Дзякуй за тое, што вы ёсць

- 12:13Адукацыйная прастора

Двое сыноў і дачка. Усе дзеці — настаўнікі. І прафесія гэтая для кожнага з іх любімая, а выбар усвядомлены. Трэба думаць, што гэта ад маці. Яна працавала загадчыкам школьнай бібліятэкі, і матуліну павагу да кнігі і да настаўніцкай працы дзеці адчувалі амаль з калыскі. Таму не дзіўна, што ў сям’і выраслі два географы і філолаг.

Аповед гэты — пра нашага пастаяннага чытача і аўтара шматлікіх публікацый Элу Валер’еўну Кучар.

Педагагічны стаж настаўніка-метадыста Элы Валер’еўны складае 22 гады, большую частку з якіх яна займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ў Рэчыцкім раённым ліцэі. Аднак адміністрацыйныя абавязкі не заглушылі ў ёй настаўніка. Наадварот, яна адкрывае ўсё новыя і новыя гарызонты ў дзейнасці педагога-філолага, для яе ніколі не было дастаткова прыйсці ў клас да дзяцей і проста адбыць 45 хвілін за сумным разборам правіл ці якога-небудзь твора. Яна настаўнік, які прагне творчасці, сочыць за развіццём сучасных педагагічных тэхналогій і паспяхова выкарыстоўвае іх у рабоце. Поспех, як лічыць Эла Валер’еўна, заключаецца ў сутворчасці настаўніка і вучня, даверы да творчых сіл і здольнасцей дзяцей. Індывідуальная і калектыўная работа на ўроку, самастойнае выкананне заданняў пошукавага і творчага характару — вось што ляжыць у аснове навучання ліцэістаў прадмету, бо галоўная мэта, якую ставіць перад сабой настаўнік у адукацыйным працэсе, — гэта фарміраванне ў кожным вучню актыўна думаючай, дзейснай і сацыяльна значнай асобы. Выкананню гэтых мэт спрыяе патрыятычная накіраванасць усёй працы педагога, развіццё пазнавальнай цікавасці і фарміраванне стойкай жыццёвай пазіцыі вучняў.

Любоў дзіцяці да таго ці іншага прадмета пачынаецца з настаўніка. Гэта бясспрэчны закон, доказаў якому мноства. А далей абавязкова будуць поспехі, якія стануць мерай прафесіяналізму педагога. За час работы ў ліцэі Э.В.Кучар падрыхтавала дзясяткі пераможцаў алімпіяды па рускай мове і літаратуры, яе навучэнцы неаднаразова дасягалі вяршынь у навуковых чытаннях і канферэнцыях, інтэлектуальных конкурсах, фестывалях рознага ўзроўню.

— Як бы ні мяняліся школьныя праграмы, на плечы настаўніка ўскладзена вельмі складаная задача — навучыць нас усяму, што ён ведае сам, і нават больш, — разважае адзінаццацікласніца Настасся Ушак. — Мне здаецца, што для Элы Валер’еўны лепшай узнагародай становяцца перамогі навучэнцаў і выпускнікоў ліцэя ў розных інтэлек-туальных спаборніцтвах.

— З дапамогай Элы Валер’еўны многія ліцэісты адкрываюць для сябе дзіўны свет ведаў, спазнаюць сакрэты навук i атрымліваюць бясцэнны вопыт жыцця, — падтрымлівае аднакласніцу Настасся Троцкая. — Ведаеце, яна незвычайны настаўнік. Яна запальвае сэрцы і розумы, будзіць таленты, адкрывае для нас новыя магчымасці. Яна ўкладвае ў кожнага з нас часцінку сваёй душы.

Дзяўчынкі кажуць, што іх настаўніца і намеснік дырэктара для кожнага ліцэіста — узор маральнасці і справядлівасці, той настаўнік, які накіроўвае на правільны шлях і -дапамагае выбраць, якімі людзьмі стаць у будучыні. І няхай ліцэйскае жыццё працягваецца ўсяго 2 гады, гэтага дастаткова, каб вучні знайшлі ў асобе Элы Валер’еўны блізкага сябра.

Пакуль дзве Настассі расказваюць пра любімую настаўніцу, да іх кампаніі далучаецца яшчэ адна ліцэістка. Яніна Мельнічэнка — міністр адукацыі ліцэйскай рэспублікі і кіраўнік навуковага таварыства ліцэістаў “Фатон”, якім кіруе Эла Кучар.

— Мне цяжка выказаць словамі, наколькі я ўдзячна за тое, што маю магчымасць працаваць з Элай Валер’еўнай! — спяшаецца падзяліцца сваімі эмоцыямі Яніна. — Як цудоўны настаўнік яна навучыла і працягвае вучыць мяне мудрасці, справядлівасці, працавітасці, мэтанакіраванасці і веры ў сябе. Калі мы разам распрацоўваем розныя навуковыя праекты, у мяне заўсёды з’яўляецца велізарнае жаданне і натхненне працаваць усё больш і больш, даследаваць нешта новае.

Дзяўчына заўважае, што аддачы і любові настаўніцы да справы можна толькі пазайздросціць. А дзякуючы яе ўкладу ў развіццё навуковага таварыства, кожны год навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у многіх даследчых конкурсах. Дарэчы, навуковае таварыства ліцэістаў “Фатон” у 2012 годзе за перспектыўныя распрацоўкі было ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Кажуць, што школа павінна не проста даваць веды, а рыхтаваць да жыцця. Менавіта так бачыць школу і наша гераіня: яна імкнецца выпусціць у свет дзяцей, якія не толькі маюць веды па шэрагу прадметаў, а гатовы паспяхова будаваць сваё жыццё, з лёгкасцю адаптуючыся ў сацыяльнай прасторы, здольныя аналізаваць і рабіць высновы. Яна сама як прыклад для сваіх падапечных. Выдатны настаўнік і кіраўнік, паважаны калега з бясконцым творчым запалам і мноствам ідэй і проста добры, надзейны таварыш.

Дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя І.Я.Петкун прызнаецца, што яе намеснік і для яе асабіста ў многім з’яўляецца прыкладам. Вучні ў любы час могуць звярнуцца па дапамогу да Элы Валер’еўны, калегі ведаюць, што заўсёды знойдуць падтрымку або атрымаюць каштоўную параду. Яна ідзе ў нагу з часам, заўсёды зараджае пазітывам, у рашэннях — справядлівая, у адносінах — шчырая, да ўсіх ставіцца з разуменнем і шануе тых, хто побач.

— Велізарнае шчасце працаваць у адным калектыве з такім выдатным чалавекам і надзейным паплечнікам, — гаворыць Ірына Якаўлеўна. — Яе дабрыня, чуласць і спакой, мудрасць і педагагічны талент дапамагаюць справіцца з любымі праблемамі. А ў сэрцы ў яе заўсёды жыве любоў: любоў да жыцця, да сваёй прафесіі, да свайго прадмета, да дзяцей. І ведаеце, я часта ёй кажу: “Дзякуй, дарагая Эла Валер’еўна, за мудрасць і цярпенне, дзякуй за энтузіязм і знаходлівасць, за тое, што вы ёсць”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва Рэчыцкага раённага ліцэя.