Дзмітрый РАБАЎ: “Я з задавальненнем зараз пайшоў бы ў школу”

- 11:08Моя школа, Рознае

Спачатку ён марыў стаць ветэрынарам, потым спрабаваў знайсці сваё месца ў медыцыне, некалькі гадоў працаваў на заводзе, але бацькоўскія карані перамаглі: стаўшы ваенна-марскім афіцэрам, наш герой звязаў свой лёс з метэаралогіяй. Сённяшні госць праекта “Мая школа” — начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Дзмітрый Рабаў.

— Дзмітрый, у адным з інтэрв’ю вы адзначылі, што прайшлі школу жыцця для сапраўдных мужчын. Безумоўна, гэта найперш тычыцца вашай прафесійнай дзейнасці. А чаму навучыла вас школа?
— Большую частку свайго жыцця я пражыў у Мінску. У 1 клас я пайшоў у мінскую сярэднюю школу № 50. На жаль, сваю першую настаўніцу амаль не памятаю, бо і ў пачатковай школе, і потым да 6 класа я вельмі часта мяняў школы, бо наша сям’я часта пераязджала (бацька быў ваенна-марскім афіцэрам). Маці мая з Мінска, а бацька — з Іжэўска. Бацька адвучыўся ў Бакінскім ваенна-марскім вучылішчы і па размеркаванні трапіў на Далёкі Усход. Вось так мы і матляліся паміж Мінскам, куды мама прыязжала на сесію (яна вучылася завочна ў тэхнікуме), і Уладзівастокам. Мабыць, таму першыя пяць школьных гадоў не пакінулі пасля сябе асаблівых успамінаў.

— Няўжо не памятаеце, як пайшлі “першы раз у першы клас”?
Самыя яркія ўспаміны з 1 верасня звязаны з тым, што я чамусьці прама на лінейцы расплакаўся.

— Вы сентыментальны чалавек?
— Я б не сказаў, але, калі гляджу якія-небудзь жаласлівыя перадачы ці фільмы, асабліва пра чалавечыя лёсы, бываюць моманты, калі наварочваюцца слёзы ці да горла клубок падкатваецца.

— Значную частку дзяцінства вы правялі на Далёкім Усходзе. Ці пакінуў ён след у вашай душы?
— Усе значныя (па тых, савецкіх, часах) падзеі ў маім жыцці адбываліся ў Мінску, а менавіта ў Доме-музеі І з’езда РСДРП (што каля плошчы Перамогі): там мяне прымалі ў піянеры, тамсама завязвалі піянерскі гальштук.
Побач, у парку, узімку мы на партфелях каталіся з вялізнай горкі. Пасля такога катання рукавіцы стаялі дыбам, з адзення і партфеля выграбалі снег… Але як гэта было цудоўна! А ў парку імя Марата Казея мы каталіся на лыжах. Да гэтага часу гэта мае любімыя месцы, і, бываючы там пасля запісу эфіраў на тэлебачанні, абавязкова праходжуся па сцежках свайго дзяцінства.

Неяк апынуўся ў незнаёмым мне раёне Мінска і зразумеў, што трапіў нібыта ў іншы горад.
Адным з маіх улюбёных месцаў быў Старажоўскі рынак, дзе я ў выхадныя гадзінамі мог бадзяцца, купляючы сабе то хамякоў, то папугайчыкаў, то яшчэ каго-небудзь. Маці давала грошы на абеды і кішэнныя расходы, а я эканоміў, каб набыць чарговую жывую забаўку.

— Якая ваша любімая хатняя жывёліна?
— У душы я кашатнік. Колькі я дадому прынёс катоў, ніхто нават ужо і не ведае! Каты былі розныя: і пародзістыя, і звычайныя дваровыя. Дык вось (думаю, са мною многія пагодзяцца) менавіта звычайныя простыя каты былі значна разумнейшымі за сваіх “інтэлігентных” родзічаў.

Кошку, якая зараз жыве ў нас дома, я таксама падабраў на вуліцы. Аднойчы гуляў з сабакам (тады ў нас быў кокер-спаніэль, які таксама, дарэчы, быў падабраны) і раптам пачуў, як ззаду ў цемры нешта закрычала. Я адразу нават не змог разгледзець… Гэта было маленькае кацянятка, якое ўмяшчалася на маю далонь. Сэрца не вытрымала, і я яго прынёс дадому. І цікава было тое, што сабака прыняў кацяня і фактычна “выгадаваў” яго — яны і елі, і спалі разам.

— Давайце вернемся да вашых школьных гадоў. Што было адметным?
— У 6 класе я пайшоў у тую школу, якую і скончыў. Выдатнікам я не быў, да мяне як школьніка больш падыходзіць характарыстыка “ціхі троечнік”. Пасля 8 класа многія пайшлі ў ПТВ і тэхнікумы, і ў нашым класе засталося 8 хлопцаў і 21 дзяўчынка. Вось у такім кветніку я і давучваўся апошнія два школьныя гады. Клас наш быў вельмі дружны, з тымі, хто застаўся ў Мінску, мы часам збіраемся, ажыццяўляем культпаходы. Сяброўства працягваецца да сённяшняга часу. Стабільна збіраецца 3-4 чалавекі. Болей — радзей, бо шмат хто жыве не толькі не ў Мінску, але і за межамі Беларусі.
Апошняй нашай “вылазкай” быў паход на канцэрт “Дэпеш Мод”. Гэта было нашай марай з 1989 года, калі ўпершыню ў навагодняй праграме Peters Pop Show мы пачулі і ўбачылі гэтую групу. У ліпені мінулага года канцэрт нам здаўся адным імгненнем, але потым мы ўсе некалькі дзён жылі яшчэ ў гэтай эйфарыі.

— Вы прыхільнік рока?
— Як бы дзіўна гэта не выглядала, усё пачыналася з песень групы Modern Talking і С.С.Сatch. Потым для мяне адкрыўся рускі рок: творчасць Бутусава і групы “Наутилус
Помпилиус”, Барыса Грабеншчыкова, групы “АукцЫон”, “ДДТ”, “Алиса”. Зараз я не магу назваць сябе прыхільнікам поп-музыкі, аднак дзе-небудзь на свяце можна і паслухаць, і нават патанцаваць (смяецца). А ўвогуле я люблю жывую музыку, а таксама класіку ў рок-апрацоўцы.
У школьныя гады мы самі рабілі значкі: сціралі выяву з круглага металічнага значка, прыклейвалі туды фотаздымак любімага выканаўцы і нават іх прадавалі сябрам. Аднекуль нам прывозілі нашыўкі і фотаздымкі. Мы апраналіся, як любімыя спевакі, стрыгліся спачатку як “Дэпеш мод” (майстры нам рабілі “пляцоўкі”), потым, калі з’явіўся Багдан Цітамір, выстрыгалі палоскі на скронях. У мяне нават калісьці было праколата вуха.

У школьныя гады мы былі вельмі вясёлымі, але некрымінальнымі. Алкаголь, наркотыкі і іншае было не нашым. Наша кампанія была арыентавана на іншае. У любое надвор’е 1 мая мы адкрывалі сезон: ішлі на ўсе майскія святы ў паход на возера. І да самага заканчэння лета, а яшчэ і восенню, мы таксама бавілі час на прыродзе.

— Ці ёсць нешта такое, пра што сёння сорамна ўспамінаць?
— Не думаю, што гэта вельмі арыгінальна, але я вырываў старонкі з дзённіка і падрабляў адзнакі. Потым, калі стаў крыху старэйшым, у мяне было два дзённікі: адзін для дрэнных адзнак, а другі — для добрых, каб можна было паказаць маме.
Памятаю, мы гулялі ў “Рабыню Ізаўру” (быў тады такі серыял), абзываючы адно аднаго імёнамі герояў серыяла, піхаючыся і валтузячыся. І аднойчы падчас такой валтузні я локцем разбіў шкло ў шафе. Тады вельмі глыбока, да самай косткі, распаласаваў сабе руку — шнар дасюль яшчэ застаўся.
Пад набярэжнай Свіслачы каля вуліцы Камуністычнай у Мінску ёсць тунэль — гэта ліўневая каналізацыя, якая захавалася з тых часоў. Мы чакалі, калі Свіслач замерзне, бралі пластмасавыя скрынкі, падпальвалі іх (бо доўга гарэлі, як факелы) і ішлі падарожнічаць па тунэлі. Было страшна, але мы ішлі. Уявіце: нізкая столь (ды і мы яшчэ малыя былі!), цемра і спераду, і ззаду, паветра мала… Мы даходзілі па тунэлі аж да ЦУМа, а гэта кіламетра паўтара…
Былі і моманты, якія ўспамінаю з гонарам. У старшых класах з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі стаяў у ганаровай варце на плошчы Перамогі. Канечне, было цяжкавата. Тым больш што размаўляць нельга, а людзі часта падыходзілі і пачыналі крыўляцца перад табой…

— Ваша сённяшняя работа звязана з фізікай і матэматыкай. Відаць, у школе іх добра ведалі?
— Матэматыка, фізіка, іншыя дакладныя навукі ў школе мне даваліся вельмі цяжка. І не таму, што настаўнікі былі не такія, — я сам быў вельмі далёкі ад лічбаў і формул. Але мне прыйшлося-такі нанова вывучыць і матэматыку, і фізіку, і англійскую, бо гэта было патрэбна мне ў рабоце. Я заканчваў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча ў Санкт-Пецярбургу, і ў нас, сіноптыкаў, было больш за ўсіх матэматыкі (а ў школе інтэграл для мяне быў нечым страшным і недасягальным).

Я любіў літаратуру, біялогію, гісторыю. Да 6 класа досыць добра ведаў англійскую мову, а вось потым нецікавыя ўрокі адбілі ў мяне ахвоту вывучаць гэты прадмет.

— Хто найбольш запомніўся з настаўнікаў?
— Нашы два класныя кіраўнікі: з 6 па 8 клас з намі працаваў адзін класны кіраўнік, а ў старэйшых класах іншы — Вольга Міхайлаўна Авечкіна, якая выкладала нам гісторыю. Яна нам многа дала як гісторык, ды і па чалавечых якасцях у яе было чаму павучыцца. І тое, што ў нас быў вельмі дружны клас, шмат у чым яе заслуга. Вельмі добра запомніліся класныя вечары і дыскатэкі. І асабліва адзін з іх, калі мы зладзілі конкурс прыгажосці, пераапрануўшы ў “прыгажунь” хлопцаў: на абцасах, у сукенках… Ну вось ужо насмяяліся тады!!!

Вельмі мне падабалася настаўніца рускай мовы і літаратуры. Аднак “Вайну і мір” я так і не прачытаў. А калі прыходзіў час пісаць сачыненне, ішоў у бібліятэку, знаходзіў рэцэнзіі і па кавалках “збіраў” сачыненне. І, безумоўна, настаўніца мяне выкрывала і ставіла па сачыненні два балы.

Вельмі любіў чытаць, але не тое, што ў праграме, а “Рабінзона Круза” і іншыя прыгодніцкія творы. Потым мяне захапілі дэтэктывы (прачытаў амаль усяго Чэйза і Агату Крысці), а затым плаўна перайшоў на фэнтэзі: чараўніцтва, эльфы, гномы…

— Ці даўно былі ў сваёй школе?
— На вечары сустрэчы з выпускнікамі не быў ужо сто гадоў… Але ведаеце, я б з такім задавальненнем зараз пайшоў у школу! І менавіта ў той самы клас! Шкада, што мы гэта разумеем вельмі позна…

— Як звычайна праходзіла ваша школьнае лета?
— З 6 класа мы ездзілі ў школьны працоўны лагер у калгас-мільянер імя Суворава, што каля Нарачы. Кожны год вучні 6–8 класаў выязджалі туды і разам з двума настаўнікамі жылі і працавалі ў калгасе. Да абеду мы на пачатку лета праполвалі буракі, а калі пачыналася ўборка ўраджаю, працавалі на зернятоку. Пасля абеду ішлі на возера, у лес — карацей, адпачывалі. І калі настаўнікі прыязджалі туды на месяц, мы знаходзіліся ў лагеры на працягу ўсяго лета. Добра было тое, што, адпачываючы, мы яшчэ і грошы зараблялі.

— Ці памятаеце, як патрацілі свой першы заробак?
— Першыя сур’ёзныя грошы я атрымаў, працуючы летам у бабулі ў вёсцы Забічаны, што каля станцыі Рыбцы. Мы з сябрамі прыбіралі канюшні, пасвілі кароў — працавалі цэлымі днямі. І тады, атрымаўшы першыя заробленыя ўласнымі рукамі грошы, я паехаў у Рудзенск, што быў недалёка, і купіў сабе веласіпед.

— Ці былі выпадкі, калі прыходзілася кулакамі за сябе пастаяць?
— Гэта было вельмі рэдка, бо біцца я не любіў. Некалькі разоў у школе было (нават з фінгалам хадзіў!) і ў вёсцы, калі да бабулі прыязджаў (вясковыя хлопцы былі гарачыя — ледзь што не так, адразу лезлі біцца).
А такога, як раён на раён ці сценка на сценку, у маім жыцці не было — проста я ў гэтым не ўдзельнічаў. Ды і абмінула мяне гэта: у 90-х гадах, калі гэта ўсё пачалося, я вучыўся ў “мараходцы”. І выхаванне ў мяне было (вялікі дзякуй маме!) іншае, так бы мовіць, правільнае. Менавіта дзякуючы гэтаму мне ўдалося дасягнуць такіх поспехаў. І ў вожыкавых рукавіцах я пабываў, і пугай, і пернікам мяне таксама выхоўвалі. Але ўвогуле ў сям’і панавала дабрыня. Можа таму, што мы жылі разам з мамінымі бацькамі, і станоўчы ўплыў бабулі і дзядулі быў вельмі істотным.

— Часта даставалася?
— Што тут казаць: бывала! Неяк сцягнуў у бабулі заначку ў 10 рублёў і пайшоў на іх накупляў хамякоў. Доўга выкручваўся і не прызнаваўся… А потым так лятаў!.. Дасюль памятаю.

— Ці прагназавалі вы нейкім чынам сваё жыццё?
— Спачатку я хацеў стаць ветэрынарам, а потым, пасля 8 класа, вырашыў паступаць у медвучылішча на медбрата. Я здаў экзамены, мяне залічылі, але… я вырашыў вярнуцца назад у школу.
Скончыўшы школу, мы з аднакласнікам пайшлі працаваць (сорамна было ў маці грошай прасіць). Нас узялі на завод “Гарызонт” спачатку вучнямі слесара. Потым мы, крыху падвучыўшыся на слесара-рамонтніка, рамантавалі ланцуговыя транспарцёры, па якіх рухаліся тэлевізары на канвееры. Канвееры часта ламаліся, і таму рукі заўсёды па локаць былі ў мазуце.

Калі споўнілася 18 гадоў, сябра прызвалі ў армію. Падыходзіў і мой тэрмін ісці на вайсковую службу. Сабраўшыся з духам, я прыйшоў у ваенкамат і сказаў, што хачу, як бацька, стаць марскім афіцэрам. Да таго ж, яшчэ і рамантыка вабіла (гэта толькі потым разумееш, што рамантыкай такая ваенная служба і не пахне). Мне далі спіс вучылішчаў, і я наўгад ткнуў пальцам у адно з іх.

Пасля таго, як была пройдзена медкамісія і здадзены ўступныя экзамены, нас адправілі на бераг Фінскага заліва ў “школу маладога байца”. А потым ужо было размеркаванне па спецыяльнасцях. У мяне запыталі, кім я хачу быць. “Хачу быць штурманам, — адказаў я, — пракладваць маршруты караблёў”. — “На гэтую спецыяльнасць месцаў ужо няма,” — адказалі мне. Я папрасіўся на факультэт узбраення, але і там вольных месцаў не аказалася. “Апошнія месцы засталіся толькі на метэаролага. Пойдзеш?” Я не ведаў тады, хто такія метэаролагі, але пагадзіўся.
Спецыяльныя дысцыпліны пачаліся з першага курса. Вышэйшая матэматыка, фізіка атмасферы, іншыя спецыфічныя прадметы вывучаць было цяжкавата, але праз некаторы час я ўцягнуўся, і мне гэта нават стала падабацца.
На першым курсе нас было 18, і нас рыхтавалі для службы на авіяносцах, якіх тады было пяць. Выпускалася нас, метэаролагаў, толькі пяцёра, і з усіх на ваенны карабель (адзіны авіяносец, які тады застаўся) трапіў толькі я. Праслужыў я на “Адмірале Кузняцове” пяць гадоў спачатку інжынерам, а потым начальнікам метэаралагічнай службы.

Служба была адказная. Першым на даклад да адмірала раніцай прыходзіў я ці мой намеснік і дакладваў пра стан надвор’я і яго прагноз на два-тры дні. І толькі пасля гэтага ён прымаў рашэнне пра далейшыя дзеянні ўсёй каманды. Ад нас залежала, напрыклад, як павінен развярнуцца крэйсер, каб самалёты маглі ўзлятаць, бо на гэта ўплывала вельмі многа фактараў. У прыватнасці, у напрамку ветру мы маглі памыліцца толькі на 5 градусаў. Атмасферны ціск мы, напрыклад, вымяралі не над узроўнем мора, а на ўзроўні палётнай палубы. А каб, не дай бог, па нашай віне здарылася пазаштатная сітуацыя, гэта магло каштаваць “ад 3 да 8 гадоў”.

Потым, калі кантракт скончыўся, мяне для працягу службы накіравалі яшчэ далей на поўнач, на базу ваенных катараў. Там я павінен быў фактычна пачынаць усё з нуля. Я прыехаў туды на аўтобусе. Выйшаў. Агледзеўся вакол: невялікія будынкі, у палове з якіх вокны пазабіваны дошкамі. Сеў у той самы аўтобус і… паехаў назад.
Так я трапіў у Гідраметцэнтр звычайным сіноптыкам, а потым, з цягам часу, “вырас”.

— Дзе больш складана працаваць? Тут ці на баявым караблі?
— На караблі адказнасці больш. І гэта тычыцца не толькі непасрэдна работы. Мне падпарадкоўваліся два мічманы і дзесяць матросаў. Дык вось я нёс адказнасць за іх 24 гадзіны ў суткі. Некаторых нават прыходзілася вучыць даглядаць за сабой, праць, прышываць гузікі…

— Я ведаю, вы любіце пяшком хадзіць на работу. Гэта любоў да прыроды ці непрыняцце тэхнікі?
— Ну чаму непрыняцце тэхнікі? Я проста не асаблівы прыхільнік аўтамабіляў. Хаця люблю праехацца… (смяецца) на заднім сядзенні. У мяне і правоў нават няма. А з работы дадому хаджу, таму што гэта зусім блізка. А калі куды пад’ехаць — прасцей сесці на маршрутку ці аўтобус. Канечне, час страчваецца, але не катастрафічна. А матацыклы я люблю. Не спартыўныя, а вялікія і цяжкія.

А вось мой старэйшы брат Сяргей у юнацтве быў памешаны на тэхніцы. Спачатку ў яго быў веласіпед. Да веласіпеда ён прымайстраваў рухавік і потым, прадаўшы гэты цуд тэхнікі, купіў мапед. Замест мапеда праз некаторы час з’явіўся матацыкл. Але “матацыклетны” этап нашага жыцця спыніўся вельмі нечакана. Адзін з маміных сваякоў разбіўся на матацыкле, і маці нам катэгарычна забараніла ездзіць на іх.

— У адзін момант вас сталі пазнаваць на вуліцы. Як да гэтага ставіцеся?
— Першы раз я трапіў у тэлевізійны эфір у ток-шоу. Тады былі вельмі моцныя маразы, і ўсе службы давалі свае парады. Памятаю, што тады я сядзеў побач з тагачасным міністрам па надзвычайных сітуацыях Энверам Барыевым. Першы раз атрымалася няблага, і мяне сталі далей запрашаць “у тэлевізар”.

Калі мяне пазнаюць на вуліцы ці ў транспарце, я сябе не вельмі камфортна адчуваю. Такая папулярнасць патрэбна артыстам. Мне гэта цікава тым, што, незалежна ад таго, ці гэта каментарый, ці паўнавартаснае інтэрв’ю, да яго ўсё роўна трэба рыхтавацца, каб людзям не проста расказаць прагноз надвор’я, каб перадаць гледачам інфармацыю не прафесійнай навуковай мовай, а даступна: ці браць парасон і апранаць паліто, ці можна ісці ў майцы. Стараюся падбіраць цікавыя факты і кліматычныя характарыстыкі.

— Ці праглядаеце потым свае выступленні на тэлебачанні?
— На сябе глядзець у тэлевізары не люблю, бо вельмі самакрытычна ўсё ўспрымаю: і тут не зусім дакладна адзначыў, і тут трэба было інакш сказаць… Але, бывае, тэлефаную сваякам: “Ну як? Глядзелі?”

— А што любіце глядзець па тэлевізары?
— Увогуле, тэлевізар гляджу рэдка, бо там зараз адны серыялы. Па ўсіх каналах адно і тое ж. Зараз аддаю перавагу перадачам пазнавальнага характару — тэлеканалам Discovery, Animal Planet, National Geographic, а таксама TV3.

— Раскажыце, калі ласка, пра вашу сям’ю.
— Мая жонка Надзея таксама працуе ў Гідраметцэнтры. Сыну Даніку шэсць з паловай гадоў. Неяк на ранішніку ў дзіцячым садку яны паказвалі розныя тэлеперадачы, і Данік расказваў (смяецца) прагноз надвор’я. Зараз рыхтуецца да школы, наведвае заняткі па падрыхтоўцы да школы, але вельмі не любіць рабіць дамашнія заданні. Кім ён будзе потым? Ёсць схільнасць да тэхнікі, але пакуль што рана пра гэта думаць.

— Ніколі не спрабавалі сябе ў якасці педагога?
— Ой не, гэта адназначна не маё. Для гэтага патрэбна прызванне. Трэба любіць гэтую справу. Раней настаўнікі, як мне здаецца, былі больш высокага прафесійнага ўзроўню і па ведах, і па псіхалагічных якасцях… Кожны настаўнік павінен расказваць дзецям не толькі тое, што напісана на дзвюх старонках падручніка, але і дадатковы матэрыял, іншую цікавую інфармацыю. Толькі так можна зацікавіць вучня. Наколькі я памятаю, усе мае настаўнікі былі вельмі класныя. Такога, каб настаўнік быў маім ворагам, не было. А ўвогуле педагогіка — вельмі цяжкая, важная і адказная работа.

— Дзякуй вялікі за размову. Хай у вашым жыцці будзе толькі добрае надвор’е.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Дзмітрыя РАБАВА.