Дзве Дзіяны: у сола і ў дуэце

- 10:20Сацыяльны ракурс
Днямі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся дабрачынны канцэрт “Дарогаю дабра” з удзелам навучэнцаў спецыяльных агульнаадукацыйных школ для дзяцей з парушэннем зроку і дабрачыннага фонду “Па закліку сэрца” Дзіяны Гурцкой — фонду дапамогі невідушчым дзецям і дзецям са слабым зрокам. Мерапрыемства прайшло ў межах VIII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД. На свята завітала яго натхняльнік, вядомая спявачка, заслужаная артыстка Расіі Дзіяна Гурцкая.

Дзіяна з’яўляецца кіраўніком фонду. Ён быў створаны ў 2005 годзе, асноўная яго задача не толькі медыцынская дапамога невідушчым дзецям і дзецям са слабым зрокам, але, што вельмі важна, падтрымка ў развіцці іх творчых здольнасцей. Фонд аплачвае дыягностыку і кансультаванне дзяцей у айчынных і замежных медыцынскіх цэнтрах. Па выніках такой дыягностыкі ўжо зроблены некалькі ўдалых аперацый, якія фактычна вярнулі дзецям зрок. Пад апекай фонду знаходзяцца дзеці з самымі рознымі абмежаванымі магчымасцямі. Асаблівая ўвага звяртаецца на выхаванцаў спецыялізаваных дзіцячых дамоў і сацыяльных цэнтраў.
Дзіяна шмат робіць для таго, каб дзеці станавіліся больш упэўненымі, разлічвалі на свае здольнасці і знаходзілі адметны шлях у жыцці. Нават калі яны застануцца невідушчымі, у іх заўсёды ёсць шанс, яны могуць дасягнуць поспеху. Спявачка ездзіць па школах і дзіцячых дамах і знаходзіць здольных і творчых дзяцей. Многія з іх ужо сталі вучнямі спецыялізаваных школ для адораных дзяцей. Менавіта для такіх дзяцей кожны год у Маскве праводзіцца міжнародны дабрачынны фестываль “Белы кій”. Падчас яго дзеці з абмежаванымі магчымасцямі з Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана і іншых краін спяваюць песні на адной сцэне з вядомымі артыстамі эстрады.
На мінскі канцэрт Дзіяна завітала разам са сваім родным братам і адначасова прадзюсарам Робертам. Падтрымаць юных выступоўцаў прыехалі таксама намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Антонавіч Будкевіч, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Мечаслававіч Чэрнік, міністр культуры Туркменістана спадарыня Гунча Аманмухамедаўна Мамедава і іншыя неабыякавыя да творчасці дзяцей людзі.
Інструментальная музыка, вакал і харавыя спевы, танцы і моднае дэфіле — дзеці проста здзівілі і парадавалі сваімі дасягненнямі. На пачатку канцэрта з сольнай кампазіцыяй выступіла выпускніца сярэдняй школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку і музычнай школы мастацтваў № 19 Патрыцыя Курганава. Шлях Патрыцыі на сцэну пачаўся некалькі гадоў назад, калі Дзіяна Гурцкая прыязджала ў Мінск, каб пазнаёміцца і падтрымаць выхаванцаў 188-й школы. Да глыбіні душы яе кранула выступленне Патрыцыі, якая выканала на школьным канцэрце вядомую песню Дзіяны “Ты здесь”. З таго часу спявачка дапамагае Патрыцыі развіваць свой талент. Дзяўчына ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах, і журы заўсёды прыемна здзіўлялі яе вакальныя здольнасці. У 2011-м Патрыцыя ўдзельнічала ў гала-канцэрце Міжнароднага фестывалю “Белы кій. Без межаў”, запісала дуэт з адным з удзельнікаў “Фабрыкі зорак”, а зусім нядаўна прайшла адбор у папулярнае расійскае шоу “Голас”.
Падчас дабрачыннага канцэрта ў Мінску Патрыцыя Курганава спявала разам з узорным хорам “Аніма” дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 19, філіял якой працуе на базе школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку. У 2008 і 2010 гг. хор станавіўся дыпламантам Міжнароднага фестывалю для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Крылы дзяцінства”.
У красавіку 2013 года ён пацвердзіў званне “Узорны” і атрымаў дыплом III ступені Рэспубліканскага фестывалю “Сузор’е”.
Выступіў на канцэрце і ансамбль акардэаністаў “Асарці”, што створаны на базе 19-й школы мастацтваў. Калектыў ансамбля — неаднаразова быў дыпламантам міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Крок насустрач”, што праводзіцца ў Санкт-Пецярбургу, стаў лаўрэатам гарадскога конкурсу “Мастацтва жыць, тварыць мастацтва”, пераможцам фестывалю “Вясёлкавы карагод”, дыпламантам гарадскога тура рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Сузор’е-2013”.
У дабрачынным канцэрце “Дарогаю дабра” прынялі ўдзел выхаванцы Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку, юныя “зорачкі” са спецыяльных школ-інтэрнатаў Жабінкі, Шклова, Васілевіч. Шмат юных артыстаў прыехала з Гродзенскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Яркім і запамінальным быў дуэт “Дзве Дзіяны”. Яго ведаюць у краіне па фестывалях “Вясёлкавы карагод”, “Пад крыламі Арыёна”, “Наша хваля”. Кожная з Дзіян праспявала сола і прыняла ўдзел у дуэце. Дзяўчыны выканалі разам песні “Матуля Беларусь” і “Хачу стаць зоркай”. Пакарыў сваім вакалам Валянцін Станкевіч (выканаў песню “Мама”). Ён — уладальнік гран-пры на І Міжнародным фестывалі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Маскве.
Было і некалькі сюрпрызаў. Першы з іх — праект “Стыльны пачатак” з удзелам выхаванцаў Мінскай абласной спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Кіраўнікі праекта — Святлана Гнедзянок і Ігар Іваноў. Спецыяльна для свята быў падрыхтаваны і сумесны праект “Роўныя магчымасці” Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і сталічнай сярэдняй школай № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку. Навучэнцы школы выступалі як сапраўдныя мадэлі, яны прадэманстравалі калекцыі дызайнераў — пераможцаў рэспубліканскага конкурсу моды і фота “Млын моды”. Гэтыя калекцыі былі паказаны ў Мілане, Кракаве, Вільнюсе.
Кожны ўдзельнік канцэрта “Дарогаю дабра” атрымаў падарункі ад грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” і міжнароднага дабрачыннага фонду “Зорная ліра”, а таксама ўнікальныя прыборы, прывезеныя з Лондана, прызначэнне якіх — зрабіць лягчэйшым жыццё юных артыстаў, ад фонду Дзіяны Гурцкой.
Напрыканцы свята Дзіяна разам з удзельнікамі канцэрта праспявала песню, а затым аб’явіла імя таго, хто ў хуткім часе адправіцца ў Маскву на IV Міжнародны фестываль “Белы кій”, які адбудзецца ў Маскве 7 кастрычніка гэтага года. На гэты раз пашчасціла беларускай школьніцы з Гродна — цёзцы расійскай спявачкі — Дзіяне Фядотавай (удзельніцы дуэта “Дзве Дзіяны”). Нарадзілася яна ў Гродне. Акрамя вакалу, юная артыстка паспяхова займаецца ігрой на фартэпіяна, саліруе ва ўзорным хоры “Светлячок”, наведвае рэпетыцыі вядомага ў абласным цэнтры ўзорнага танцавальнага калектыву “Калейдаскоп”. Дзіяна з’яўляецца лаўрэатам абласнога конкурсу “Вясёлкавы карагод”, рэспубліканскага парафестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, лаўрэатам-2013 фестывалю “Пад крыламі Арыёна”. На дабрачынным канцэрце яна выступіла з песняй “Танцуе лета”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.