Дзяліцца душэўным цяплом і стваральнай энергетыкай

Мы так любім вясну за сонейка, якое ўсё часцей азарае нашы стомленыя ад зімы твары, за звонкі капеж, за магчымасць скінуць цяжкую зімовую вопратку і за тое, што вясна пачынаецца з жаночага свята. Для настаўніцы геаграфіі сярэдняй школы № 1 Гарадка Віцебскай вобласці Таццяны Адамаўны Баранавай 8 Сакавіка — цудоўны дзень, нагода яшчэ раз заўважыць прыгажосць і шчаслівыя твары жанчын, бо менавіта ў гэты дзень у паветры лунае так шмат любові, кахання і ўвагі з боку мужчын. Пяшчотныя кветкі, паштоўкі, словы ўдзячнасці і павагі ад цяперашніх і былых вучняў гучаць у адрас любімага педагога.

З новымі ведамі і эмоцыямі

Штогод выхаванцы Таццяны Адамаўны становяцца пераможцамі другога і трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Пад яе кіраўніцтвам вучні займаюцца даследчай дзейнасцю і перамагаюць на абласной навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ “Эўрыка” і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Па выніках рэспубліканскай дыстанцыйнай алімпіяды 2019/2020 навучальнага года Ангеліна Захаркова і Мікіта Патапенка занялі 1-е і 2-е месцы адпаведна. Усё больш выпускнікоў Т.А.Баранавай выбіраюц­ь прафесіі, звязаныя з геаграфічнай навукай (гэта будучыя спецыялісты ў галіне геа­інфармацыйных сістэм, турызму, геалогіі, края­знаўства) і педагагічным профілем.

З ранняга дзяцінства Таццяна ведала, з чым звяжа сваё будучае прафесійнае жыццё.

— Не так даўно я знайшла свой сшытак за 4 клас, а ў ім сачыненне на знаёмую ўсім тэму “Кім я хачу стаць, калі вырасту”. І вось там я ўжо спрабавала разважаць, чаму хачу стаць настаўнікам, і нават вызначыла прадмет — біялогія. Гэта можна па­тлумачыць тым, што нашай суседкай была сяброўка мамы, якая была настаўніцай біялогіі нашай школы, Вера Фёдараўна Паўленка. Размаўляючы з ёй па-суседску, я чула шмат пацешных і цікавых гісторый са школьнага жыцця, але асабліва ўражвала яе хатняя бібліятэка з калекцыяй энцыклапедый па біялагічных навуках. Ужо тады з вялікай цікавасцю я гартала іх і была ўпэўнена, што ўсё абавязкова прачытаю. Пазней, стаўшы студэнткай біялагічнага факультэта, я вельмі часта звярталася да гэтых энцыклапедый, — расказвае Таццяна Адамаўна. — Для кожнага дзіцяці, і я не выключэнне, другой мамай становіцца яго першая настаўніца. Гэта той чалавек, які дапамагае табе спазнаваць свет, вучыц­ь пераадольваць цяжкасці, знаходзіць агульную мову з аднакласнікамі. Такім чалавекам для мяне стала Ганна Васільеўна Караткова. Яна ўсю душу аддавала дзецям, магла абагрэць кожнага (а нас было больш за 40 чалавек у класе). Паступова я ўсвядоміла, што мая прафесія павінна быць звязана з педагогікай. І калі паўстала пытанне, якую спецыяльнасць выбраць для паступлення ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт (на той момант гэта быў педагагічны інстытут імя П.М.Машэрава), я палічыла за лепшую тую, якая будзе прымушаць развівацца і здзіўляцца, спазнаваць нязведанае і дакладна не дасць сумаваць. Так я стала студэнткай біялагічнага факультэта (на той момант не было геаграфічнага факультэта) па спецыяльнасці “Біялогія і геаграфія”. Пасля заканчэння УВА вярнулася ў сваю родную школу № 1 Гарадка і стала выкладаць геаграфію.

