Дзякуй, лес!

Альхоўскі дзіцячы сад размешчаны на ўскрайку сасновага лесу, і мы вучым дзетак беражліва ставіцца да прыроднага багацця, якім нам пашчасціла карыстацца. З ранніх гадоў арганізоўваюцца экскурсіі ў лес. Для нас гэта не складана: лес пачынаецца літаральна за агароджай дзіцячага сада.

Нашы малышы ведаюць аб лесе шмат. Кожны дзень можна назіраць за яго велічнасцю і прыгажосцю, сезоннымі зменамі, жыццём раслін і жывёл. Ладзяцца экалагічныя праекты (“Наш лес у розную пару года”, “Сасна і бяроза: адрозненні і падабенствы”, “Што за сляды на снезе?”), акцыі, накіраваныя на беражлівае стаўленне да прыроды (“Прыбяры свой лес”, “Не разбурайце мурашнікі!”, “Не рвіце першацветы!”).

З 2018 года дашкольная ўстанова рэалізуе праект “Фарміраванне экалагічнай культуры дашкольнікаў праз арганізацыю прыродаахоўнай дзейнасці”, разлічаны на тры гады.

Дзеці з задавальненнем гуляюць у лесе (спартыўныя гульні і практыкаванні “Хто хутчэй”, “Знайдзі шышку”, а таксама кіданне снежак і шышак).

Прыродны матэрыял, сабраны летам і восенню, дазваляе малышам на працягу года займацца творчасцю, развіваць фантазію і мастацкія здольнасці.

Блізкасць да лесу дазваляе ўбачыць мноства птушак: дзятлы манатонна дзяўбуць кару, чыркаюць вясёлыя сінічкі, вераб’і, сойкі, іншая малеча, якіх мы падкормлівалі ўсю зіму. Падчас прагулак можа пашчасціць убачыць вавёрку, зайца ці казулю. Пра насякомых і гаварыць няма чаго: як настануць першыя цёплыя дзянькі — любуйся матылькамі, разглядвай розных жучкоў-чарвячкоў-павучкоў.

Пра жыццё лесу і людзей, якія звязалі сваю прафесію з лесам, малышам расказвае ляснік Міхалішкаўскага лясніцтва Я.С.Волкаў. Ляснік — прафесія для смелых, добрых і працалюбівых, неабыякавых да прыроды. Пасля расказаў Яўгена Сяргеевіча многія малышы выказваюць жаданне быць леснікамі.

Складаем маршруты паходаў-экскурсій у лес (для дашкалят — не больш за 2,5 кіламетра).

Сёння нам, жыхарам вёскі, размешчанай у сэрцы лесу, хочацца сказаць: “Дзякуй, лес, за чыстае паветра, якім мы дыхаем штодня! Дзякуй за драўніну для патрэб чалавека: нашы прыгожыя дамы, мэблю, паперу! Дзякуй за магчымасць назіраць за тваім жыццём, любавацца тваёй прыгажосцю, мець магчымасць берагчы цябе і нават павялічваць тваё багацце!”.

Л.С.ГРЭЙЦЬ,
загадчык Альхоўскага дзіцячага сада Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.