Дзякуючы педагогам з Калінкавіч здзейсніць вандраванне па вуліцах Міру Беларусі зараз можна і віртуальна

- 14:26Школа мира

Педагогі сярэдняй школы № 1 Калінкавіч падлічылі, колькі ўстаноў адукацыі ўдастоены ганаровага статусу “Школа міру”, колькі мірных вуліц налічваецца ў нашай краіне, а яшчэ падзяліліся цікавымі фактамі аб вёсках, гарадах і славутасцях Беларусі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэтыя і іншыя даныя аб’ядналі ў інтэр­актыўным міратворчым праекце — марафоне “Вуліцамі Міру Беларусі”. Дырэктар сярэдняй школы № 1 Ірына Паўлава стала не толькі ідэйным натхняльнікам, але і матывавала калег прыняць удзел у маштабным праекце Беларускага фонду міру і Міністэрства адукацыі Беларусі — III Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячай міратворчасці і Школ міру “Дзеці за мір!”. Дарэчы, марафон “Вуліцамі Міру Беларусі” прызнаны лепшым у краіне.

— Наш праект накіраваны на рэалізацыю, развіццё і прыцягненне навучэнцаў і педагогаў у сацыяльна значную міратворчую і гісторыка-краязнаўчую дзейнасць, — гаворыць Ірына Міхайлаўна. — Акрамя таго, распрацоўка засяроджвае ўвагу дзяцей і моладзі, педагагічных калектываў на праб­лемах захавання міру, папулярызацыі ідэй дружбы і ўзаемаразумення паміж людзь­мі, краінамі і народамі, садзейнічае адукацыйнаму і міратворчаму супрацоўніцтву, абмену вопытам паміж установамі адукацыі Беларусі і іншых краін. Таксама садзейнічае выхаванню падрастаючага пакалення ў духу грамадзянскасці і патрыятызму, маральнасці і працавітасці, фарміраванню асобаснацэласнага стаўлення да сваёй Радзімы — як да краіны-міратворца.

Сапраўды, за кароткі час была праве­дзена вялікая работа калектывам, і вынік, безумоўна, уражвае. Удзельнікі марафону-падарожжа “Вуліцамі Міру Беларусі” могуць займальна і інтэрактыўна азнаёміцца не толькі з Гомельшчынай, але і з іншымі рэгіёнамі рэспублікі, даведацца пра славутыя мясціны, гісторыка-культурную спадчыну, сацыяльна значныя і міратворчыя аб’екты, стваральную дзейнасць Школ міру.

Над праектам працавала каманда педагогаў 1-й школы: настаўніца англійскай мовы Лілія Хамутоўская, настаўніца інфарматыкі Галіна Ламан, настаўніца англійскай мовы і інфарматыкі Сняжана Крыцкая, настаўніца гісторыі Наталля Альхіменак. Яны адабралі, апрацавалі і сістэматызавалі інфармацыю, працавалі пры цесным супрацоўніцтве з краязнаўцамі, знайшлі ўнікальныя аб’екты (напрыклад, помнік бульбе), зацікавілі ўласнай распрацоўкай навучэнцаў і іх бацькоў. Пачалі больш падрабязна вывучаць родны горад, раён, Гомельскую вобласць, а потым не змаглі спыніцца і замахнуліся на маштабнае даследаванне ўсёй краіны ў міратворчым напрамку.

— Інтэрактыўная карта ўяўляе сабой візуальную інфармацыйную сістэму, якая змяшчае звесткі, якія можна атры­маць па кліку, варта толькі навесці курсор на аб’ект, — далучаецца да размовы Галіна Ламан. — Меню прадстаўлена ў выглядзе кветак васілька, пры націску карыстальнік атрымлівае доступ і можа азнаёміцца з ідэяй праекта, атрымаць інструкцыі і разгледзець карту. Таксама дадаткова можна даведацца аб Школах міру, установах аховы здароўя, сацыяльна значных і прыродна-гаспадарчых аб’ектах, гістарычных і памятных месцах, якія знаходзяцца на вуліцах або праспектах Міру. Чаму так? Мы — спадчыннікі нашых дзядоў і прадзедаў, тых, хто цаной уласнага жыцця здабыў Перамогу ў далёкім 1945 годзе. Спадчыннікі тых, хто адраджаў нашу краіну ў пасляваенныя гады, будаваў новыя прадпрыемствы, узводзіў гарады з новымі раёнамі і вуліцамі. Цікавы факт: менавіта пасля вайны з’явіліся вуліцы Міру, іх маштабнае будаўніцтва пачалося ў пасляваенныя гады, стаўшы сімвалам адраджэння, надзей і памкненняў народа да міру. А ці ведаеце вы, колькі мірных вуліц налічваецца ў нашай краіне і колькі ўстаноў адукацыі маюць ганаровы статус “Школа міру”? А нам удалося даведацца пра гэта! Вынікам каманднай работы стала стварэнне інтэрактыўнай карты, на якую нанесена 204 вуліцы Міру, указана 228 сацыяльна значных аб’ектаў, якія знаходзяцца на вуліцах Міру Рэспублікі Беларусь, больш за 200 Школ міру і восем офісаў Беларускага фонду міру. Усяго больш за 800 аб’ектаў.

Што характэрна, кожны аб’ект пазначаны васільком, які адпавядае вызначанай катэгорыі. Так, карта знаёміць з горадам Калінкавічы: устаноўлена, што ў пасляваенны час тут на вуліцы Міру пражываў 21 ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

— На нашай карце адлюстравана 20 Школ міру Гомельскай вобласці і 87 значных аб’ектаў, размешчаных на вуліцах Міру, — расказвае больш падрабязна пра праект Лілія Хамутоўская. — Мала хто ведае, што ў Калінкавіцкім раёне на вуліцы Міру, 27 знаходзіцца аграсядзіба-музей “Аўцюкі”. Сядзіба набыла вядомасць дзякуючы Усебеларускаму фестывалю народнага гумару, які быў упершыню праведзены ў 1995 годзе і праславіў раён далёка за яго межамі. На базе лясніцтва ў Глінішчах, таксама размешчанага на вуліцы Міру, дзейнічае экалагічны маршрут, тут знаходзіцца дом-музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа. Багатая гісторыя вуліц Міру Мінскай вобласці, на нашу карту нанесена 27 Школ міру і 36 вуліц. Вось, напрыклад, у Салігорску побач з праспектам Міру знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць — Сабор Нараджэння Хрыс­това — духоўны цэнтр Слуцка-Салігорскай епархіі. Ён з’яўляецца самым вялікім праваслаўным храмам Мінскай вобласці. Сталіца — рэкардсмен у плане дзіцячай міратворчасці: на інтэрактыўнай карце змешчана інфармацыя пра 50 сталічных Школ міру, у тым ліку трэба адзначыць сярэднюю школу № 97 Мінска імя В.У.Гергеля. Гэта ўстанова, якой адной з першых быў прысвоены ганаровы статус. У ёй размешчаны ўнікальны музей міратворчых аперацый, які расказвае пра гісторыю міратворчасці ААН.

Славяцца вуліцамі і Школамі міру і іншыя вобласці рэспублікі. На старонцы кожнай установы адукацыі, нанесенай на карту, размешчана кароткая інфармацыя пра брэндавыя праекты, год прысваення ганаровага статусу, фатаграфіі мерапрыемстваў, а таксама кантакты і спасылкі на іх сайты.

— Удзельнікі марафону-падарожжа “Вуліцамі Міру Беларусі” маюць выдатную магчымасць займальнага інтэрактыўнага знаёмства з роднай краінай, з яе рэгіёнамі, славутасцямі, гісторыка-культурнай спадчынай, міратворчымі аб’ектамі, стваральнай дзейнасцю школ і грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” ў імя дабра, — падсумавала Лілія Міхайлаўна.

У сярэдняй школе № 1 — Школе міру ўпор робіцца на патрыятычнае выхаванне дзяцей, педагогі ініцыіруюць мноства добрых акцый і карысных спраў. Так, у рамках праекта была арганізавана раённая сустрэча міратворцаў розных пакаленняў, мерапрыемства прымеркавана да Дня ўтварэння Фонду міру. У Міжнародны дзень сям’і на вуліцы Міру сумесна з Палескім дзяржаўным аграрным кале­джам імя У.Ф.Міцкевіча высадзілі памятную алею. Юныя міратворцы прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Кветкі жыцця” па зборы сродкаў для Сонечкі Крывой з Гомеля, якой патрабавалася дапамога.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена Беларускім фондам міру