Дзяніс КУР’ЯН: “Я займаюся тым, што прыносіць радасць…”

Наш сённяшні суразмовец пачаў тэлевізійную кар’еру ў 16 гадоў і сёння з’яўляецца ўладальнікам шматлікіх тэлевізійных прэмій і тытулаў. Скончыўшы школу, ён выбраў не журналістыку, а эканоміку, што дазволіла яму рэалізавацца не толькі як аўтару шматлікіх тэлевізійных праграм эканамічнага кірунку, але і стаць паспяховым бізнесменам. Сёння ў гасцях праекта “Мая школа” — тэлевядучы і бізнесмен Дзяніс КУР’ЯН.

— Дзяніс, раскажыце, калі ласка, пра вашых бацькоў.

— Я нарадзіўся ў Бабруйску. Бацька Аляксандр Рыгоравіч быў інжынерам па электрасетках і камунікацыях, а маці Таццяна Кузьмінічна доўгі час працавала ў аддзеле інфарматызацыі банка і зараз ідзе на заслужаны адпачынак. Як і многія ў той час, яны пазнаёміліся ў тагачасным радыётэхнічным інстытуце. У іх студэнцкія гады не было такога вялікага кола зносін, таму шмат шлюбаў заключалася паміж маладымі людзьмі, якія вучыліся разам ці побач.

— Дзе пачалося ваша школьнае жыццё?

— У першы клас я пайшоў у 1990 годзе. Гэта была бараўлянская гімназія № 1. Там настаўніцай беларускай мовы і літаратуры працавала мая бабуля Марыя Васільеўна. Першы клас я скончыў там.

1 верасня памятаю вельмі цьмяна. Чамусьці запомнілася, што было амаль цёмна. Лінейка была перад першым урокам, а потым мы пайшлі адразу вучыцца. Зразумела, у руках быў вялізны букет гладыёлусаў, з-за якога мяне амаль не было відаць. Мне тады споўнілася 6 гадоў і 1 месяц, і я быў самы маленькі ў класе.

Першую настаўніцу звалі Валянціна Мікалаеўна. Вельмі добра памятаю яе першую фразу: “І вось празвінеў першы званок у вашым школьным жыцці…”. Яна сказала гэта з надзвычайным артыстызмам, і, відаць, таму яе словы так урэзаліся ў памяць.

А потым бацькі пераехалі ва Уручча і 3 гады я наведваў 197-ю школу. Калі ў 4 класе высветлілася, што палова хлопчыкаў нашага класа ўжо стаяць на ўліку ў дзіцячым пакоі міліцыі, бацькі пачалі шукаць больш “сур’ёзную” навучальную ўстанову. Выбар быў зроблены на карысць школы з паглыбленым вывучэннем замежных моў у мікрараёне Усход. Я паспяхова здаў уступныя экзамены. Тады гэта была сярэдняя школа № 103, а зараз — гімназія № 11.

За школьныя гады ў мяне былі 4 класныя кіраўнікі, і ўсе — Мікалаеўны. Першая настаўніца — Валянціна Мікалаеўна, у 197-й школе з 2 па 4 клас мяне вучыла Таццяна Мікалаеўна, тры гады ў 103-й школе — Тамара Мікалаеўна, а ў старшай школе класным кіраўніком была Юлія Мікалаеўна.

— Якім прадметам аддавалі больш перавагі, а якія не падабаліся?

— Не магу сказаць, што нейкі прадмет быў асабліва любімым, а вось самы ненавісны магу назваць. Гэта хімія. Па-першае, я не мог зразумець (ды і зараз не разумею), як пішуцца формулы. Мне гэта не падабалася, і разбірацца не было ніякага жадання.

Я да гэтага часу не разумею, навошта ў школьную праграму ўключылі гэты прадмет у такім вялікім аб’ёме — разумею, што гэта навука патрэбна тым, хто рыхтуе сябе да інжынернай ці навуковай дзейнасці. Тое самае з фізікай. Было б добра, каб яе выкладалі ў аб’ёме, дастатковым для бытавога ўжывання. На маю думку, прыйдзе час, калі гэтыя дысцыпліны, абсалютна непрымяняльныя ў жыцці, у школьнай праграме будуць скарочаны. У мяне няма ніякіх антыпатый да педагогаў, якія імкнуліся мяне навучыць гэтым прадметам, проста гэта не маё, і гэтую інфармацыю мой арганізм не прымаў. (Смяецца.)

— Ці былі ў вашым школьным жыцці настаўнікі, на якіх хацелася раўняцца?

— Такіх настаўнікаў было вельмі многа. Менавіта фізіку адзін год вёў у мяне апошні ўладальнік тытула “Настаўнік года СССР” (1991) заслужаны настаўнік Беларусі (1996) Валерый Аляксандравіч Гербутаў. Было зразумела, што ў яго праблемы са здароўем, але тыя размовы пра жыццё, якія адбываліся падчас урокаў, былі для нас надзвычай каштоўнымі. Кажучы сучаснай мовай, ён быў для нас “лайф-коўч”, таму што гаварыў не пра тое, што напісана ў падручніку, а пра тое, што адбывалася вакол нас, у жыцці.

Вельмі падабалася геаграфія, якую выкладала класны кіраўнік Юлія Мікалаеўна Сініца. Шмат памятаю пра той час, калі для нашага класа арганізоўвалі аўтобусныя экскурсіі. Для ўсіх “прасунутых” аднакласнікаў самымі казырнымі былі апошнія крэслы аўтобуса. Там адбываліся дзеянні, якія не заўсёды ўкладваліся ў нормы паводзін і статута школы. (Смяецца.) Але, тым не менш, Юлія Мікалаеўна з разуменнем ставілася да нашых не заўсёды карэктных паводзін, безумоўна, рабіла нам заўвагі. Добра таксама памятаю дырэктара школы Зінаіду Канстанцінаўну Чахоўскую, якая таксама шмат нам даравала, хаця была строгай і патрабавальнай.

Запомніліся тыя людзі, якія, акрамя школьных догм (што зробіш — яны былі выхаваны ў савецкі час), вучылі жыццю, з павагай ставіліся да асобы вучня. І не варта гаварыць, што, маўляў, нас вучылі не так. У іх было іншае стаўленне да школы і школьных ведаў, іншае разуменне правільнасці жыцця. Няма іх віны, што яны выраслі ў СССР. Настаўнікі павінны былі выхаваць “прадукт эпохі” ў адпаведнасці з вызначанымі рамкамі і пусціць яго ў жыццё. Але былі педагогі, якія, не зважаючы на адзнакі ў дзённіку і атэстаце, у кожным вучні бачылі асобу, якія і да двоечніка, і да выдатніка на сваіх занятках ставіліся абсалютна аднолькава. Але такіх было нямнога — большасць школьных настаўнікаў падзялялі вучняў на добрых і дрэнных: у цябе дрэнныя адзнакі — значыць, ты нягодны чалавек.

— Вы, зразумела, адносіліся да добрых?

— Мне запомнілася адна цікавая гісторыя, якая адбылася, калі я вучыўся ў 8 класе. На ўрокі англійскай мовы клас дзялілі на падгрупы, у кожнай з якіх быў свой настаўнік. У адной з груп выкладала маці маёй аднакласніцы. Неяк на бацькоўскім сходзе яна ахарактарызавала мяне як крутога выдатніка — я добра вучыўся і пры гэтым меў шырокае кола зносін з аднакласнікамі ва ўсіх школьных забавах.

— Вы былі больш крутым ці выдатнікам?

— Цяжка адзначыць, што з гэтага пераважала. Я быў выдатнікам-хуліганам. Гэта я зараз разумею, што такая дваістасць пазіцыі разрывала. На гэты момант я не лічу, што выдатнік — гэта нармальна. Фізічна немагчыма па ўсіх прадметах паспяваць за кошт здольнасцей. Безумоўна, шмат у чым ролю адыгрывае ўседлівасць і ўпартасць. Выдатнік, — гэта хто? “Любіш, не любіш — сядзі, вучы! Ты ж выдатнік! Ты павінен!”

Шмат залежыць і ад сям’і. Я зусім не крыўдую на маці, якая, дарэчы, таксама скончыла школу з залатым медалём і інстытут з чырвоным дыпломам, з-за істотнага ціску на мяне: “Як жа ты не можаш быць выдатнікам? Гэта будзе сорам для сям’і!”. Магу сказаць, што выдатнікам я стаў выключна дзякуючы ёй. (Смяецца.)

Я лічу, што трэба больш любіць дзяцей і прыслухоўвацца да іх жаданняў: што ім падабаецца, а што не. Безумоўна, без перагібаў. Дзіця не павінна рабіць што заўгодна, але яно павінна мець права выбару ў адпаведнасці са сваімі схільнасцямі і жаданнямі. І ў такім выпадку патэнцыял кожнага раскрыецца значна больш.

Такі падыход найбольш раскрываецца ў хобі і спорце. Траўмы і падзенні для сапраўднага спартсмена не з’яўляюцца перашкодай для далейшых заняткаў. Калі спорт яму сапраўды па душы, спартыўныя “нягоды” ўспрымаюцца як нязначны элемент і не становяцца крытычнымі для далейшага выбару.

Колькі прыкладаў дзяцей, якія ламалі сябе, кіруючыся меркаваннямі бацькоў і навакольных! Займацца толькі з-за таго, што “мы ўжо даўно займаемся” ці “мы табе клюшку купілі”, не трэба.

— На вас так бацькі не ціснулі?

— Я шмат чым спрабаваў займацца — бацькі асабліва не ўплывалі на мой выбар таго ці іншага занятку. У чым я дабіўся пэўных поспехаў, дык гэта ў плаванні: у мяне нават нейкі разрад ёсць. (Смяецца.) Паспрабаваў сябе ў футболе, але мой тагачасны ўзровень быў ніжэйшы за ўзровень іншых хлопцаў у секцыі. Калі гулялі ў футбол, мяне заўсёды ставілі ў вароты. Галкіперам я быў добрым, бо меў добрую рэакцыю.

Хаця, канечне, былі захады ўшчуваць мяне: “Вось, паглядзі, суседская дзяўчынка выйграла конкурс па фартэпіяна…” ці “А вось у нашых знаёмых сын дапамагае тату будаваць дом на дачы…” і іншае ў гэтым ключы. Я разумею цяпер, што гэта былі больш рытарычныя звароты, якія павінны былі мяне нечым зачапіць…

Са сваімі дзецьмі я будую зносіны інакш: абавязкова выслухоўваю іх меркаванні. Яны ўжо мянялі секцыі. Мілана займалася гімнастыкай, але ёй гэта не спадабалася. І нават цудоўны трэнер, бронзавы прызёр алімпіяды, якая з ёй працавала, на аргумент: “У вас цудоўная будучыня ў гімнастыцы” — атрымала адказ: “Вялікі дзякуй, але мы больш не прыйдзем. Мілане не падабаецца”. І трэнеры былі здзіўлены, бо ў такіх сітуацыях большасць бацькоў дзейнічаюць па парадзе трэнера і пакідаюць дзяцей у спорце насуперак іх жаданню…

Сыну Кірылу зараз 8,5 года. У гэтым годзе ён пойдзе ў 3 клас і ўпершыню даведаецца, што такое адзнакі. Я лічу, што гэта правільна: як мага далей не падзяляць дзяцей на двоечнікаў і выдатнікаў. На мяне сварыліся нават за “4” па 5-бальнай сістэме. Відаць таму я да гэтага часу не магу пазбавіцца ад комплексу перфекцыяніста.

— А як з уласнымі жаданнямі?

— Сёння ў мяне выпрацаваўся такі падыход: я займаюся тым, што мне падабаецца і прыносіць радасць, не зважаючы на тое, ці прыносіць гэта грошы. Я раблю стаўку на радасць і маральнае задавальненне. Канечне, гэта ідэальная карціна, і ў жыцці прыходзіцца рабіць шмат таго, што не вельмі любіш, але неабходна.

Дзяніс Кур’ян сённяшні не быў бы выдатнікам і, відаць, не скончыў бы школу з сярэбраным медалём.

— Ці адбыліся нейкія змены пасля таго, як вы трапілі на тэлебачанне?

— Круты разварот гісторыі адбыўся пасля таго, як мяне ўзялі ў праграму “5 х 5”. Гэта быў час росквіту Беларускага тэлебачання.

Праграму “5 х 5” рабіла прыватная тэлестудыя “ОКО” па заказе БТ. Маштабнасць работы была ў тым, што праграма выходзіла 4 разы на тыдзень ў прамым эфіры. Яе гля-дзелі ўсе, і тое, што я яе вядучы, не магло застацца незаўважаным.

