Дзякуй студэнтам­-медыкам

- 12:10Адукацыйная прастора

Намеснік Прэм’ер­-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка сустрэўся са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў, павелічэння экспарту адукцыйных паслуг, удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта, а таксама барацьбы з пандэміяй.

У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, рэктар ГрДМУ Алена Краткова.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт па рэйтынгавых параметрах займае другое месца ў краіне сярод чатырох медыцынскіх УВА.

— Узровень падрыхтоўкі спецыялістаў у нашай краіне, у тым ліку ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, каціруецца ў свеце, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра. — Людзі з розных краін прыязджаюць да нас на вучобу, бо ведаюць якасць адукацыі. Атрымаўшы такую грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, вяртаюцца да сябе на радзіму добрымі спецыя­лістамі і аказваюць там неабходную медыцынскую дапамогу.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў важнасць праекта па развіцці ўніверсітэцкай клінікі, які ўпершыню ў краіне стартаваў у 2019 годзе.

— Мы павінны ісці ў нагу з часам і накіроўваць усе перадавыя тэхналогіі на ўмацаванне здароўя нашых грамадзян, на высокім узроўні аказваць медыцынскія паслугі. Дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў развіццё сістэмы аховы здароўя ў краіне, каб кожны чалавек ведаў, што ў цяжкую хвіліну медыцына прый­дзе яму на дапамогу і ён атрымае неабходны ўзровень высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. Хачу падзякаваць студэнтам за работу ў якасці сярэдняга медыцынскага персаналу ў час пандэміі ў медыцынскіх установах, у тым ліку і ў “чырвоных зонах”. Вялікая ўдзячнасць прафесарска-выкладчыцкаму складу УВА за іх удзел у барацьбе з COVID-19, за кансультацыйную дапамогу.

Тэма пандэміі закраналася і ў пытаннях студэнтаў. Адказваючы на іх, намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што перамагчы каранавірусную інфекцыю — адна з ключавых задач. Добра, што мы захавалі нашы інфекцыйныя аддзяленні, дзяржава пастаянна ўкладвала сродкі ў аснашчэнне іх перадавымі сродкамі дыягностыкі і лячэння. А калі спатрэбілася дапамога, то поруч з медыкамі ўсталі і студэнты. Ігар Петрышэнка таксама адзначыў высокі ўзровень вакцынацыі сярод прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў ГрДМУ.

Пасля сустрэчы са студэнтамі намеснік прэм’ер-міністра наведаў анатамічную экспазіцыю ГрДМУ.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.