У кожнага настаўніка ў працэсе прафесійнай дзейнасці фарміруюцца свая педагагічная філасофія і сістэма светапогляду. За 25 гадоў работы яны склаліся і ў Таццяны Адамаўны. На думку настаўніцы, акрамя атрымання прадметных ведаў важна, каб кожнае дзіця адчувала сябе максімальна камфорт­на ў вялізнай адукацыйнай прасторы. Кожны дзень, праве­дзены дзіцем у школе, павінен быць яркім, запамінальным, насычаным новымі ведамі, уменнямі і станоўчымі эмоцыямі. Бо школа — гэта тое месца, з якім, ужо стаўшы дарослымі, мы асацыіруем дзяцінства. “Знайсці агульную мову з кожным дзіцем, разгледзець у ім самае лепшае і паказаць гэта “лепшае” самому дзіцяці, выклікаўшы жаданне самаразвівацца, — вось асноўныя прынцыпы маёй работы і зносін з дзецьмі. Стараюся так выкладаць свой прадмет, каб навучыць дзяцей бачыць свет ва ўсёй яго разнастайнасці, памятаць пра вечныя каштоўнасці, вучыцца думаць і аналізавац­ь, прыкладаць намаганні, каб дасягнуць мэты. Безумоўна, спецыфіка нашага прадмета такая, што сам змест запальвае ў дзецях жаданне спазнаваць штосьці новае: краіны, горныя вяршыні, падводныя ўпадзіны… І маё прызначэнне як настаўніка-прадметніка — дапамагчы ім у гэтым, накіраваўшы на правільны шлях”, — заўважае педагог.

Ідэальны ўрок

У залежнасці ад тыпу ўрока, зместу, мэт і задач Т.А.Баранава выкарыстоўвае элементы розных тэхналогій. Прыярытэт аддае гульнявым тэхналогіям, праблемнаму і праектнаму навучанню. Добрай падмогай вучням служаць інфармацыйныя тэхналогіі. Вялікае значэнне для фарміравання ўяўленняў аб геаграфічнай абалонцы мае нагляднасць. І тут на дапамогу настаўніцы прыходзяць мультымедыйныя прэзентацыі, што робіць падачу матэрыялу больш яркай, нагляднай, даступнай, а значыць, і запамінальнай. Слайды з фотаздымкамі з розных куткоў свету, відэаролікі, анімацыі спрыяюць стварэнню пачуццёвых вобразаў, фарміраванню геаграфічнай карціны свету. Гэта павышае матывацыю да працэсу навучання і робіць яго больш эфектыўным.

На заняткі да Таццяны Адамаўны вучні ідуць з вялікай ахвотай і цікавасцю, бо ведаюць, што абавязкова адкрыюць штосьці новае для сябе і дарма не пройдзе ніводная хвіліна. “Урок для настаўніка не пачынаецца і не заканчваецца ў школе. Урокі педагогі “рыхтуюць” усё жыццё, і ўсё роўна, малады ты спецыяліст ці прафесіянал са стажам. Заходзячы ў клас, мы марым, каб усё атрымалася — мэта была дасягнута, задачы выкананы, метады і прыёмы рэалізаваны, а дзіцячыя вочы былі іскрыстымі і разумнымі. Вось такі ўрок у ідэале можна назваць паспяховым, — лічыць Т.А.Баранава. — Нараджэнне кожнага ўрока пачынаецца для мяне з выразнага мэтавызначэння і выбару сродкаў дасягнення мэты, а затым, мадэлюючы ўрок, вызначаю спосаб дасягнення мэты. У залежнасці ад тыпу ўрока не толькі стаўлю вучэбныя мэты, але і ўдзяляю вялікую ўвагу мэтам асобаснага развіцця вучняў — выхаваўчым і развіццёвым. Стараюся, каб галоўная ідэя адабранага на ўрок зместу вучэбнага матэрыялу праходзіла праз усе яго этапы і прысутнічала ва ўсіх кампанентах, каб кожны этап урока абапіраўся на папярэдні, выцякаў з яго”.

