Дзякуй табе, мама!

Слова “мама” важнае ў жыцці кожнага. Калі мы прамаўляем яго, то маем на ўвазе дабрыню, любоў, ласку, клопат, цярпенне і падтрымку. Матчына любоў бязмежная і невычэрпная.

У Дзень мацi самых дарагiх людзей вiншавалi і вайскоўцы 2-й інжынернай брыгады. Сярод iх — механік-тэлефаніст радавы Ілья Конеў: “Я хачу сказаць “дзякуй” маёй мацi Алене Мікалаеўне за мудрасць, падтрымку і разуменне, клопат і любоў. Мая матуля больш за 10 гадоў працуе у Белдзяржстраху. А па адукацыі яна паліграфіст. У маладосці працавала па спецыяльнасці і нават была дырэктарам невялікай друкарні. Нягледзячы на паспяховую кар’еру, яна, выйшаўшы замуж, рызыкнула кінуць усё дзеля сям’і. З Мінска ўслед за маім бацькам, афiцэрам, яна адправілася на Кольскі паўвостраў.

Жыць там, вядома, было складана, але пабываць вельмi цiкава. Зараз я б з вялікім задавальненнем з’ездзіў туды, каб успомніць сваё дзяцінства, паглядзець на прыроду, пагуляць па прыстані, уздоўж якой ваенныя караблі і падводныя лодкі стаяць як у нас машыны на паркоўцы. Памятаю, там было вельмі халодна. Але прырода ў тых краях вельмi прыгожая: дрэвы карлікавыя, а камяні на іх фоне проста велізарныя.

Менавіта там, у ваенным гарадку закрытага тыпу, мама працавала у вайсковай часці, дзе служыў мой бацька. Так што цяпер, калі я праходжу тэрміновую ваенную службу ў войску, нічога маштабна новага для сябе не адкрываю. Мама таксама ведае ўсю гэтую “ўнутраную кухню”, таму не хвалюецца за мяне. Не крыўдзіцца, калі патэлефанаваць у мяне часам не атрымліваецца. Яна ведае, што са мной усё ў парадку, а я вучуся новай для мяне ваеннай спецыяльнасці, выконваю святы абавязак перад Айчынай.

Адзiн, а то i два разы на тыдзень я абавязкова тэлефаную маме і кажу, што здаровы, сумую, люблю яе і абдымаю. Я не лічу, што трэба саромецца гэтых пачуццяў. Мама — самы блізкі для мяне чалавек, самы родны. І гэтыя тры цёплыя і прыемныя любой маці словы ёй важна пачуць ад мяне — адзінага сына.

Мая мама, мабыць, здаецца строгай, а на самай справе — вельмі добрая. Я ўдзячны ёй і за падтрымку пры выбары будучай прафесіі. Калі мы вярнуліся ў Мiнск, я зусім не валодаў беларускай мовай. Тады мы з ёй бралі кнігі ў дзіцячай бібліятэцы на беларускай мове і чыталі разам. З цягам часу мне так спадабалася родная мова, што стаў вывучаць яе нават самастойна. Яна адметная, i што ні выраз — то трапнае выслоўе. Але мацi ніколі не прымушала мяне вучыцца. Яна мудра кіравала працэсам збоку. Калi садзіліся вячэраць, абавязкова абмяркоўвалі мінулы дзень. Яна расказвала пра свае справы, я распавядаў, што адбылося ў школе, дзе я атрымаў заўвагу, якія адзнакі мне паставілі. Потым, будучы ўжо ў новым статусе — настаўніка, філолага, таксама дзяліўся з ёй уражаннямі. А цяпер, у дні наведванняў у нашай ваеннай часцi, абавязкова расказваю ёй пра службу ў 2-й інжынернай брыгадзе.

Мама, дзякуй табе за ўсё! Сёння ў цябе свята, і я хачу пажадаць табе і ўсім мамам быць моцнымі, не хвалявацца і не турбавацца дарма за нас — салдат, абаронцаў Айчыны. Мы вас любім і хутка вернемся дадому”.

Мацi кажуць:

Таццяна Мікалаеўна з сынам радавым Аляксандрам Стрэльчыкам:

— Калi сын пайшоў у ваенны камiсарыят, я так i казала: “Саша, чым раней пойдзеш у войска, тым лепш. Бо калі станеш старэйшы, праходзіць тэрміновую ваенную службу будзе складаней”. Вядома, хацелася, каб ён прайшоў гэты важны этап у жыцці кожнага мужчыны і спакойна далей будаваў кар’еру.

Наталля Міхайлаўна з сынам малодшым сяржантам Аляксандрам Лазучонкам:

— Сяброўкам я заўсёды з гонарам расказваю, як праходзіць служба майго сына. Не так даўно абмяркоўвалі адну з важных старонак яго службы. Саша быў у Казахстане. Там у рамках збору падраздзяленняў інжынерных войскаў узброеных сіл дзяржаў — удзельніц СНД праходзiла спаборніцтва.

Але ў мінулым годзе, калі мы даведаліся, што служыць Сашы трэба будзе ў 2-й інжынернай брыгадзе, я, вядома, перажывала, распытвала знаёмых, што гэта за ваенная часць. Казалi, што яна ўзорная і з дысцыплінай тут строга. Мы з Сашам вялікія сябры і заўсёды дзяліліся думкамі, пачуццямі, перажываннямі. Я была ўпэўненая, што сын знойдзе сваё месца і ў войску, бо ён заўсёды быў актыўны і імкнуўся развівацца, займацца самаадукацыяй. Вядома, спачатку я лiчыла, што ён страціць гэты год. Але цяпер пераканалася, што тэрмiновую службу трэба было прайсцi. Саша праверыў сябе, і далей ісці па жыцці яму будзе прасцей і лягчэй.

Вольга Эдвардаўна з сынам радавым Алегам Нікалаевым:

— Для нас было нечакана, што сын пайшоў праходзiць тэрміновую ваенную службу. Алег атрымаў адукацыю, яго размеркалi у Мінск на нядрэнную і перспектыўную пасаду, паступіў у БНТУ на завочную форму навучання. А тут армія! Але, з іншага боку, пройдзе тэрміновую ваенную службу — і можна будзе спакойна планаваць далейшае жыццё.

Цяпер Алег служыць у 2-й інжынернай брыгадзе. Ён механік-тэлефаніст. Я заўважыла, што за гэты час ён стаў больш самастойны, спакойны, упэўнены. І рада, што ў яго ўсё добра.

Запісала Алена МЯЦЕЛЬСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *