Дзве мары

Яшчэ ў трэцім класе Алена ведала, што будзе вучыцца ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы, бо маляванне было для яе адным з любімых заняткаў. Ад невялікай вёсачкі Застадолле, што ў Карэліцкім раёне, да Бабруйска — шлях няблізкі, але Алена Іванаўна прайшла яго. І гэта было здзяйсненнем першай мары.

Адругая мара, таксама з дзяцін­ства, — пра тое, каб стаць педагогам. І гэтая мара здзейснілася. У 1995 годзе Алена Іванаўна Агейчык пачала працаваць майстрам вытворчага навучання ў Мірскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылі­шчы № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ Карэліцкага раёна. А пачала сваю працоўную дзейнасць яна мастаком роспісу па дрэве ў Бабруйскім вытворчым аб’яднанні мастацкіх вырабаў. У 2003 годзе А.І.Агейчык была прызначана намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце тады ўжо Мір­скага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Пра Бабруйскае вучылішча Алена даведалася ад дзяўчыны з суседняй вёскі, якая там вучылася. І пасля заканчэння васьмі класаў, вытрымаўшы конкурс, які складаў восем чалавек на месца, Алена паступіла ў знакамітае вучылішча і пачала засвойваць майстэрства роспісу па дрэве.

— У нашай групе вучыліся 33 чалавекі, і толькі 8 з іх — з Беларусі, астатнія прыехалі з розных куточкаў Савецкага Саюза, — успа­мінае Алена Іванаўна. — Я вельмі ўдзячна і вучылішчу, і яго выкладчыкам, і сваім сябрам, з многімі падтрымліваю сувязі да гэтага часу. А з некаторымі працую побач.

Падтрымлівае Алена Іванаўна зносіны і са сваімі шматлікімі выпускнікамі, якія раяцца з ёй не толькі па прафесійных, але і па жыццёвых пытаннях. Са слёзамі ўспамінае педагог выпадак, калі вечарам да яе ў Мір завіталі госці з Бярозаўкі, што ў Лідскім раёне. Яе вучні спраўлялі там вяселле і цэлай дружынай у вясельных строях прыехалі да любімага выкладчыка са словамі падзякі за навуку — прафесійную і жыццёвую.

— Калі толькі пачала працаваць май­страм вытворчага навучання, сказала сабе, што вучыць трэба так, як я сама хацела б, каб вучылі мяне, — дзеліцца Алена Іванаўна. — Стараюся заўсёды падтрымаць сваіх вучняў, гавару ім: не атрымаецца першы раз, можа, нават і другі, але трэці раз абавязкова атрымаецца. Будзьце настойлівымі!

У 2012 годзе А.І.Агейчык пачала працаваць у тагачасным Гродзенскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце. Зараз узначальвае аддзяленне архітэктуры і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якое ўтварылася ў выніку рэарганізацыі навучальнай установы і далучэння яе да політэхнічнага каледжа. Тут рыхтуюць спецыялістаў па чатырох спецыяльнасцях і шасці кваліфікацыях (“тэхнік-архітэктар”, “тэхнік-будаўнік”, “абліцоўшчык-плітачнік”, “сталяр”, “абліцоў­шчык сінтэтычнымі матэрыяламі”, “уклад­чык падлогавых пакрыццяў”).

— Важнай заслугай Алены Іванаўны стала мэтанакіраваная работа па фарміраванні асобы майстра аддзялення, які ўмее арганізаваць вучэбны працэс з улікам сучасных педагагічных тэхналогій, — гаворыць дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Святлана Віктараўна Храпко. — Яна падтрымлівае сувязі з вытворчымі прадпрыемствамі і іншымі навучальнымі ўстановамі, удзяляе значную ўвагу прафарыентацыі навучэнцаў.

Няпроста спалучаць творчы парыў архітэктара і карпатлівую працу будаўніка.

— Навучэнцы розных спецыяльнасцей вучацца побач і ўзаемна ўзбагача­юць адукацыйны працэс, — расказвае Алена Іванаўна. — Месца для творчасці ёсць у кожнай справе. І нашы навучэнцы гэта пацвярджаюць. Яны і пераможцамі абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэр­ства WorldSkills па кампетэнцыях “Каменныя работы” і “Абліцовачна-плітачныя работы” станавіліся, і ў творчым конкурсе гран-пры заваявалі. А яшчэ з першых дзён работы ў каледжы мяне ўразіў калектыў. Гэта са­праўды каманда аднадумцаў, якая заўсёды мае шмат ідэй.

Плённая праца А.І.Агейчык па развіцці дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў неаднаразова адзначалася дыпломамі і граматамі. За ўдзел у Рэспублікан­скім конкурсе “Ад прадзедаў спакон вякоў” яна атрымала дыплом у намінацыі “Лепшая творчая работа”. Перамагалі выхаванцы Алены Іванаўны на конкурсах “ТэхнаЁлка”, на абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Выкананая пад кіраўніцтвам А.І.Агейчык навукова-даследчая работа “Беларускі каляндар”, прысвечаная беларускім традыцыям роспісу па шкле, была адзначана гран-пры рэспубліканскай маладзёжнай акцыі “Дыялог культур — адзіны свет”. У мінулым годзе кампазіцыя дэкаратыўных куфраў “Славянскія роспісы” заняла першае месца ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” на абласным этапе гэтай рэспубліканскай акцыі.

Алена Іванаўна — вельмі творчы чалавек. Усё жыццё спасцігае новыя віды прыкладнога мастацтва. Калі пачала працаваць у Мірскім вучылішчы, акрамя роспісу па дрэве, ёй прапанавалі выкладаць інкрустацыю саломкай. Успамінае, як прачыналася ў шэсць гадзін раніцы і да пачатку заняткаў займалася саломкай — такім чынам вучылася гэтаму напрамку. Вялікі штуршок да творчасці дало і навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

— Мне цікава беларускае народнае мастацтва, — гаворыць Алена Іванаўна. — Роспіс па шкле — гэта народная творчасць, якая асабліва распаўсюджана менавіта ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Вельмі прыемна, што мае навучэнцы Андрэй Ягормін і Марта Каспярчук правялі такое цікавае даследаванне па гэтым відзе мастацтва.

Алена Іванаўна вядзе факультатыў “Інавацыйнае мастацтва” і вучыць моладзь бачыць незвычайнае хараство ў кожным прадмеце і кожнай з’яве, глядзець на свет вачыма творчага чалавека і ўвасабляць гэтае хараство ў прадметах, аздабленні асяроддзя. І сама паказвае ў гэтым прыклад. У яе планах — стварыць галерэю-выставу творчых работ навучэнцаў, каб гэтую прыгажосць змаглі ўбачыць усе, у наступным го­дзе правесці дні аддзялення на тэму “Рым” (мінулыя дні праходзілі на тэму Грэцыі і яе архітэктурнага мастацтва) і абавязкова пабываць са сваімі навучэнцамі ў Санкт-Пецярбургу.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.