На арыенціровачна-матывацыйным этапе педагог актыўна выкарыстоўвае рэбусы, дэвізы, эпіграфы, такія прыёмы, як “Гірлянда асацыяцый”, “Выберы невядомае”. Так, пры вывучэнні тэмы “Геаграфічнае становішча. Геаграфічныя адкрыцці і даследаванні” яна прапануе вучням спіс аб’ектаў, куды ўключаны ўжо вядомыя аб’екты вывучаных раней мацерыкоў і аб’екты новага мацерыка. Вучням неабходна ранжыраваць іх па групах і вылучыць новую групу. У выніку вырашаецца як задача комплекснага паўтарэння, так і самастойнага выхаду навучэнцамі на тэму ўрока.

Шырокі спектр прыёмаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці (напрыклад, прыём “Парадокс”) спрыяе адкрыццю навучэнцамі навуковых фактаў, ставіць іх у ролю даследчыкаў. На кантрольна-карэкцыйным этапе настаўніца выкарыстоўвае спецыяльныя прыёмы для вызначэння ўзроўню засваення матэрыялу (напрыклад, “Трэці — лішні”). Нярэдка адзін і той жа прыём у рознай інтэрпрэтацыі можа быць выкарыстаны на розных этапах урока і пры вывучэнні шырокага спектра тэм.

Адным з прыёмаў, якія ў залежнасці ад умоў задання развіваюць розныя ўзроўні ўспрымання, з’яўляецца “Літаратурная гасцёўня”. Магчымасці выкарыстання дадатковай літаратуры на ўроках геаграфіі неабмежаваныя: прачытаны ўрывак з твора ці верш успрымаюцца на ўзроўні разумення, а калі прапанаваць навучэнцам яшчэ і папрацавац­ь з тэкстам, знайсці тэрміны, параўнаць, зрабіць высновы ці самім падабраць урыўкі, то можна выйсці і на творчы ўзровень засваення ведаў. Ступень самастойнага пошуку залежыць ад падрыхтаванасці вучняў да актыўнай разумовай дзейнасці.

Развіццю ўвагі вучняў садзейнічае прыём “Пазнай аб’ект”. Навучэнцы выконваюць заданне на ўзроўні пазнавання, г.зн. пазнаюць аб’ект па абрысах (напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Палітычная карта”). Гэты прыём калі-нікалі спалучаецца з іншымі відамі заданняў, пераходзячы да ўзроўняў прайгравання і прымянення. Напрыклад, прапануецца суаднесці назву дзяржавы з парадкавым нумарам малюнка і вызначыць групу па геаграфічным становішчы. Гэта можна аформіць у выгля­дзе табліцы. Дадзены прыём можна аднесці да творчага ўзроўню засваення ведаў, калі ў заданні ўскладніць умовы (наз­вы дзяржаў і групы невядомыя загадзя).

Талент і лянота — рэчы несумяшчальныя

Вялікіх душэўных, эмацыянальных і фізічных сіл патрабуе работа з адоранымі дзецьмі. Хаця, як прызнаецца настаўніца, гэтая работа прыносіць асаблівае задавальненне, бо су­працоўніцтва настаўніка і адоранага вучня вядзе да ўзаемнага ўзбагачэння. Зразумела, не ўсе адораныя вучні звяжуць сваё жыццё з геаграфіяй, аднак менавіта яна можа стац­ь прасторай для іх асобаснага росту. Работу з такімі вучнямі Таццяна Адамаўна пачынае з 5 класа на аснове рэкамендацый настаўнікаў пачатковых класаў. Паступова склад групы мяняецца, хтосьці загараецца і далучаецца да групы пазней, а ёсць выпадкі, калі дзіця ў працэсе работы адчувае, што гэта не яго. Пачынаючы працаваць, настаўніца гаворыць дзецям: “Вы несумненна таленавітыя, але талент і лянота — рэчы несумяшчальныя. Чалавек, які лянуецца, нават самы таленавіты, нічога не даб’ецца”.

— Кожны настаўнік, які працуе з вялікай групай дзяцей, ведае, як складана ўлічваць індывідуальныя асаблівасці дзяцей, тым больш адораных. У рабоце з такімі дзецьмі трэба быць вельмі ўважлівымі і карэктнымі. Я выкарыстоўваю два асноўныя падыходы: па-першае, гэта выхад за межы вывучэння традыцыйных тэм праз устанаўленне сувязей з іншымі тэмамі, праблемамі або дысцыплінамі, а па-другое — выкарыстанне арыгінальных тлумачэнняў, перагляд наяўных звестак, пошук новых сэнсаў і альтэрнатыўных інтэрпрэтацый. Рэалізацыя гэтых падыходаў з заяўкай на вынік магчыма толькі ў комплексе: эфектыўны ўрок + індывідуальная работа. Адораны навучэнец павінен атрымліваць дадатковы матэрыял да традыцыйнага курса, што стварае вялікія магчымасці развіцця мыслення, крэатыўнасці, умення працаваць самастойна. Калі меркаваць па заданнях алімпіяд, то ўжо ў 9 класе трэба валодаць матэрыялам 10—11-х класаў, прычым вельмі глыбока.

Асаблівы акцэнт настаўніца робіць на міждысцыплінарным кантэксце, таму алімпіяднік павінен валодаць вельмі трывалымі ведамі па матэматыцы, фізіцы, гісторыі і іншых навуках. Вельмі сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляюцца да практычнай часткі: трэба валодаць метадамі мадэлявання, прагнозу і інш.


Вучні гатовы пайсці за настаўнікам, дзяліцца з ім самым патаемным, калі ён цікавы ім найперш як асоба, як чалавек. Гэта неаспрэчная ісціна. Таццяна Адамаўна змагла сваімі асабістымі якасцямі, захапленнямі, сваёй апантанасцю і верай у сілы сваіх вучняў прыцягнуць выхаванцаў.

— Таццяна Адамаўна, якім чынам вы адпачываеце ад работы? Прафесія накладвае адбітак на характар?

— Вольны час я люблю праводзіць з сям’ёй і займаючыся спортам. Для таго каб не здарылася прафесійнага выгарання, трэба правільна размяркоўвац­ь працу і абавязкова знаходзіць час для адпачынку. Хоць у нашай прафесіі не заўсёды так атрымліваецца. У топ маіх любімых заняткаў спортам уваходзіць плаванне, бег і канькі. Таксама кожныя выхадныя мы стараемся сабрацца нашай вялікай і дружнай сям’ёй і правесці час разам.

Прафесія, безумоўна, накладвае адбітак на характар, больш выразна выяўляюцца мэтанакіраванасць, назіральнасць, адказнасць, імкненне да самаразвіцця і самаўдасканалення.

— Падарункі, вясна, кветкі — усё гэта паэзія. А як вы ставіцеся да паэзіі? Хто ваш любімы паэт?

— Сваім любімым паэтам лічу Сяргея Ясеніна. Думаю, што сакрэтам нязгаснай любові людзей да яго твораў з’яўляюцца яго спачуванне чалавечаму гору, міласэрнасць, пяшчота, шчырасць і блізкасць да прыроды, уменне выказаць тое, што дорага кожнаму чалавеку ва ўсе часы, што да канца раскрыць немагчыма. Ясеніна можна чытаць і адкрываць бясконца.

— Вы заўсёды элегантная, прыгожая. Ці лёгка вам удаецца падтрымліваць прыгажосць?

— Вялікі дзякуй за камплімент. Лічу, што прыгажосць жанчыны ў першую чаргу зыходзіць знутры і напрамую залежыц­ь ад яе настрою. Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на знешні выгляд жанчыны, лічу здаровы сон, правільнае харчаванне і асалоду ад справы, якой займаешся. На мой погляд, кожная жанчына прыгожая і можа быць рознай незалежна ад навешаных ярлыкоў грамадства. Галоўнае — любоў да сябе і навакольнага свету.

— Хутка 8 Сакавіка. Што б вы пажадалі сваім калегам напярэдадні свята?

— Хацелася б пажадаць кожнай жанчыне веры ў сябе і ў справу, якой яна займаецца. Хацелася б, каб вы разумелі сваю значнасць для гэтага свету і абавязкова знаходзілі час для сябе. Бо толькі калі нашы ўнутраныя рэсурсы поўныя, мы зможам дзяліцца сваім цяплом і стваральнай энергетыкай. Ведайце, што кожная з вас прыгожая і вартая толькі самага лепшага!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з асабістага архіва педагога.