Горад Пружаны, што ў Брэсцкай вобласці, чакае выхадных з асаблівым хваляваннем. У суботу,
17 мая, тут пройдуць урачыстыя мерапрыемствы ў сувязі з афіцыйным уручэннем яму статуса “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Што ж зрабілі гараджане, каб атрымаць гэтае званне, мы даведаліся, завітаўшы ў гэты майскі горад, які размясціўся на зліцці рэчак Муха і Вец, адкуль бярэ пачатак рака Мухавец.
Добры знак
Знаёміцца з горадам для дзяцей варта пачынаць з парку адпачынку — менавіта ён па выхадных і буднях напаўняецца дзіцячым смехам, менавіта тут назначаюць сустрэчы адна адной мамы з каляскамі, тут жа прагульваюцца закаханыя. І першае, што трапляе на вочы, — стракатыя газоны з кветкамі. Раней яны былі зялёнымі, роўненька пастрыжанымі, але неяк занадта строгімі. Пасля таго як вясной пастрыгаліся газоны, рабочыя абавязкова выполвалі іх і з каранямі выкідвалі дзьмухаўцы. Сёння тут гэтым кветкам дазволена цвісці. Гэта была адна з першых ініцыятыў Міхаіла Мікалаевіча Сяркова, старшыні Пружанскага райвыканкама, які займае гэтую пасаду толькі год. Здавалася б, дробязь, а гэта вельмі ўпрыгожыла горад, зрабіла яго яркім. Для ўдзельнікаў маладзёжнага парламента, якія ішлі ў выканкам на першае пасяджэнне з новым старшынёй, гэта быў добры знак, што без слоў адзначыў, які чалавек прыехаў працаваць да іх у горад.
Да міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” Пружаны далучыліся 5 гадоў назад. Ініцыятарам выступіў гарадскі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і ў прыватнасці яго дырэктар Алена Міхайлаўна Пухнарэвіч. Менавіта столькі ў горадзе працуе дзіцячы маладзёжны парламент, у які ўвайшлі члены савета гімназіі Пружан. Нядаўна быў арганізаваны і “Люстэркавы савет” — гэта дзіцячы маладзёжны парламент, у які ўваходзяць па некалькі прадстаўнікоў ад кожнай школы горада. У яго межах дзейнічаюць крэатыўная група, група грамадскай актыўнасці, група па міласэрнасці, група па экалогіі і іншыя. Прадстаўнікі савета прысутнічаюць на пасяджэннях Савета дэпутатаў Пружанскага раёна, выказваюць дарослым свае прапановы, разам іх абмяркоўваюць і самыя годныя рэалізуюць у горадзе.
За апошнія гады горад імкліва пашырае свае межы, добраўпарадкоўвае сучасныя зоны адпачынку, стварае новыя культурныя, спартыўныя аб’екты. Асабліва значныя змены адбыліся за апошні год. У многім паспрыяла гэтаму і сям’я Пухнарэвіч: Алена Міхайлаўна і яе дачка Ксенія, якая ў мінулым годзе была выбрана старшынёй “Люстэркавага савета”.
Прэмія за чысціню
Змены відавочныя ў знешнім выглядзе горада. Напрыклад, закінуты сквер ператварыўся ў вельмі папулярнае ў гараджан месца адпачынку. Школьнікі правялі тут уборку, пачысцілі сажалку, устанавілі на яе фантан, паўсюдна паставілі лаўкі. У самым разгары навядзенне парадку ў гарадскім парку. Валанцёры ўжо рэканструявалі стадыён, які знаходзіцца тут жа, замянілі трыбуны, прыбралі смецце. “Пакуль мы збіраем усе меркаванні, прапановы наконт таго, якім трэба зрабіць парк, чым яго напоўніць, якія атракцыёны паставіць, — гаворыць старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч. — У моладзі прапановы больш крэатыўныя. Я думаю, што калі мы іх усе ўлічым, парк спадабаецца кожнаму”.
Парадак у горадзе заўважаюць не толькі яго жыхары і госці. Летась падчас правядзення рэспубліканскага агляду населеных пунктаў адразу сем міністэрстваў прызналі Пружаны самым добраўпарадкаваным горадам краіны. Пасля правядзення рэспубліканскіх “Дажынак” Пружаны ўжо 11 гадоў утрымліваюць планку па чысціні.
“Парадак залежыць не толькі ад дзейнасці ЖКГ, улад горада, але і ад саміх гараджан, — гаворыць Ксенія Пухнарэвіч. — Гарадскія акцыі па добраўпарадкаванні горада, а таксама такія, як “Самы чысты двор”, “Самы чысты пад’езд”, “Кветкі нашага горада” і іншыя, сталі ўжо традыцыяй. Да іх вельмі актыўна далучаюцца ўсе — ад дашкольнікаў да пажылых людзей. Акрамя таго, конкурсы-агляды па добраўпарадкаванні тэрыторыі праводзяцца і сярод прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Тое, што парадак наводзяць усе разам, прыносіць свае плады: усім вядома, што той, хто прыбірае, і сам не смеціць, і іншым гэтага не дазволіць”.
Адпачынак па-нашаму
У Пружанах з 19 тысяч гараджан толькі 3,5 тысячы складаюць дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту. Пры такой суаднесенасці не так проста будаваць горад для дзяцей, каб задаволенымі засталіся прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Асабліва гэта адчуваецца ў сферы культуры.
“Забаўляльных мерапрыемстваў у нас праводзіцца шмат, але яны разлічаны, як правіла, на старэйшае пакаленне, — гаворыць Ксенія Пухнарэвіч. — Падчас іх фальклорныя гурты, выканаўцы народнай музыкі збіраюць аншлагі. Гэта выдатна, але ў большай часткі моладзі іншы густ. Нам часам хочацца паслухаць сваю музыку, патанцаваць”.
Для таго каб адкрыць таленты мясцовых юных артыстаў, маладзёжны парламент 5 гадоў назад заснаваў гарадскі творчы фестываль “Лесвіца поспеху”, які праходзіць штогод 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей. Пяцігоддзе ў гэтую суботу, 17 мая, адзначыць і фестываль “Рок-вясна”. Менавіта падчас яго правядзення горад афіцыйна атрымае статус “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Упершыню правесці такі фестываль прапанавалі таксама дзеці. Прычым яны нават не чакалі, што знойдзецца столькі выканаўцаў і прыхільнікаў рока. Шмат годных рок-груп ёсць і на Пружаншчыне, і ў суседніх раённых цэнтрах. З задавальненнем прыязджаюць на фестываль з Брэста, з іншых рэгіёнаў, і з кожным годам геаграфія мерапрыемства пашыраецца.
І гэта толькі пачатак. Пры анкетаванні падлеткі выказалі жаданне праводзіць у горадзе культурна-масавыя мерапрыемствы больш сучасных форм: флэш-мобы, фестывалі графіці, дыскатэкі з удзелам сучасных дыджэяў. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама ўжо складае планы правядзення такіх мерапрыемстваў у горадзе ў самы бліжэйшы час. Напрыклад, фестываль графіці пройдзе ўжо летам, і яго вынікі ўпрыгожаць сцены ў гаражным масіве.
Сонца грэе ўсіх аднолькава
Адна з галоўных рыс горада, дружалюбнага да дзяцей, — клопат пра тых, каму гэта больш неабходна. Сацыяльныя праекты склалі значную частку ад праектаў, рэалізаваных валанцёрамі. Так, адзін з іх — “Сонца грэе ўсіх аднолькава” — разлічаны на дзяцей, якія жывуць побач з горадам у пасёлку Сонечны ў сацыяльным прытулку. Іх каля 30 чалавек. “Мы стараемся як мага часцей сустракацца з выхаванцамі прытулку, ладзім сумесныя святы, конкурсы, бяром іх на экскурсіі, а часам заязджаем у госці, каб проста ўбачыцца, пагутарыць, падзяліцца навінамі, — расказвае Ксенія Пухнарэвіч. — Сяброўства дапамагае наладзіць больш даверлівыя адносіны, а гэта неабходна падчас трэнінгаў па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, калі мы гаворым аб проціпраўных паводзінах, здаровым ладзе жыцця. Увогуле, хочацца, каб выхаванцы прытулку не адчувалі сябе адзінокімі”.
Зараз у горадзе рэалізуецца маштабны праект “У нагу з часам”, разлічаны на супрацоўніцтва з адзінокімі пажылымі людзьмі. Школьнікі дапамагаюць ім адаптавацца да змен сучаснасці, напрыклад, вучаць карыстацца камп’ютарамі, банкаматамі, інфакіёскамі, мабільнымі тэлефонамі.
У нас не п’юць!
“Прыемна адчуваць, што да нас, дзяцей, прыслухоўваюцца дарослыя, — гаворыць Ксенія. — Хаця прадстаўнікі ўлады спачатку былі насцярожаны, цяпер, калі ўбачылі, што мы прапаноўваем такія рэчы, якія, магчыма, дарослым не заўважны, і нас, і нашы прапановы ўспрымаюць сур’ёзна. Нам не трэба адстойваць права слова, апраўдвацца, бо свае прапановы мы ўзважылі, абмеркавалі на савеце і ўпэўнены ў іх значнасці. Канечне, усе нашы праекты не могуць быць рэалізаваны, бо фантазія ў нас багатая, але ўлады імкнуцца да гэтага.
Напрыклад, рэалізаваны ўсе нашы прапановы, якія тычацца арганізацыі грамадскага харчавання. Так, у цэнтральным універсаме знаходзілася “Бістро”, дзе прадавалі спіртныя напіткі, прычым танныя, і гэта прыцягвала туды людзей такога выгляду, што нават у магазін непрыемна было заходзіць. Цяпер “Бістро” па нашай прапанове ператварылі ў піцэрыю, дзе спіртное не прадаюць, таму і дарослыя, і дзеці могуць зайсці туды паесці. Ад продажу спіртнога адмовілася нават прыватнае кафэ. Нядаўна планавалася на танцпляцоўцы гарадскога Дома культуры адкрыць бар, а мы палічылі гэта абсурднай ідэяй для горада, дружалюбнага да дзяцей, і выступілі супраць. Дарослыя памянялі планы”.
“Апошняя маладзёжная прапанова ў гэтым кірунку — забараніць у магазінах, размешчаных у цэнтры горада, продаж любых спіртных напіткаў, а ў астатніх зняць з продажу танны алкаголь, каб яго аматары не падавалі дзецям дрэнны прыклад, — гаворыць Міхаіл Мікалаевіч. — Я сам змагар за цвярозасць, але так зрабіць я не маю юрыдычнага права. Мы пайшлі іншым шляхам: рыхтуем праект, згодна з якім спіртное не будзе прадавацца ў прадуктовых магазінах, дзе дзеці купляюць цукеркі і марожанае. Для спіртнога будуць спецыяльныя магазіны з відэанаглядам, што дазволіць кантраляваць продаж спіртнога толькі дарослым. Такую практыку мы ўжо апрабавалі”.
Яшчэ адна маладзёжная ініцыятыва гатова да рэалізацыі. Плануецца, што 1 чэрвеня моладзь, улады горада, госці, закладуць першы камень у падмурак да дзіцячага кафэ. Якім яно павінна быць, зараз абмяркоўваюць дзеці. Але свае прапановы ўносіць і старшыня выканкама. Напрыклад, ён прапануе назваць кафэ “Буся” — як часопіс для дашкольнікаў на беларускай мове, каб гэтае кафэ было месцам для сямейнага адпачынку, каб дзеці разам з татамі і мамамі змаглі тут адпачыць, паласавацца марожаным, пачытаць казкі на роднай мове, пагуляць.
У здаровым целе — здаровы дух
Пружаны — спартыўны горад. Спрыяе гэтаму і цудоўная база. Напрыклад, шыкоўны Лядовы палац, на базе якога праводзяцца не толькі трэніроўкі па камандных гульнявых відах спорту, але і спаборніцтвы па фігурным катанні абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага маштабу. У Водным палацы дзеці маюць магчымасць займацца ў цудоўным басейне, тут жа знаходзяцца два аквапаркі
(адзін з якіх — дзіцячы), трэнажорная, більярдная залы, зала настольнага тэнісу, зала “сухога” плавання, саўна, лыжаролерная траса. Дарэчы, усе гэтыя паслугі хоць і платныя, але даступныя кожнаму. Штогод праводзіцца больш як сто гарадскіх, раённых спартыўных мерапрыемстваў з удзелам больш як 23 тысяч чалавек, большасць з якіх — дзеці і падлеткі.
Што тычыцца здаровага ладу жыцця, амаль усе маладзёжныя прапановы прымаюцца ўладамі аднадушна. Напрыклад, прадстаўнікі маладзёжнага парламента на пасяджэнні сказалі, што было б цікава праводзіць вечарамі водныя дыскатэкі ў аквапарку. І літаральна праз некалькі дзён іх пажаданне ўвасобілася ў жыццё. Як толькі сталі вядомы вынікі анкетавання і тое, што дзеці хацелі б займацца аквааэробікай, і трэнер з’явіўся, і група арганізавалася.
Свая каманда
“Мне прыемна бачыць, як зладжана працуюць дзеці на сваіх пасяджэннях, як знаходзяць агульную мову з дарослымі, смела выказваюць свой пункт гледжання, нягле-дзячы на тое, што ён можа адрознівацца ад пазіцыі дарослых,— гаворыць Алена Міхайлаўна Пухнарэвіч, дырэктар ЦТДіМ, каардынатар праекта “Горад, дружалюбны да дзяцей” у Пружанах. — Усе, хто ўваходзіць у склад маладзёжнага парламента, займаюцца ў нашых аб’яднаннях, дзе вучацца працаваць з дзіцячай аўдыторыяй, праводзіць трэнінгі, прадстаўляць свае праекты. Многія з іх асвойваюць прафесію журналіста, практыкуюцца ў рэдакцыі мясцовай газеты, на радыё. А хутка на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму будзе адкрыта старонка, дзе юныя журналісты будуць кожны тыдзень публікаваць матэрыялы па праведзеных мерапрыемствах і расказваць пра тыя, якія толькі плануюцца. І ў маёй дачкі, і ў яе сяброў — безліч задумак, планаў. Часта адразу пасля школы яны прыходзяць да мяне ў цэнтр, каб абмеркаваць іх разам. Вельмі часта нашы размовы зацягваюцца да вечара, а часам працягваюцца і ў нас дома”.
Дарэчы, такая актыўная жыццёвая пазіцыя Ксеніі Пухнарэвіч не застаецца незаўважанай. Нядаўна дзяўчына атрымала перамогу ў абласным этапе конкурсу “Лідар-2014”, а напрыканцы мая прадставіць свой рэгіён у рэспубліканскім фінале. І няхай ёй, яе сябрам з маладзёжнага парламента, іх дарослым памочнікам на чале са старшынёй райвыканкама спрыяе ўдача. Бо яны робяць годную справу для горада, для дзяцей.
Святлана НІКІФАРАВА.