Лічу, што я не памяняўся, а вось адносіны аднакласнікаў да мяне вельмі змяніліся, хлопцы дыстанцыраваліся ад мяне. Мне здаецца, што ў нейкай ступені гэта была зайздрасць. Я меў статус тэлевядучага і зарабляў у той час каля $100, гэта былі даволі вялікія грошы. Я стаў больш дарослым. Цяпер я мог не прасіць у бацькоў на расходы, бо ўжо мог сам сябе ў нечым забяспечваць. І гэтым моцна адрозніваўся ад аднакласнікаў.

Падчас выпускнога вечара разам з афіцыйным святкаваннем было і “неафіцыйнае”. І калі ў пэўную кампанію для “неафіцыйнай” часткі мяне не паклікалі, я зразумеў, што стаў чужаком.

— Ці падтрымліваеце зносіны з аднакласнікамі?

— У мяне ёсць некалькі сяброў (сяброў шмат быць не можа), з якімі я падтрымліваю вельмі цесныя зносіны. Сярод іх Юра Таболін, з якім мы знаёмы з 5 класа. Ёсць аднакласніца Вольга Алейнік, якая жыве ў Нью-Ёрку і да якой я хутка збіраюся ў госці.

Клас — гэта штучна створаны соцыум, асяроддзе зносін, у якое мы ўсе трапляем выпадкова на пэўны час. І члены гэтага мікрасоцыуму, як здаецца, павінны мець агульныя інтарэсы і каштоўнасці. Але на самай справе аказваецца, што, калі школьныя гады заканчваюцца, шляхі аднакласнікаў разыходзяцца: няма агульных каштоўнасцей і кожны ідзе сваёй дарогай. Часам нехта кажа: шкада, што класам не сустракаемся. А мне не шкада, бо з тымі, з кім мне цікава падтрымліваць зносіны, я працягваю сувязі. Я шчыра здзіўляюся людзям, якія класамі сябруюць усё жыццё — відаць, проста ёсць нешта, што гэтых людзей вельмі моцна звязвае. Праз некалькі гадоў у нас будзе 20-годдзе з дня заканчэння школы. Думаю, усім было б цікава сустрэцца, каб пабачыць адно аднаго праз столькі гадоў. Зараз, дзякуючы сацыяльным сеткам, тэхнічна гэта няцяжка.

— Вы вучыліся ў спецшколе. Веды па замежных мовах ідуць адтуль ці асвойвалі іх пасля школы?

— У асноўным база была закладзена ў школьныя гады — у 11-й гімназіі заўсёды была вельмі моцная моўная падрыхтоўка, са стажыроўкамі. Некаторыя мае аднакласнікі ездзілі ў Амерыку, а мне тройчы — у 9, 10 і 11 класах — давялося пабываць у Германіі. Мы там жылі ў сем’ях, наведвалі нямецкую школу, а потым прымалі нямецкіх школьнікаў. Так што скардзіцца на школьную падрыхтоўку па замежных мовах мне не варта.

Таксама мне пашчасціла двойчы летам пабываць у Іспаніі, куды нас адпраўлялі па чарнобыльскіх праграмах. Едучы туды, я быў упэўнены (ва ўсялякім выпадку мне так гаварылі), што там усе ведаюць англійскую мову. Дык вось высветлілася, што па-англійску там ніхто не гаворыць. (Смяецца.) І таму мне прыйшлося хутка вывучыць размоўны мінімум. У мяне быў і размоўнік, і слоўнік. Часта даводзілася паказваць пэўныя словы ў напісаным варыянце, але я хутка асвоіўся.

Зараз я свабодна валодаю англійскай мовай, магу гаварыць па-нямецку (але практыка маўлення абмежаваная), магу сказаць некалькі звязных фраз па-іспанску.

— Дзяніс, ваш выбар далейшай траекторыі навучання быў вельмі нечаканым для ўсіх: перспектыўны вядучы, а на журналістыку не пайшоў.

— Магчыма, гэта было нечаканым для ўсіх, але не для мяне. Я вызначыўся з тым, куды буду паступаць, даўно. Я планаваў паступаць у эканамічны ўніверсітэт на міжнародныя адносіны, але БДЭУ быў навучальнай установай другога патоку, і я падаў дакументы ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, дзе экзамены былі раней.
Два экзамены “каштавалі” па 100 балаў і адзін (замежная мова) — 60. Англійскую мову я здаў на максімальны бал. Вынікі комплекснага экзамену і матэматыкі далі магчымасць прайсці на бясплатнае навучанне.

Па першай адукацыі, я — дзяржаўны чыноўнік, спецыяліст па дзяржаўным рэгуляванні знешнеэканамічнай дзейнасці. У ідэале па спецыяльнасці я мог працаваць у прадстаўніцтвах беларускіх кампаній ці банкаў за мяжой, у Міністэрстве эканомікі і Міністэрстве замежных спраў. Але я зразумеў, што больш накіраваны на работу на сябе — мне вельмі хацелася павысіць узровень эканамічных ведаў і памяняць мысленне. МВА — гэта адукацыя для топ-менеджараў прыватных кампаній або для тых, кто працуе на сябе. Таму адразу пасля заканчэння акадэміі я прайшоў англамоўны курс MBA General у аўтарытэтнай мінскай школе. Курс складаўся з 21 дысцыпліны, шэраг з якіх чыталі амерыканскія выкладчыкі.

Гэта істотна памяняла маё мысленне не толькі ў адносінах да прыкладных навук — ты пачынаеш думаць як прадпрымальнік.

— Ці ўдавалася спалучаць шчыльны тэлевізійны графік і вучобу?

— Спачатку ўсё было добра, але потым з’явіўся шэраг праблем (з-за пропускаў заняткаў), бо ў той час я быў вельмі запатрабаваны на тэлебачанні. На 3 курсе я прыязджаў на заняткі на машыне, якая была куплена за ўласна заробленыя грошы.

Памятаю, што на ўручэнні дыпломаў папрасіў, каб мяне выклікалі ў пачатку спіса, каб паспець на эфір. Урачыстасць моманту для мяне не мела асаблівага значэння. У той час мне было больш важна своечасова прыехаць на эфір.

— Што на Беларускім тэлебачанні з’явілася раней: Дзяніс Кур’ян ці эканамічныя праграмы?

— Першымі праграмамі эканамічнага кірунку на Беларускім тэлебачанні былі “Сфера интересов” і “Деловая жизнь”, якімі напачатку я і кіраваў. Яны нарадзіліся як спецпраекты Агенцтва тэлевізійных навін пад кіраўніцтвам Аляксандра Мартыненкі. У той час гэта была маленькая рэвалюцыя. Праграмы былі вельмі вядомыя і аўтарытэтныя. Калі карэспандэнту патрабавалася патэлефанаваць якому-небудзь кіраўніку прадпрыемства ці чыноўніку Міністэрства эканомікі і атрымаць пэўную інфармацыю, з гэтым ніколі не ўзнікала праблем.

— Ці лічыце вы, што эканамічная адукацыя дазволіла вам аўтарытэтна разважаць пра эканоміку і бізнес?

— Хутчэй, так. У мяне няма журналісцкай адукацыі, але гэта не перашкаджае мне паспяхова рэалізоўваць шэраг тэлевізійных праектаў. Журналіст найперш павінен умець пісаць. І для гэтага неабавязкова 5 гадоў вучыцца на журфаку.

— Хто з вашых выкладчыкаў і калег паўплываў на траекторыю прафесійнага руху?

— Калі гаварыць пра тэлебачанне, гэта найперш вядомы тэлерэжысёр Іван Мікалаевіч Пінігін, які запрасіў мяне на праграму “5 х 5”, таксама тагачасны намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Іванавіч Мартыненка, які ўбачыў ува мне творчы патэнцыял і з якім я потым зрабіў шмат праектаў і праграм.

У галіне прадпрымальніцтва можна назваць дзясяткі людзей, якіх я вельмі паважаю. Сярод іх заснавальнік кампаній “Зубр Капітал” і “Атлант-М” ментар усіх трох сезонаў праекта “Мой бізнес” Алег Ільгізавіч Хусаенаў. Гэта вельмі цікавыя людзі з сістэмным мысленнем, якія сапраўды мяняюць нашу краіну ў лепшы бок. На іх хочацца раўняцца. І справа не ў грошах. Я не лічу, што той, у каго іх больш, лепшы. Мае значэнне стыль мыслення і паводзін.

— Вы адзначылі, што сёння займаецеся тым, што прыносіць радасць. Што гэта за сферы дзейнасці?

— Гэта два бізнес-праекты. Першы з іх — сетка пунктаў грамадскага харчавання “Мама дома” (5 кафэ ў Мінску і 1 у Брэсце), у якой зараз працуе 62 чалавекі.

Паралельны праект, які ніякім чынам з першым не звязаны і які нарадзіўся з тэлебачання, прадакшн-студыя “Промафільм”, якая выпускае рэкламу і карпаратыўныя фільмы. У кампаніі 6 штатных супрацоўнікаў, што, у прынцыпе, для прадакшн-студыі вельмі многа: супрацоўнікаў набіраем пад кожны канкрэтны праект. Сёння актыўна працуем на казахстанскім рынку, здымаючы ролікі для кампаній Danon, KFC, Kotex, Palmolive і іншых вядомых брэндаў.

— Ці добры вы кіраўнік?

— Я малады кіраўнік. У любым выпадку я павінен быць справядлівым настолькі, наколькі гэта магчыма. Павінен быць упэўненым у сабе: калі я ведаю, што рабіць, то і ўсе астатнія будуць гэта ведаць, а калі я ў нечым сумняваюся, гэтыя сумненні будуць перадавацца калектыву. Як гаворыць вядомы выраз, “нічога не бойся, рабі тое, што павінен, і здзейсніцца тое, что павінна адбыцца”.

— Якое месца ў вашым жыцці займае тэлебачанне?

— Тэлебачанне засталося больш як любімае хобі. Я вельмі рады весці праграмы, напрыклад, стартап-шоу для маладых прадпрымальнікаў “Мой бізнес” з удзелам нашых вядучых бізнесменаў. Гэта вельмі цікавая форма, якой на Беларускім тэлебачанні раней не было.

Варта адзначыць, што сёння цікавасць да прагляду тэлебачання істотна зніжаецца. Шмат хто глядзіць праграмы ў інтэрнэце, ды і ўвогуле мэтавая аўдыторыя эфірнага тэлебачання мае ўзрост 50+. Мая ўзроставая аўдыторыя зараз актыўна карыстаецца інтэрнэт-тэхналогіямі, таму разумею, што страчваецца зваротная сувязь: знаёмыя і людзі, з якімі я маю зносіны, не сочаць за выхадам маіх праграм у эфір і я не маю эмацыянальнага водгуку.

— Ці не думалі паспрабаваць сябе ў педагагічнай дзейнасці?

— Некалькі разоў запрашалі выкладаць на факультэт журналістыкі БДУ. Але ў мяне на гэта няма ні асаблівага жадання, ні часу, ні сіл. Нават калі да нас, у “Промафільм”, прыходзяць маладыя рэжысёры і аператары павучыцца, мы адразу катэгарычна адмаўляем: мы невялікая кампанія, якая зацікаўлена ў гатовых спецыялістах і гатова заплаціць за якасную работу. Мы не супраць, калі чалавек будзе нечаму вучыцца ў працэсе назірання за работай іншых, але самі вучыць не будзем.

— Якімі дасягненнямі вы ганарыцеся?

— Чым я найбольш ганаруся? Я дастаткова філасофскі стаўлюся да званняў і ўзнагарод, якія атрымліваў падчас работы. У мяне ёсць свае ўнутраныя крытэрыі ацэнкі паспяховасці маёй уласнай работы. Ганарыцца, напрыклад, перамогамі ў намінацыях “Лепшы каментатар”, “Лепшы вядучы” ці “Лепшы рэпарцёр”? Гэта знешняя ацэнка маёй работы. Для мяне больш важна, што некалі паспяхова скончыў Рыжскую школу бізнесу па спецыяльнасці “Міжнародны маркетынг”, атрымаў ступень MBА. Ганаруся поспехамі сваёй кампаніі “Промафільм” — мы з’яўляемся адзінай беларускай кампаніяй, якая перамагла на Маскоўскім міжнародным фестывалі карпаратыўнага відэа, што ў нашай сферы з’яўляецца вельмі вялікім дасягненнем.

Калі ў перагаворным пакоі ёсць вольная сцяна, чаму б не павесіць туды дыпломы і падзякі, атрыманыя за якасна выкананую работу? Але гэта для мяне не самамэта.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Дзяніса КУР’ЯНА.