыкі не памяняліся. Магчыма, падыход да вырашэння штодзённых рабочых пытанняў змяніўся: адна справа — загадваць, а іншая — упэўніць чалавека рабіць тое, што патрабуецца.

— Відаць, за час вучобы давялося памяняць шмат школ?

— Я сын афіцэра, таму з-за частых пераездаў, сапраўды, школы мяняў некалькі разоў.

Наша школа была ў ваенным гарадку, і большасць аднакласнікаў — з сем’яў ваенных. Мы бачылі, як служаць нашы бацькі (праўда, даволі рэдка бачылі іх дома), і былі блізка знаёмы з гэтай прафесіяй. І выхаванне было адпаведнае: Радзіму трэба абараняць. Не ўсе з маіх аднакласнікаў выбралі ваенную кар’еру, але іх было дастаткова многа. Час раскідаў нас па свеце, і я часам зайздрошчу тым, хто жыве побач з аднакласнікамі і можа сабрацца, напрыклад, на вечар сустрэчы з выпускнікамі. На сустрэчу выпускнікоў з 60 чалавек, якія вучыліся ў адной паралелі, нас сабралася толькі каля 20.

— З якімі ўспамінамі звязаны ваш першы паход у школу?

— Пачынаў я сваю вучобу ў Чэхаславакіі, дзе тады служыў бацька. Савецкі мотастралковы полк знаходзіўся ў славацкім гарадку Камарна, і ў нашым гарнізоне была пачатковая школа, дзе вучыліся дзеці камандзіраў нашай часці і прыпісаных да Савецкага Дунайскага параходства. Школа размяшчалася ў старым асабняку, які быў спецыяльна выдзелены пад школу. Нас туды вазілі на аўтобусе. У нашай пачатковай школе вучылася аж 10 чалавек, і мы ведалі адно аднаго. Былі 3 класы і 2 настаўніцы. Першакласнікі — нас было трое — вучыліся асобна, а 2 і 3 класы сядзелі ў адным пакоі, але займаліся па розных праграмах.

Першага верасня было вельмі дамашнім: былі і кветкі, і банцікі ў дзяўчат, але без гучных прамоў і фанфар. Да таго ж настаўніцы жылі ў нашым ваенным гарадку, мы іх вельмі добра ведалі. Так што букеты, “выехаўшы” з гарнізона, туды ж і вярталіся.

Увогуле, за мяжой савецкія ваенныя гарнізоны былі адной вялікай сям’ёй. Калі нехта з афіцэрскіх жонак не працаваў, у яе мог збірацца цэлы дзіцячы сад — даглядалі і сваіх, і чужых.

З успамінаў дзяцінства згадваецца, як на святы мы прыходзілі ў часць, нас, як было прынята, ставілі на табурэтку і мы расказвалі салдатам вершы. Служба ў іх была нялёгкая: за агароджу часці выходзіць было нельга — звальненняў ніякіх не было. Жонкі афіцэраў на святы пяклі пірагі, тарты і прыносілі ў салдацкую сталоўку — так было прынята, і ніхто ніколі не адмаўляўся. За свае грошы афіцэрскія гаспадыні куплялі прадукты і гатавалі пачастункі для салдат. І такая, няхай і невялічкая, часцінка дома вельмі іх радавала.

Мне пашчасціла нават пабываць у міжнародным піянерскім лагеры разам з чэхамі, славакамі і палякамі. І тут — а паехалі туды амаль усе гарнізонныя дзеці — і старэйшыя, і малодшыя падтрымлівалі адно аднаго.

Але ў Чэхаславакіі я скончыў толькі першыя 3 класы. Справа ў тым, што ў 4 клас трэба было ехаць за 180 кіламетраў у інтэрнат. Бацькі вырашылі, што мяне лепш адправіць да бабулі з дзядулем. Так я апынуўся ў пасёлку Арэхаўску Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, дзе, дарэчы, у 1927 годзе была пабудавана першая (яшчэ на торфе) беларуская электрастанцыя. У арэхаўскай школе я вучыўся наступныя 2 гады. Вучыцца было няцяжка, але галоўныя школьныя ўспаміны ўсё ж адносяцца да часу навучання ў 21-й бабруйскай школе.

— З чым была звязана перамена школы на гэты раз?

— Бацьку з Чэхаславакіі перавялі ў Бабруйск, і наша сям’я зноў была разам. Тата з маці забралі мяне ад бабулі з дзядулем, і з 6 класа я вучыўся ў Бабруйску. У 21-й школе да гэтага часу працуюць настаўнікі, якія вучылі мяне, а таксама дзяўчаты, што вучыліся разам са мной, а потым настаўніцамі вярнуліся ў сваю школу.
Я падтрымліваю адносіны са сваёй школай, прыязджаў на 65-годдзе, а на стэндзе з выпускнікамі, якімі ганарыцца школа, вісіць мой партрэт. (Смяецца.) Праўда, школе ёсць кім ганарыцца: у ёй вучыўся двухразовы алімпійскі чэмпіён па гандболе Аляксандр Тучкін.

— Якія прадметы даваліся лёгка, а што не любілі?

— Тое, што я пайшоў у культуру, было вельмі дзіўна, бо ў мяне матэматычны склад розуму. Матэматыка, фізіка, хімія даваліся вельмі лёгка — нават займаў прызавыя месцы на гарадскіх алімпіядах.

Быў у маёй школе педагог, які мне вельмі падабаўся, — настаўніца замежнай мовы Святлана Аляксееўна Бурлакова, — але я так і не змог авалодаць англійскай. Мой матэматычны розум катэгарычна не прымаў замежную мову.

А вось з фізікай было інакш: яна мне падабалася, нягледзячы на тое, што ў нас памянялася некалькі настаўнікаў. Сярод іх быў настаўнік (мужчыны, як і зараз, былі рэдкасцю ў школе), які арганізаваў радыёгурток. Хто па тым часе не марыў мець радыёпрыёмнік ці светламузыку! А ў нас была магчымасць самастойна стварыць і спаяць апаратуру. Так мы сталі ладзіць тэматычныя дыскатэкі з паказам слайдаў і аповедамі пра музыку і артыстаў. Гэтае новаўвядзенне было адзначана нават на гарадскім узроўні: з усяго горада збіралі камсамольскі актыў і педагогаў, і мы праводзілі майстар-класы па арганізацыі выхаваўча-забаўляльных мерапрыемстваў.

Успамінаю таксама маладзенькую настаўніцу хіміі, крыху старэйшую за нас дзяўчыну, нядаўнюю выпускніцу інстытута. З’яўленне ў школе прыгожай і статнай настаўніцы падштурхнула ўсіх хлопцаў нашага класа пайсці да яе на факультатыў па хіміі. (Смяецца.) Усе былі закаханыя. А адзін з аднакласнікаў прыходзіў для таго, каб проста паглядзець на яе. “Андрэй, вы ж хоць ва ўпор не глядзіце на мяне”, — рабіла яна, саромячыся, заўвагу свайму вучню.

А вось біялогія зусім не давалася. Ну ніяк не мог зразумець, як у двух белых трусоў можа нарадзіцца чорнае трусяня. Мая логіка давала сур’ёзны збой, таму прыйшлося проста завучваць. На “чацвёрку” ў выніку выцягнуў.

— Ці былі адметнасці ў вашым сямейным выхаванні?

— Маім выхаваннем больш займалася маці, Марыя Мікалаеўна, хаця і яна таксама шмат працавала. Не скажу, што мяне выхавала вуліца, але бацькоў мы бачылі вельмі рэдка. Канечне, першыя гады, калі я і малодшая сястра былі малыя, маці была заўсёды побач.

Менавіта ў тым глыбокім дзіцячым узросце, на маю думку, адбывалася навучанне жыццю праз станоўчыя прыклады. Ды і выхоўвалі ўсе дзяцей, па сутнасці, аднолькава. Гарнізон быў адной сям’ёй: якая-небудзь цётка Маша магла зрабіць мне заўвагу ці даць у карак за нейкую правіннасць, а мая маці магла тое самае зрабіць з чужым дзіцем — і ніхто ні на каго не крыўдзіўся. Аўтарытэт дарослых быў вельмі грунтоўны, і мы марылі паўтараць іх жыццё.

З тых гадоў я імкнуся быць наперадзе ўсіх. Мне заўсёды хацелася, каб бацькі ганарыліся мной. І гэтае жаданне вядзе мяне па жыцці. На жаль, бацька, Зігмунд Альбінавіч, памёр, калі мне было 23 гады, але ён паспеў убачыць мяне лейтэнантам.

Школа таксама моцна выхоўвала, даючы не толькі веды, але і практычныя навыкі. Камсамольская арганізацыя нашага класа была вельмі актыўнай і ў шэрагу мерапрыемстваў займала першыя месцы нават на абласных спаборніцтвах, неаднаразова атрымліваючы пераходны ганаровы вымпел. Здавалася, мы нічога звышнатуральнага не рабілі, але нас заўважалі. Потым, калі мы скончылі школу, шмат хто з педагогаў казаў: “Магчыма, вы і былі цяжкімі дзецьмі, але з вамі было цікава”. Ды і нам з настаўнікамі таксама было цікава. Напрыклад, пры непасрэдным удзеле класнага кіраўніка Валянціны Уладзіміраўны Ялагінай арганізавалі паход па месцах баявой славы. Для нас яна не шкадавала свайго часу.

Безумоўна, у тыя часы ўсё было крыху прасцей. Уявіце сабе: каля 30 сямікласнікаў і двое дарослых — былы выпускнік, які ўжо адслужыў у арміі, і класны кіраўнік — у лесе на беразе ракі. Самі сябе кармілі і паілі. І ў тыя часы гэта не было нечым незвычайным. Добра памятаю першую кашу, якую нашы дзяўчаты варылі ў вядры. Ну і што з таго, што яны крыху тую кашу падпалілі?! Затое памяць засталася на ўсё жыццё…

Таксама мы прымалі ўдзел у ваенна-спартыўных гульнях “Зарніца” і “Арляня”. Памятаю, як аднойчы нашу каманду, як мы вырашылі, засудзілі і далі толькі 3-е месца. А потым, калі праз некаторы час нам прапанавалі абараняць гонар раёна на рэспубліканскіх спаборніцтвах, мы ганарліва адмовіліся.

Увогуле, я ўдзячны школе за кожны дзень з пяці гадоў, якія правёў у яе сценах.

— Пасля заканчэння школы вы паехалі паступаць у вучылішча. Чаму выбар спыніўся менавіта на гэтай навучальнай установе?

— Ва Украіну я паехаў адразу пасля заканчэння школы. Увечары быў выпускны баль, потым — сустрэча світанку, а потым — адразу раніцай — цягнік у Львоў, бо ўступныя экзамены ішлі вельмі доўга.

У выбары прафесіі вялікую ролю адыграў бацька, які быў палітработнікам і паралельна сумяшчаў пасаду загадчыка гарнізоннага афіцэрскага клуба (маючы сярэднюю адукацыю, потым ён завочна скончыў Львоўскае вучылішча, у якім пасля вучыўся я). Дарэчы, менавіта ад таты я даведаўся пра існаванне такой навучальнай установы.

Пры паступленні ў вучылішча трэба было здаваць творчы экзамен. Камісія папрасіла паказаць усё, што я ўмею. Спачатку запыталіся, ці ўмею маляваць. Я адказаў адмоўна, але сказаў, што ўмею фатаграфаваць. Мяне сталі правяраць, спытаўшы, колькі кадраў у плёнцы, якія бываюць вытрымкі і г.д. Нават вальс танцаваў на экзамене… з табурэткай. (Смяецца.) Потым вершы расказваў, нешта нават сыграў на гітары і праспяваў (і гэта пры адсутнасці голасу!).

З намі потым вучыліся хлопцы, якія ўжо скончылі мастацкае ці харэаграфічнае вучылішча і ўжо мелі спецыяльнасць. На працягу вучобы было шмат практыкі па розных дысцыплінах, таксама рыхтавалі справаздачныя канцэрты. У нас не было вузкапрофільнай падрыхтоўкі — нас вучылі ўсяму: рэжысуры тэатра і свят, гісторыі кіно і тэатра, музейнай справе, харэаграфіі, малюнку, акцёрскаму майстэрству… Дзякуючы вучылішчу, не з’яўляючыся спецыялістам у тэатральным мастацтве, я валодаю пэўнымі ведамі ў гэтай галіне, якія зараз мне вельмі спатрэбіліся.

— Вы танцуеце, спяваеце… А чаго вы не ўмееце?

— Я не гаварыў бы так катэгарычна, што я гэта ўсё ўмею. У асноўным я спяваю сам-насам. Мне вельмі хацелася навучыцца іграць на якім-небудзь музычным інструменце, але так і не навучыўся, таму вельмі зайздрошчу творчым людзям. Ды і спяваць добра я не ўмею. Жаданне ёсць, а таленту ў гэтым напрамку бог не даў. А вось дзецям музычны слых перайшоў у спадчыну ад маёй жонкі Людмілы.

— А чым займаюцца вашы дзеці?

— Дачка і сын сталі праграмістамі. Яны ўжо дарослыя і вядуць самастойнае жыццё. Як гэта часта бывае, мы імкнёмся рэалізаваць у дзецях тое, чаго самі па нейкіх прычынах не зрабілі. Дзеці хадзілі на танцы, займаліся музыкай, плаваннем (так атрымлівалася, што бацька служыў у месцах, дзе ў мяне не было магчымасці навучыцца добра плаваць). Па плаванні дзеці атрымалі разрады. Калі зараз едзем на адпачынак, я ведаю: калі буду тануць, дзеці мяне выратуюць. (Смяецца.)

Лічу, што дзеці — маё найвышэйшае дасягненне. Не кар’ера і пасады, не матэрыяльны дабрабыт, а менавіта тое, што атрымалася ўкласці ў дзяцей.

— Тагачаснае размеркаванне магло закінуць выпускніка на край свету. Як здарылася, што вы не проста вярнуліся ў Беларусь, але яшчэ і ў свой горад?

— Вучылішча скончыў амаль з чырвоным дыпломам. Крыўдна, але на дзяржаўным экзамене па культасветрабоце, якой я потым аддаў шмат гадоў, умудрыўся атрымаць пятую “чацвёрку” (на чырвоны дыплом іх павінна было быць не больш за 4).

Усе нашы хлопцы на размеркаванні прасіліся на Далёкі Усход — лічылася, што пачынаць службу трэба там, дзе найцяжэй. Але месцаў было мала, мне прапанавалі размеркаванне на радзіме. Так што пачаў вайсковую службу я ў сваім горадзе, дзе была размешчана 193-я танкавая Дняпроўская дывізія. Спачатку быў начальнікам клуба танкавага палка, потым — намеснікам начальніка бабруйскага Дома афіцэраў. Потым служыў у інфармацыйна-аналітычным цэнтры, камандаванні сухапутных войскаў — да пэўнага часу служба праходзіла ў Бабруйску.

У Мінск мяне перавялі толькі ў 2006 годзе. З гэтага часу і да 2010 года я служыў у галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.

— Вельмі значным перыядам вашай біяграфіі з’яўляецца служба ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. У чым была яе адметнасць?

— У дзяцінстве ў мяне была мара паступіць у сувораўскае вучылішча, але гэта было вельмі складана. І хаця я вучыўся добра, прайграваць не хацелася, таму і выбраў іншы шлях.

Але сувораўскае вучылішча мяне напаткала ўсё роўна, і аддаў я яму не 2, а 7 гадоў, аб чым зусім не шкадую. Гэта былі, напэўна, самыя цікавыя гады маёй службы, якія вельмі адрозніваліся ад усіх астатніх. Найперш тым, што армія з дарослымі людзьмі і баявой падрыхтоўкай вельмі моцна адрозніваецца ад сувораўскага вучылішча з дзецьмі ў пагонах (для якіх афіцэры з’яўляюцца і татамі, і мамамі) і выхаваўчымі задачамі.

Здаровая асцярожнасць — не самая дрэнная якасць, але часам яна мне перашкаджае. У адносінах да самога сябе я часам асцярожнічаю — баюся падвесці іншых людзей. Нават калі мне прапаноўвалі пэўныя пасады, я не спяшаўся прыняць рашэнне: абдумваў і ўзважваў, ці змагу, ці спраўлюся, ці па Сеньку шапка. У рабочых пытаннях такога няма: ёсць заданне, якое трэба выканаць, і тут проста няма часу і магчымасці доўга думаць і праяўляць асцярожнасць.

Калі мяне назначалі ў сувораўскае вучылішча, я да канца не ўяўляў сабе, што гэта за ўстанова. І генерал-маёр Пузікаў, які тады быў намеснікам міністра абароны, сказаў: “Вы павінны ўяўляць, што сувораўскае вучылішча — гэта сям’я, пачынаючы з начальніка вучылішча, уключаючы ўсіх сувораўцаў і заканчваючы кухарамі, афіцыянтамі і прыбіральшчыцамі. Калі вы зможаце стаць часткай гэтай сям’і, тады ў вас усё атрымаецца”. А потым упэўніўся, што на самай справе так і ёсць: дарослыя, якія служаць там, замяняюць сувораўцам бацькоў. Менавіта яны становяцца для падлеткаў узорам паводзін і прыкладам для пераймання.

Але гэта не азначала, што бацькі выключаны з працэсу выхавання: сумесныя культпаходы і педагагічныя нарады, сустрэчы на свяце апошняга званка, канцэрты, якія сувораўцы рыхтуюць на святы сваімі сіламі… У вучылішчы заўсёды кажуць бацькам: “Калі вы хочаце, каб ваш сын стаў чалавекам, давайце будзем усё рабіць разам”.

Сувораўскае вучылішча — адна з нямногіх навучальных устаноў, дзе навучэнцы сапраўды чытаюць. Абсалютна нармальная з’ява, калі днявальны сядзіць за сталом і чытае кнігу, а не гуляе з электронным гаджэтам — яны тут пад забаронай. Я сам люблю чытаць, асабліва фантастыку. Калі працаваў у сувораўскім вучылішчы, прачытаныя кнігі аддаваў у бібліятэку (навошта ім пыліцца на паліцах?).

Абмежаванне ў карыстанні смартфонамі і іншымі дабротамі прагрэсу зусім не азначае, што будучых ваенных не вучаць карыстацца камп’ютарнай тэхнікай: на ўроках, пры падрыхтоўцы дамашніх заданняў, у бібліятэцы яны маюць магчымасць карыстацца сучаснымі камп’ютарамі, але менавіта ў вучэбных мэтах.

— Чаму пасля завяршэння ваеннай кар’еры вы выбралі музейную справу?

— Наступіў час, калі захацелася спакою. Мяне запрасілі на пасаду захавальніка музейных фондаў клуба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Прайшоў месяц, другі. Я стаў распрацоўваць шэраг мерапрыемстваў да юбілею Ваеннай акадэміі, які будзе святкавацца 4 мая гэтага года. Праводзіў экскурсіі па музеі, аднак усё роўна адчуваў сябе крыху не ў сваёй талерцы. Але я паабяцаў чалавеку, які прапанаваў мне гэтую пасаду, што дапрацую пазначаны ў кантракце год, а потым буду шукаць іншую работу.

Нечакана паступіла прапанова ўзначаліць Драматычны тэатр Беларускай арміі, і я, безумоўна, пагадзіўся — пасля Львоўскага вучылішча і Акадэміі кіравання пры прэзідэнце я адчуваў, што сілы і вопыт для гэтага ў мяне ёсць.

Я крыху ведаў і тэатр, і людзей, якія тут працуюць, бо, калі служыў у галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Міністэрства абароны, якраз ішла рэканструкцыя будынка тэатра. Тут, як і ў сувораўскім вучылішчы, сям’я — сям’я творчая і вельмі цікавая.

З тэатрам звязаны шэраг адкрыццяў. Шчыра кажучы, я думаў: тое, што артысты падчас вымушаны іграць “на ўколах”, — гэта казкі, але стаў сведкам такога выпадку. Перад спектаклем “Тры сястры” захварэла актрыса, якая выконвала адну з галоўных роляў. Але ж ёсць і другі склад. І вось раніцай я даведваюся, што ў другой выканальніцы гэтай ролі скруціла спіну. Спектакль адбыўся — ёй зрабілі блакаду, а потым адразу пасля спектакля адправілі ў ваенны шпіталь.

Я працую ў вельмі добрым калектыве. Акцёры працуюць нават у свой выхадны дзень: часта заўважаю, як па панядзелках на сцэне па іх ініцыятыве праходзяць рэпетыцыі.

— Ці ёсць нейкае адрозненне армейскага тэатра ад звычайнага, цывільнага?

— Найперш гэта рэпертуарныя адрозненні. Мы пазіцыянуем сябе як тэатр высокіх пачуццяў. Вельмі многа ў рэпертуары спектакляў патрыятычнай накіраванасці. Зараз у нас запланаваны шэраг гастролей па розных гарадах Беларусі. Мы ўжо былі ў Гродне, Барысаве, Бярозе, Брэсце, потым паедзем у Віцебск і Гомель. Імкнёмся сябраваць з калегамі і прапагандаваць наш тэатр, які сёння лічыцца самым маладым прафесійным тэатрам краіны.

— Наколькі запатрабаваны спектаклі тэатра?

— У нашай афішы шмат школьных праграмных твораў, таму нашы спектаклі з задавальненнем наведваюць навучэнцы. Папулярнасцю картыстаюцца сучасныя пастаноўкі. Пры гэтым мы не асабліва канкурыруем з іншымі тэатрамі па рэпертуары. У прыватнасці, на сцэне купалаўскага таксама ідзе “Рэвізор”, але асаблівасць нашага спектакля — у яго класічнай трактоўцы. Чэхаўскія “Тры сястры” збіраемся везці на тэатральныя фестывалі ў Смаленск і Херсон — спектакль цікавы з пункту погляду рэжысёрскай задумы.

Нядаўна барысаўскаму гледачу паказалі спектакль “Я твой афіцэр” па п’есе А.Пінчука “Лейтэнанты”, які быў адаптаваны для кантэксту беларускай арміі. Але на гастролі возім не толькі ваенныя спектаклі. Ёсць у рэпертуары творы беларускай драматургіі (“Вераб’іная ноч” паводле апавядання У.Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”, “Не пакідай мяне” А.Дударава), вадэвілі і камедыі (“Бяда ад пяшчотнага сэрца” У.Салагуба і “Сабака на сене” Лопэ дэ Вега), тэатральная класіка (“Рамэа і Джульета” У.Шэкспіра, “Рэвізор” М.Гогаля). Частка твораў ідзе ў новым прачытанні, як, напрыклад, квест-гульня “Тры сястры” А.П.Чэхава.

— Што калектыў тэатра падрыхтаваў да юбілею Беларускай арміі?

— 23 і 24 лютага ў афішы тэатра — вядомыя гледачам спектаклі Аляксея Дударава на ваенную тэматыку: драма “Радавыя” і драматычная балада “Не пакідай мяне”.

— Чаго вы яшчэ не ажыццявілі з задуманага?

— Жаданняў многа, але сярод самых галоўных — паглядзець свет. Прычым я не аматар грэцца на пляжы (што, дарэчы, таксама нядрэнна). Калі ўжо і ехаць куды, то абавязкова трэба пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і бытам чужаземных краін. Ды і нашу краіну трэба прапагандаваць, бо не сакрэт, што шмат хто ў Еўропе пра Беларусь нічога не ведае.

Таксама хочацца ўнукаў паняньчыць. З узростам чалавек становіцца больш мудрым і імкнецца даць унукам тое, чаго, магчыма, не змог даць сваім дзецям. Служба накладвала адбітак на жыццё і не давала магчымасці рабіць усё так, як было задумана, дзеці пераязджалі разам з намі з месца на месца.

— Ці змаглі б самі працаваць настаўнікам?

— Зараз пра гэта цяжка гаварыць, але, думаю, дзякуючы набытаму жыццёваму вопыту, змог бы. А вось у маладосці, думаю, не здолеў бы кожны дзень уваходзіць у клас з-за характару. Аднак мне давялося служыць яшчэ ў Савецкай арміі, дзе ў кожнай часці былі прадстаўнікі розных культур, якія часам і рускай мовы не ведалі, прыходзілася да кожнага шукаць падыход. Настаўнік павінен любіць дзяцей. Я не бачыў у сваім жыцці ні аднаго настаўніка, які б ненавідзеў дзяцей і прыйшоў у школу толькі з-за таго, што яму патрэбна недзе зарабляць грошы.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Дзмітрыя ВАРАБ’Я.

Адна думка пра “Дзмітрый ВАРАБЕЙ: “Каб бацькі ганарыліся мной”

  1. Бурлакова 27.02.2018 at 11:08 - Reply

    Спасибо, Дмитрий, за добрые слова в адрес школы и меня лично. Я уверена в том, что наша 21-я многое дала всем своим ученикам.Надеюсь на встречу с тобой в театре. Теперь я возглавляю городской Совет ветеранов педагогического труда и все мы настоящие театралы. Успехов!!!

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *