Дзякуй за ўсмешку, валанцёр!

Словы падзякі ў адрас валанцёраў, якія ўдзельнічалі ў ІІ Еўрапейскіх гульнях, прагучалі ў Купалаўскім ўніверсітэце. 285 студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы былі задзейнічаны на 20 кірунках — на спартыўных арэнах Мінска, у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы Беларусі, у фан-зонах Гродна.

Для падрыхтоўкі студэнтаў да ўдзелу ў такой важнай спартыўнай падзеі ў ГрДУ быў створаны цэнтр па падрыхтоўцы валанцёраў, тут яны праходзілі спецыяльныя курсы і трэнінгі.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, намеснік старшыні Гродзенскага абл­выканкама Віктар Лісковіч падкрэсліў, што валанцёры падчас Еўрапейскіх гульняў у Мінску атрымалі вялікі жыццёвы вопыт, які стаў укладам у фарміраванне іх асобы. Сёння важна не згубіць такі вопыт. Пасля валанцёры ўдзельнічалі ў правя­дзенні Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. У далейшым яны стануць памочнікамі на абласных святах і іншых маштабных падзеях.

— Зусім нядаўна мы віталі спартсменаў — удзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў, а сёння — валанцёраў, — сказала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. — Вы з гонарам выканалі ўскладзеную на вас адказную місію — прадставілі нашу краіну і наш універсітэт на II Еўрапейскіх гульнях. Дзякуй за ваш удзел, за тое, што на працягу ўсёй гэтай падзеі вы былі яркімі, актыўнымі, зараджалі пазітывам.

Такая работа гродзенскіх валанцёраў была адзначана ўзнагародамі: граматай Савета Міністраў, граматай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, дзвюма граматамі фонду дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. 13 студэнтаў узна­гародзілі граматамі ўніверсітэта.

Аб бясцэнным вопыце, радасці ўдзельнічаць у яркай падзеі, новых сябрах расказалі і студэнты. Студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Лізавета Янец уваходзіла ў склад пратакольных валанцёраў і знаходзілася ў эпіцэнтры спартыўнай па­дзеі — удзельнічала ў цырымоніі ўзнагаро­джання спартсменаў, на адкрыцці і закрыцці гульняў. Студэнт 2 курса факультэта эканомікі і кіравання Ілья Якімовіч сустракаў гасцей у пункце пропуску “Брузгі” на беларуска-польскай граніцы, студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта Ганна Мыслівец — у Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Усе валанцёры атрымалі сертыфікаты і падарункі ад дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў. Дарэчы, 41 студэнт універсітэта быў адзначаны дырэкцыяй як найбольш якасна выконваючы свае абавязкі. Яшчэ адным падарункам валанцёрам ад рэктара сталі білеты на канцэрт, які адбыўся ў Дзень горада.

Сем студэнтаў ГрДУ працягнулі сваю валанцёрскую дзейнасць падчас лёгкаатлетычнага матча  Еўропа — ЗША ў Мінску.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.