Дзверы адчынены анлайн

Дні адкрытых дзвярэй — даўняя, добрая і вельмі карысная для абітурыентаў і іх бацькоў традыцыя нашых навучальных устаноў. Цяперашняя няпростая санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя паўплывала на многае, у тым ліку і на гэтую традыцыю, але не адмяніла яе — змяніла, балазе, сучасныя тэхніка і тэхналогіі гэта дазваляюць. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пабывала на адным з такіх анлайн-мерапрыемстваў у БДПУ імя Максіма Танка ў Мінску.

Дні адкрытых дзвярэй на гістарычным факультэце, факультэтах пачатковай адукацыі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій.

Для абітурыентаў, бацькоў, педагогаў

— Добры дзень! Сёння мы право­дзім дзень адкрытых дзвярэй факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Я дэкан гэтага факультэта Наталля Уладзіміраўна Ждановіч, — так пачынае анлайн-сустрэчу з абітурыентамі, іх бацькамі і педагогамі кіраўнік факультэта і звяртаецца да сваіх слухачоў, заклікаючы іх задаваць пытанні, якія прадстаўнікі факультэта адразу ж бачаць у чаце. Той, хто не зможа задаць пытанні анлайн або не паспее гэтага зрабіць, мае магчымасць задаць іх пазней і абавязкова атрымае адказ.

Між іншым яшчэ да пачатку сустрэчы я даведваюся, што цяперашні дэкан факультэта калісьці сама прыходзіла тады яшчэ ў Мінскі педагагічны інстытут у якасці абітурыента. Усё так спадабалася і так зацікавіла, што ісці ў іншыя ВНУ і не спатрэбілася: дзяўчына вырашыла, што хоча вучыцца толькі тут.

Акрамя Наталлі Уладзіміраўны, у Цэнтры развіцця інфармацыйных тэхналогій універсітэта яе намеснікі: намеснік па навуковай рабоце Аксана Генадзьеўна Сарока, намеснік па выхаваўчай рабоце Ірына Аляксандраўна Буторына, а таксама дзве студэнткі — чацвёртакурсніца Настасся Дубоўская, кіраўнік прафбюро факультэта, і першакурсніца Таццяна Сярко, якая таксама паспела заявіць пра сябе і добрай вучобай, і актыўнай грамадскай работай. Акрамя таго, госці гэтага дня адкрытых ­дзвярэй могуць убачыць прэзентацыю факультэта і віртуальна наведаць яго.

Анлайн-сустрэча максімальна насычана інфармацыяй. Так, яе госці даведваюцца, што дэвіз факультэта — “Сэрца аддаю дзецям”.

— Чалавек, які прыходзіць вучыцца на факультэт пачатковай адукацыі, павінен, як ніхто іншы, разумець дзіця, быць здольным суперажываць, і, канечне, гэта павінен быць чулы чалавек з адкрытам сэрцам, — каменціруе цудоўны факультэцкі дэвіз Н.У.Ждановіч.

У цэлым і ў прыватнасці

Сёлета на дзённай форме навучання факультэта пачатковай адукацыі 125 бю­джэтных месцаў, 5 — пазабюджэтных, на завочнай форме навучання на поўным тэрміне месцаў адпаведна 15 + 15, на скарочаным — 40 + 10. Такім чынам, кантрольныя лічбы прыёму ў параўнанні з мінулым годам не змяніліся. На дзённай форме навучанне доўжыцца 4 гады, на завочнай для выпускнікоў школ — 5 гадоў, для выпускнікоў педагагічных каледжаў — 3,5 года. На скарочаную форму навучання могуць прэтэндаваць толькі тыя абітурыенты, якія скончылі ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Выпускнікі факультэта ма­юць магчымасць прадоўжыць навучанне на 2-й ступені адукацыі — у магістратуры, а затым, магчыма, паступаць у аспірантуру.

Безумоўна, у першую чаргу абітурыентаў цікавяць уступныя іспыты. Калі гэтыя абітурыенты — выпускнікі педагагічных каледжаў, то яны не здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, якое замяняюць унутраныя экзамены. Гэта экзамены па педагогіцы і псіхалогіі, якія праходзяць у вуснай форме. Іншым неабходна здаваць ЦТ, акрамя медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай, а таксама выпускнікоў педагагічных класаў, якія могуць паступаць па субяседаванні, маючы рэкамендацыю школы.

Адначасова з тым, як дэкан расказвае пра ўмовы паступлення, слухачы задаюць пытанні, і прадстаўнікі факультэта адразу ж адказваюць на іх. Так, Наталля Ула­дзіміраўна ўдакладняе, што субяседаванне праводзіцца ў 3 першыя дні прыёму дакументаў у рамках тых праграм, якія школьнікі вывучаюць на факультатыўных занятках “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Абітурыент таксама прадастаўляе сваё партфоліа — напрацоўкі, зробленыя за 2 гады навучання ў педагагічным класе, напрыклад, метадычныя. Пры гэтым магчымасць паступіць па субяседаванні не выключае для выпускнікоў педкласаў і магчымасці паступаць па агульным конкурсе, здаўшы ЦТ па рускай або беларускай мове, біялогіі, гісторыі Беларусі. Розніца ў тым, які тэрмін давядзецца працаваць пасля размеркавання, закончыўшы 4 курсы: 5 гадоў (пры паступленні па субяседаванні) або 2 гады пры паступленні на агульных умовах.

Так падрабязна і адкрыта гаворка працягваецца па ўсіх баках навучання і паступлення: удзельнікі віртуальнай сустрэчы атрымліваюць самую поўную інфармацыю. Напрыклад, прадстаўнікі ўстановы вышэйшай адукацыі нацэльваюць абітурыентаў на тое, што не варта зацыклівацца на прахадных балах мінулагодняй і іншых уступных кампаній, бо кожны раз усё залежыць ад таго, якія абітурыенты прыйдуць. Але для жадаючых усё ж гучаць мінулагоднія паказчыкі: прахадны бал на дзённую форму атрымання адукацыі летась склаў 268, на платную — 231, на завочную — 207 і 210 адпаведна (на поўную форму), 226 і 207 (на скарочаную форму).

Вучыцца вучыць

Што да прэзентацыі факультэта, то яна ўяўляе сабой паўнавартасную віртуальную экскурсію. Факультэт працуе з 1957 года, зараз мае 3 кафедры: педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі, беларускага і рускага мовазнаўства, прыродазнаўчанавуковых дысцыплін. Больш за 60% супрацоўнікаў кафедр — кандыдаты навук, многія складаюць вучэбныя дапаможнікі для пачатковай школы, для настаўнікаў. Зразумела, студэнты факультэта вывучаюць самае шырокае кола дысцыплін, бо настаўніку пачатковых класаў важна ўмець і ведаць вельмі многае. Сярод самых не­звычайных дысцыплін — каліграфія, шахматы, адукацыйная робататэхніка, якія даюць маладым педагогам магчымасць весці гуртковую работу.

Вывучаць усе прадметы, прадстаўленыя на факультэце, студэнтам дапамагаюць сучасныя тэхналогіі, але пры гэтым немагчыма ўявіць сабе навучанне без ­удзелу практыкаў — лепшых педагогаў краіны, пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства, аўтараў дапаможнікаў, якія праводзяць майстар-класы для студэнтаў і выкладчыкаў.

Студэнты таксама маюць магчымасць займацца навуковай работай, выконваць уласныя праекты. А.Г.Сарока расказвае, што на факультэце працуюць 4 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, да работы ў якіх заахвочваюцца і першакурснікі, праводзяцца сумесныя навуковыя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў замежных універсітэтаў, напрыклад, расійскіх.

Студэнты ўключаюцца і ў сусветнае адукацыйнае асяроддзе, 3-ці год яны ­ўдзельнічаюць у праграмах Erasmus+ (праграмах акадэмічнай мабільнасці), якія дазваляюць выязджаць у ВНУ-партнёры. Лепшыя студэнты факультэта пачатковай адукацыі з добрым веданнем замежнай мовы маюць магчымасць на працягу семестра вучыцца ў 2 такіх ВНУ — Вышэйшай педагагічнай школе Верхняй Аўстрыі і ў Вальядоліцкім універсітэце Іспаніі.

Жыць, адпачываць, развівацца

— Немалаважны складнік нашай работы — арганізацыя вольнага часу студэнтаў, — упэўнена гаворыць Наталля Ула­дзіміраўна Ждановіч, звяртаючыся да сваіх віртуальных суразмоўнікаў. — Гэта тое, што фарміруе і кругагляд, і асобу. Таксама вельмі важна, каб першакурснік аказаўся ў камфортным асяроддзі. З першых дзён знаходжання на факультэце нашых першакурснікаў акружаюць увага і клопат, для гэтага працуюць куратары-выкладчыкі і старшакурснікі-цьютары, якія мо­гуць падзяліцца з навічкамі сваім вопытам, дапамагчы адаптавацца ў розных сферах студэнцкага жыцця: вучобе, падрыхтоўцы мерапрыемстваў і г.д.

Затым ідзе аповед пра магчымасці ра­зумнага і цікавага адпачынку для студэнтаў факультэта, пра магчымасці рэалізацыі творчых памкненняў кожнага жадаючага, пра валанцёрскую дзейнасць і многае іншае. Напрыклад, на факультэце рэалізоўваюць сумесны праект з РНПЦ “Кардыялогія” для малодшых школьнікаў. А з Беларускай федэрацыяй шахмат факультэт пачатковай школы ў бягучым навучальным годзе пачаў праект “Шахматны дэбют”, тут нават адкрылі аўдыторыю імя першага беларускага гросмайстра Віктара Купрэйчыка.

Студэнты ўдзельнічаюць у міжнародных пошукавых экспедыцыях, працуюць важатымі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах у складзе атрадаў “Данка-1” і “Данка-2”, ­удзельнічаюць у конкурсе “Педагагічны дэбют” у рамках гарадскога конкурсу педагагічнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, у конкурсе ўніверсітэта “Студэнт года”, займаюцца многімі іншымі цікавымі, карыснымі справамі.

— Студэнцтва будучага педагога — гэта яскравая пара, якая, акрамя, безумоўна, навучання, узбагачае маральную сферу асобы студэнта, —  пераканана І.А.Буторына.

Самымі ж эмацыянальнымі падчас віртуальнага дня адкрытых дзвярэй былі выступленні студэнтак Настассі Дубоўскай і Таццяны Сярко. Дзяўчаты расказвалі пра тое, як цікава вучыцца, як многа магчымасцей факультэт дае для ўласнага развіцця, было б толькі жаданне. А яшчэ, адказваючы на пытанні абітурыентаў і іх бацькоў, гавораць пра тое, што месца ў інтэрнаце (для факультэта пачатковай адукацыі гэта інтэрнат № 4) атрымлівае кожны першакурснік, што і там яму дапамагаюць цьютары.


Пытанняў і адказаў падчас дня адкрытых дзвярэй было нямала: пра тое, ці могуць тут вучыцца іншаземцы, пра коль­касць выпускнікоў педагагічных класаў, якія паступілі на факультэт летась, кошт навучання, магчымасці перавесціся з платнай формы навучання на бюджэтную, вучэбную базу факультэта, ільготы для розных катэгорый абітурыентаў, стыпендыі, умовы паступлення для тых, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю, сістэму размеркавання выпускнікоў і г.д. А калі нехта чагосьці не зразумеў, заўсёды можна зайсці на сайт БДПУ або патэлефанаваць у прыёмную камісію, якая, дарэчы, правяла і свой віртуальны дзень адкрытых дзвярэй. І так адбывалася на ўсіх факультэтах. Фармат віртуальных сустрэч з абітурыентамі, іх бацькамі і педагогамі цалкам сябе апраўдаў, анлайн-сустрэчы сталі не менш інфармацыйна насычанымі і цікавымі, чым звычайныя.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ імя Максіма Танка.