Выхаванцы дзіцячага сада № 16 Калінкавіч добра ведаюць гісторыю, вуліцы і прадпрыемствы роднага горада, ганарацца месцам, дзе жывуць. І заслуга ў гэтым не толькі бацькоў. Некалькі гадоў педагогі дашкольнай установы рэалізуюць праект “Мой горад”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Маленькія жыхары Калінкавіч разам з Аленай Верамеевай
Дзякуючы рэгулярным прагулкам і экскурсіям, тэматычным гутаркам, хлопчыкі і дзяўчынкі цудоўна арыентуюцца на карце горада: з лёгкасцю знойдуць любую вуліцу, пакажуць месцазнаходжанне прадпрыемстваў і нават назавуць іх прадукцыю. Так, на пытанне выхавальніцы Алены Васільеўны Верамеевай “Што выпускае “Калінка”?” дзеці дружна адказалі: “Сыры, сметанковае масла”.
— З ранняга дзяцінства нашы выхаванцы знаёмяцца з гісторыяй, адметнасцямі роднага горада. У іх фарміруюцца ўяўленні аб найбліжэйшых вуліцах, будынках, правілах дарожнага руху і паводзінах на вуліцы, яны вучацца арыентавацца ў гарадскім асяроддзі. Самай складанай для іх успрымання з’яўляецца гістарычная тэма. Але мы з калегамі знайшлі дзейсны падыход: з мінулым знаёмім падчас разгляду ілюстрацый, фатаграфій, інтэлект-карт, праводзім віртуальныя і рэальныя экскурсіі, туры выхаднога дня з бацькамі. Часта выкарыстоўваем папку “Горад мой працоўны”, разам наведваем бібліятэку, пошту, магазіны, дзе расказваем дзецям пра дзейнасць гэтых устаноў, знаёмім з прафесіямі людзей, якія там працуюць, — паведаміла загадчыца дзіцячага сада Людміла Іванаўна Палявая.
На яе думку, дзецям важна даць магчымасць праявіць любоў да роднага горада ў актыўнай форме, таму ў педагагічным арсенале Людмілы Іванаўны і яе калег з дзясятак гульняў кшталту “Дом, у якім я жыву”, “Падарожжа па горадзе”. Таксама педагогі часта прапануюць старэйшым дашкольнікам выканаць разнастайныя творчыя заданні на тэму “Мой дом”, “Вуліцы горада”.
Для паспяховай рэалізацыі праекта ў кожнай групе дзіцячага сада створаны цэнтр краязнаўства. Асноўныя формы работы — гульні.
Распрацаваны выхавальнікамі міні-праект “Мой горад — Калінкавічы”, падчас якога з мэтай павышэння дзіцячай мысліцельнай актыўнасці педагогі выкарыстоўваюць прыёмы параўнання (напрыклад, побыту ў мінулым і ў наш час), прапануюць выхаванцам паведаміць, чаму горад стаў прыгажэйшым і як чалавек сваёй працай змяніў яго.
— Вялікую ўвагу ўдзяляем знаёмству дзяцей з сімволікай горада, яго архітэктурай: часта разглядаем фотаальбомы з прыгожымі будынкамі Калінкавіч. Свае ўражанні хлопчыкі і дзяўчынкі адлюстроўваюць на аркушах паперы з дапамогай каляровых алоўкаў альбо фарбы, праз стварэнне аплікацый. Тэматыка дзіцячых работ разнастайная. Гэта і “Мая вуліца”, і “Святочны горад”, а зімой — “Упрыгожым вуліцы горада навагоднімі ёлкамі”. З улікам узроставых асаблівасцей дзяцей мы адабралі найбольш актуальны для іх матэрыял. Калі для выхаванцаў малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту аформілі альбомы пра іх найбліжэйшае акружэнне (“Мая сям’я”, “Наш дзіцячы садок”, “Вуліцы нашага мікрараёна”), то для старшай групы тэматыку пашырылі і стварылі альбомы “Славутасці роднага горада”, “Горад мой працоўны”, — падзялілася Людміла Іванаўна.
Фарміраванне ў дзяцей любові да роднага горада пачынаецца з гутарак пра найбольш зразумелае для іх і блізкае. Таму пачатковай прыступкай у рэалізацыі праекта “Мой горад” стала тэма “Мой дом, мая сям’я, дзіцячы сад”. Гэта дазволіла наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з бацькамі. Педагогі дзіцячага сада цудоўна разумеюць, што для кожнага таты і мамы іх сынок, дачушка самыя разумныя, самыя творчыя, самыя лепшыя. Тое ж скажуць і дзеці пра бацькоў. Невыпадкова на першых занятках выхавальнікі прапаноўваюць прынесці ў групу сямейныя альбомы, падрыхтаваць аповеды пра родных.
— Выхоўваючы ў дзяцей любоў да роднага горада, падводзім іх да разумення, што яны часцінка Радзімы, Рэспублікі Беларусь. Як і ў Калінкавічах, ва ўсіх яе мясцінах людзі працуюць (настаўнікі вучаць дзяцей, урачы лечаць хворых, рабочыя ствараюць аўтамабілі і г.д.), прытрымліваюцца традыцый, адзначаюць святы. Тут асноўную ўвагу звяртаем на Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, Дзень абаронцаў Айчыны. Расказваючы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, не абмінаем тэму подзвігу камсамольцаў-“смугнараўцаў”, разам разглядваем фотаздымкі герояў, наведваем гімназію, размешчаную па суседстве, дзе падпольшчыкам прысвечана асобная экспазіцыя, — падзялілася сакрэтамі паспяховага выхавання маленькіх грамадзян суразмоўніца.
Людміла Палявая знаёміць з картай, створанай педагогам дадатковай адукацыі Аленай Патапенка
А завяршылася наша размова каля вялікага пано ў выглядзе карты Беларусі і намаляваных побач на сцяне сімвалаў краіны. Стварэнне гэтай карты, тэматычных альбомаў, гульні, экскурсіі, гутаркі — усе мерапрыемствы праекта “Мой горад” праводзяцца з адной галоўнай мэтай: каб сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі ганарыліся родным горадам і звязалі дарослае жыццё з мясцінамі свайго дзяцінства.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара