З рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі будзе выдзелена 680 тысяч рублёў на заахвочванне адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама асоб, якія іх падрыхтавалі.
Адпаведнае рашэнне спецфонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў зацверджана распараджэннем, якое падпісаў Кіраўнік дзяржавы.
У адпаведнасці з гэтым рашэннем прысуджаны 26 гранд-прэмій з уручэннем нагруднага знака “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва i студэнтаў” і 217 спецыяльных прэмій пераможцам рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў.
За асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў будзе ўзнагароджаны 21 педагагічны работнік. Акрамя таго, за выдатную вучобу, поспехі ў навукова-даследчай і творчай дзейнасці 173 студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі прызначана стыпендыя Прэзідэнта Беларусі.
Распараджэнне Кіраўніка дзяржавы накіравана на выяўленне і падтрымку найбольш матываванай і адоранай моладзі, стварэнне спрыяльных умоў для яе паспяховай вучобы, навуковай і творчай дзейнасці, стымуляванне прафесійнага росту педагогаў.
Па матэрыялах pravo.by і БелТА падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар