Дзякуй, што навучылі!

Асноўны прыярытэт работы нашай установы дашкольнай адукацыі ўжо шмат гадоў — навучанне правілам бяспечных паводзін.

На працягу ўсяго навучальнага года ў групах праводзяцца гульні-заняткі, дзе малыя ўспамінаюць правілы паводзін у тых ці іншых сітуацыях, вучацца вызначаць небяспеку. Вядуцца гутаркі з выхаванцамі і іх бацькамі аб правілах паводзін у лесе, на вадаёмах, пры катанні з гары на санках. З надыходам цяпла на тэрыторыі зноў запрацуе абноўленая пляцоўка ПДР, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць папоўніць і ў гульнявой форме замацаваць веды правілаў дарожнага руху.

У сярэдзіне сакавіка ў нашай установе прайшоў тыдзень бяспекі, падчас якога прайшо шмат цікавых мерапрыемстваў. У групах праведзены агляд-конкурс цэнтраў бяспекі, у музычнай зале адбылася выстава створаных выхавальнікамі дапаможнікаў, сюжэтна-ролевых, дыдактычных гульняў і іншых матэрыялаў па бяспечных паводзінах, а ў холе ўстановы — выстава праектаў “За бяспеку разам”, падрыхтаваная нашымі выхаванцамі сумесна з бацькамі.

Дзіцячы сад наведалі супрацоўнікі МНС, якія паказалі дзецям тэматычныя мультфільмы. Выхаванцы разыгрывалі сцэнкі і ўдзельнічалі ў конкурсах. Старэйшыя групы “Зорачкі” і “Сланечнікі” паказалі мюзікл “Сямёра казлянят”, падрыхтаваны пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка Жанны Браніславаўны Вішняковай, дзе героі нагадалі, якая небяспека можа хавацца, калі ты адзін дома, і як трэба сябе весці, калі хтосьці незнаёмы стукаецца ў дзверы.

Толькі ў цесным узаемадзеянні з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу можна быць упэўненым, што нашы дзеці скажуць нам: “Дзякуй, што навучылі!”.

Алёна СІКОРСКАЯ,
загадчык ясляў-сада № 6 Віцебска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *