Дзякуй за мірнае неба!

У гэтыя дні ў краіне праходзяць мерапрыемствы рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Дзякуй за Перамогу!”, арганізаванай Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй. 30 красавіка на сталічнай плошчы Перамогі ўрачыста быў дадзены старт акцыі, а фінальныя акорды прагучаць паслязаўтра, 9 мая, у Дзень Перамогі.

Рэспубліканская патрыятычная акцыя “Дзякуй за Перамогу!” з’яўляецца традыцыйным праектам БРСМ і праводзіцца на працягу некалькіх гадоў з мэтай фарміравання ў моладзі нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, павагі да подзвігу, які здзейснілі нашы продкі амаль 70 гадоў назад. Дзеля гэтага ладзяцца ўрачыстыя мітынгі, вахты памяці, конкурсы патрыятычнай песні, творчыя фестывалі, канцэрты, маладзёжныя форумы, паказваюцца фільмы і тэатральныя пастаноўкі на ваенную тэматыку.

Для кожнага рэгіёна, у залежнасці ад яго геаграфічных і гістарычных асаблівасцей, складзены асобны план мерапрыемстваў. Напрыклад, для брэсцкіх школьнікаў цэнтрам урачыстасцей становіцца знакамітая крэпасць, для навучэнцаў устаноў Ушацкага раёна — мемарыяльны комплекс “Прарыў”, на Віцебшчыне запланавана таксама закладка дубравы ў межах акцыі “Саду Шмырова квітнець”. І такіх месцаў на Беларусі сотні. Неад’емнай часткай акцыі з’яўляюцца сустрэчы з ветэранамі. Размовы з франтавікамі, партызанамі, падпольшчыкамі, працаўнікамі тылу з кожным годам становяцца ўсё больш актуальнымі і каштоўнымі, бо, на жаль, прадстаўнікі ваеннага пакалення імкліва адыходзяць ад нас. Тым, каму ў 1945 годзе не было і 20-ці, хутка споўніцца 90 гадоў. Ветэранам як ніколі патрэбны наш клопат і ўвага.
Увага заключаецца не толькі ў віншаваннях, словах падзякі за чыстае мірнае неба, але і ў канкрэтнай дапамозе. Удзельнікі валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” разам з цімураўцамі ў гэтыя дні наводзяць парадак у кватэрах, дамах, на прысядзібных участках ветэранаў. А напярэдадні Вялікадня, у чысты чацвер, да гэтай справы далучыліся і фіналісткі міжнароднага конкурсу прыгажосці “Каралева Вясна — 2013”. Юныя прыгажуні з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Латвіі, Таджыкістана, Туркменістана, Кітая завіталі ў госці да сям’і ветэранаў Мікалая Іосіфавіча і Марыі Іосіфаўны Дудко. Памыць вокны і падлогу — гэта таксама своеасаблівая падзяка ветэранам за мірнае неба.
— У мінулым годзе падчас акцыі піянеры павіншавалі са святам больш за 30 тысяч ветэранаў. Сёлета таксама падрыхтаваны паштоўкі і спецыяльныя наклейкі з сімвалам акцыі — чырвонай зоркай. На ўрачыстых зборах, лінейках у гэтыя дні акцябрат прымаюць у піянеры з удзелам ганаровых гасцей. Напрыклад, у мінулым годзе гальштукі павязваў старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Васільевіч Батура, — паведаміла старшыня Цэнтральнага Савета БРПА Вікторыя Мянанава.

Па словах першага сакратара ЦК БРСМ Ігара Іванавіча Бузоўскага, адметнасцю сёлетняй акцыі стала стварэнне арыгінальных плакатаў з выявамі нашых землякоў, якія за здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай вайны подзвіг былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Менавіта з урачыстага вынасу гэтых плакатаў пачалася ў мінулы аўторак цырымонія адкрыцця акцыі на сталічнай плошчы Перамогі. Для ўскладання кветак да абеліска і ўшанавання хвілінай маўчання памяці пра загінуўшых прыйшлі акцябраты, піянеры, актыў БРСМ, прадстаўнікі творчых аб’яднанняў. Своеасаблівую падзяку выказалі героям і ўдзельнікі міжнароднага аўтапрабегу, прысвечанага 70-годдзю перамогі ў Сталінградскай бітве (прабег праводзіцца на аўтамабілях “ГАЗ “Перамога” па ініцыятыве Маладзёжнага парламента пры Думе Ханты-Мансійскай акругі Югры). Аўтамабілісты разам з ветэранамі праехалі па плошчы круг пашаны.

Яркай падзеяй акцыі стала правядзенне на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі рэспубліканскага фестывалю паветраных змеяў “ТэхнаЭнергія”. Яго ўдзельнікі расфарбавалі неба над сталіцай незвычайнымі лятальнымі апаратамі, створанымі з паперы, шоўку, рознакаляровых нітак і другаснага матэрыялу. Падчас фестывалю вызначаліся і найбольш арыгінальныя па форме і афарбоўцы паветраныя змеі ў намінацыях “Гераічны вандроўнік”, “Уладальнік нябёсаў”, “Змяіны найвышэйшы пілатаж”, “Паветраных змеяў караван”, “Самы крэатыўны паветраны змей”. Для ўдзельнікаў кожнай намінацыі прад’яўляліся асобныя патрабаванні. Напрыклад, за званне лепшага гераічнага вандроўніка змагаліся ўладальнікі толькі тых паветраных змеяў, на якіх былі пазначаны імёны Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Беларусі. Да незвычайнага авіясвята далучыліся і ўдзельнікі ўжо згаданага міжнароднага аўтапрабегу.

Як паведаміў падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні адкрыцця акцыі Ігар Іванавіч Бузоўскі, мерапрыемствы, накіраваныя на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, не абмяжоўваюцца толькі перыядам з 30 красавіка па 9 мая. Толькі сістэматычная работа прынясе плён і сфарміруе ў моладзі павагу да ваеннага подзвігу нашага народа.

Ігар ГРЭЧКА.

hrechka@ng-press.by

Фота БелТА.