Дзяржава высока цэніць актыўную жыццёвую пазіцыю беларускіх ветэранаў

Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 30-годдзю ўтварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Наталля Качанава падзякавала беларускім ветэранам за актыўную жыццёвую пазіцыю, за тое, што ветэраны рабілі і робяць для росквіту краіны. “У многім дзякуючы вам, мы жывём пад мірным небам у такой добрай краіне — у цудоўнай Беларусі, — сказала яна. — Кіраўнік дзяржавы заўсёды высока ацэньвае ўклад прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў развіццё рэспублікі”.

Наталля Качанава зачытала прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Беларускаму грамадскаму аб’яднанню ветэранаў у сувязі з 30-годдзем яго ўтварэння. “На рахунку вашай арганізацыі нямала цікавых праектаў, значных мерапрыемстваў і ініцыятыў. Вы ўносіце неацэнны ўклад у падтрыманне стабільнасці і спакою ў нашай краіне, выхаванне падрастаючага пакалення ў духу маральнасці і патрыятызму. Жыццёвы і працоўны вопыт, прафесіяналізм і асабістыя якасці кожнага з вас з’яўляюцца дастойным прыкладам для пераймання”, — гаворыцца ў прывітанні.

Наталля Качанава ўручыла ганаровыя граматы Адміністрацыі прэзідэнта актывістам ветэранскага руху.

Старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў (БГАВ) Іван Гардзейчык адзначыў, што прадстаўнікі старэйшага пакалення і надалей застануцца трывалай апорай дзяржавы і грамадства, будуць прымаць актыўны ўд зел у найважнейшых палітычных кампаніях, у рэалізацыі мерапрыемстваў органаў дзяржаўнай улады, праграм па сацыяльнай і прававой абароне ветэранаў, а таксама ў грамадзянска-патрыятычным, працоўным, інтэрнацыянальным выхаванні моладзі. “Ветэраны ўносяць свой пасільны ўклад у падтрыманне стабільнасці і спакою ў краіне”, — падкрэсліў старшыня савета. Ён дадаў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі ветэранскімі арганізацыямі сваіх статутных мэт і задач.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый рэспублікі, грамадскіх аб’яднанняў, а таксама ветэраны з Беларусі і Малдовы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *