Дзякуй маме

- 10:00Адукацыйная прастора

Урачысты прыём ад імя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка, прымеркаваны да Дня маці, прайшоў у Гродне.

Ордэн Маці атрымала Юлія Юрго.

Традыцыйна ў гэты цёплы і шчыры святочны дзень у Гродзенскім аблвыканкаме ўшаноўваюць жанчын, якія адгукаюцца на прыгожае слова “мама”. Нездарма кажуць, што ўсе мы дзеці, пакуль жывыя нашы бацькі. У Дзень маці старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў адрасавалі словы падзякі за цяжкую працу па выхаванні дзяцей мнагадзетным і прыёмным мамам, узнагароджаным ордэнам Маці, тым, чые дзеці дасягнулі высокіх вынікаў у розных галінах дзейнасці. 

— Цяжка пераацаніць ролю маці ва ўсіх аспектах жыцця чалавека, — падкрэсліў Уладзімір Каранік. — Мамы даюць жыццё кожнаму з нас, яны побач падчас самых складаных першых крокаў. Але разам з выхаваннем дзяцей яны адыгрываюць вельмі значную ролю ў жыцці нашага грамадства, працуючы ва ўсіх сферах дзейнасці. У гэты дзень хочацца сказаць ім вялікі дзякуй, пажадаць усяго самага добрага і светлага, каб заўсёды панавалі дабро і спакой у іх сем’ях, але пры гэтым яны маглі рэалізаваць сябе ў прафесійнай сферы, у напрамках, якія ім блізкія і цікавыя. 

Шчырыя словы падзякі старшыня аблвыканкама выказаў у адрас мам, якія выхоўваюць шмат дзяцей:

— Мнагадзетныя сем’і могуць разлічваць на ўсебаковую падтрымку з боку дзяржавы. Гэта і мацярынскі капітал, і магчымасць ільготнага вырашэння жыллёвых пытанняў, і ўдасканаленне сістэмы пенсіённага забеспячэння. Апошнія гады мы бачым, што гэтыя меры даюць вынік, мнагадзетных сем’яў становіцца ўсё больш, і гэта радуе. Спадзяёмся, што з цягам часу такая тэндэнцыя не толькі захаваецца, але і будзе ўзмацняцца.

Самай цяжкай назваў працу маці Юрый Караеў:

— За гэта дзякуй усім нашым маці, а асабліва мнагадзетным. Гэта сапраўдныя героі. Калі раней выхоўваць шмат дзяцей было звычайнай справай, то сёння не ўсе хочуць быць мнагадзетнымі бацькамі. Жанчынам трэба браць прыклад з тых, хто выхоўвае шмат дзяцей.

Двойчы ўрачыстым Дзень маці стаў для жанчын, якія ў гэты дзень атрымалі ордэн Маці. Сярод іх былі і прадстаўнікі сістэмы адукацыі вобласці. Інспектар аддзела кадраў Воранаўскай сярэдняй школы Юлія Юрго выхоўвае пяцярых дзяцей: дзвюх дзяўчынак і хлопчыкаў-трайнят.

— Мы пражываем кожны момант са сваімі дзецьмі, развіваемся разам з імі, даведваемся пра нешта новае. Спраўляцца з клопатамі дапамагае мая мама, вялікі дзякуй ёй за гэта. Добрыя памочніцы і дзяўчынкі. У дзецях мы імкнёмся выхаваць такія якасці, як сумленнасць і здольнасць праяўляць міласэрнасць, дабрыню, павагу да бацькоў і людзей увогуле, — расказала Юлія Юрго.

Цудоўнага сына, сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны выхавала Галіна Нічыпорчык, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 11 Ліды. Яе сын Андрэй Нічыпорчык у маі гэтага года трагічна загінуў пры выкананні службовага абавязку падчас крушэння самалёта ў Баранавічах. Экіпаж пад яго камандаваннем выконваў планавы вучэбна-трэніровачны палёт, падчас якога адбылася тэхнічная няспраўнасць. Лётчыкі адвялі машыну ад жылых дамоў цаной свайго жыцця. Зараз Галіна Міхайлаўна разам з мужам дапамагаюць нявестцы выхоўваць траіх унукаў, якія засталіся без бацькі.

— Свята мам — гэта заўсёды трапятанне ў душы, радасць. Да гэтага года мы заўсёды віншавалі маю маму і чакалі, што сын з дачкой прыйдуць павіншаваць мяне. Нядаўна не стала мамы, сын загінуў, не дажыўшы некалькі дзён да 34-годдзя. Але ў мяне ёсць унукі, выдатныя дачка і нявестка. З унукамі мы ўжо зрабілі падарунак для іх мамы. Мая мама нарадзіла шасцярых дзяцей і ўсё рабіла для нас. Сёння многія мнагадзетныя мамы паспяховыя ў прафесіі, іх дзеці дагледжаныя, адукаваныя, што вельмі прыемна. Я схіляюся перад такімі мамамі, — падзялілася Галіна Нічыпорчык.

Сярод запрошаных на свята былі настаўніца біялогіі Наваельнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Алена Баковіч, якая мае шмат дасягненняў у прафесійнай дзейнасці і ганарыцца поспехамі сына Аляксандра — пераможца і дыпламанта шматлікіх конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці, пераможца рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Метадыст Карэліцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Ардзюк выхоўвае траіх сыноў, старэйшыя маюць перамогі ў абласных турнірах па боксе. Метадыст Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Галіна Глуткіна выгадавала двух сыноў, якія дабіліся поспехаў у медыцыне. Старэйшы, Сяргей Віктаравіч, — намеснік дэкана педыятрычнага факультэта, а малодшы, Аляксандр Віктаравіч, — дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, абодва — аўтары шматлікіх навуковых работ. Ганарацца поспехамі сваіх дзяцей настаўніца музыкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Крыніцкая і загадчык дзіцячага сада аграгарадка Тур’я Шчучынскага раёна Алёна Хільмановіч.

Шчырыя словы падзякі, падарункі, музычныя нумары — у гэты дзень было зроблена ўсё для таго, каб стварыць для мам сапраўднае свята. Яны гэтага заслугоўваюць.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.