Дзякуй, што навучылі

- 15:04Адукацыйная прастора

Пакой бяспекі МНС з пачатку навучальнага года працуе ў яслях­-садзе № 111 Гродна.

У аснову стварэння пакоя пакладзены гульнявыя і пазнавальныя тэхналогіі, накіраваныя на тое, каб да­школьнікам было лягчэй асвойваць навыкі бяспечных паводзін у штодзённым жыцці. Заняткі накіраваны на фарміраванне ў дзяцей сістэмы норм і правіл паводзін у любой небяспечнай жыццёвай сітуацыі. Для гэтага ўся прастора пакоя падзелена на зоны. Ёсць куткі пажарнай бяспекі, правіл дарожнага руху, аказання першай медыцынскай дапамогі і бяспекі ў побыце, у тым ліку пры карыстанні газавым абсталяваннем.

У кожным кутку сабраны гульнявы, дыдактычны і раздатачны матэрыял, які шырока выкарыстоўваецца пры правя­дзенні заняткаў і падчас ролевых гульняў. Гэта і пажарны шчыт са сродкамі тушэння пажару, і манекен з поўным абмундзіраваннем пажарнага, і пажарныя машыны з высокімі лесвіцамі, і тэлефон, па якім можна “выклікаць” выратавальную службу. Для вывучэння правіл дарожнага руху выкарыстоўваецца афармленне сцен і макеты дарожных знакаў і святлафораў.

Вялікі запас дыдактычных гульняў па бяспецы сабраны ў лэпбуках, створаных рукамі выхавальнікаў і бацькоў. Акрамя таго, пакой абсталяваны новымі інфармацыйна-камунікацыйнымі сродкамі навучання, якія таксама выкарыстоўваюцца на занятках. Педагагічным калектывам назапашаны багаты метадычны матэрыял, прычым ён пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. Усё гэта дазваляе праводзіць заняткі з дзецьмі праз гульню, і не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.

— Гульнявая форма заняткаў, матэрыял, які пастаянна мяняецца, магчымасць усё паспрабаваць самому — усё гэта выклікае вялікую цікавасць і шмат станоўчых эмоцый у да­школьнікаў, — расказала загадчыца ясляў-сада № 111 Гродна Юлія Парманчук. — Дзеці чакаюць, калі адправяцца ў пакой бяспекі, бо ім тут вельмі падабаецца. У яслях-садзе 14 груп, таму мы склалі расклад наведванняў пакоя, каб там маглі пабываць усе. Сюжэтна-ролевыя гульні, прагляд відэаматэрыя­лаў ці звычайныя гутаркі на тэму бяспекі — усё гэта можна правесці ў пакоі бяспекі. Маленькім дзеткам цікава пагуляць, а больш старэйшыя ўжо з задавальненнем адказва­юць на пытанні па бяспецы. Ёсць шмат ідэй, як напоўніць наш пакой бяспекі новымі цікавымі рэчамі, будзем паступова іх рэалізоўваць.

На жаль, дзіцячае свавольства з агнём, бестурботнасць на дарозе прыводзяць да бяды. Таму так шмат увагі ў дашкольных установах удзяляецца тэме бяспекі. У яслях-садзе № 111 перад летнім сезонам плануюць ву­чыць выхаванцаў, як паво­дзіць сябе на беразе мора. Заняткі, праведзеныя ў цікавай для дзяцей форме, застаюцца ў іх памяці надоўга.


Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены яслямі-садам № 111 Гродна.