Аб гэтым заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў.
“Улічваючы меры, якія прымае дзяржава, сёння я не бачу сур’ёзных падстаў для хвалявання насельніцтва. Сітуацыя на спажывецкім рынку стабільная і кіруемая”, — падкрэсліў кіраўнік КДК.
Ён заявіў, што “дзяржава не адпускала цэны на асноўныя групы спажывецкіх тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённым ужытку, у свабоднае плаванне, ідучы нібы на повадзе ў нейкіх рыначных павеваў”. “Мы кантралявалі і будзем кантраляваць цэны ў інтарэсах насельніцтва краіны”, — запэўніў Леанід Анфімаў.
На яго думку, сёння няма ніякіх перадумоў для росту цэн на прадукцыю сельскай гаспадаркі. Рознічныя цэны на хлеб, мяса, малако, агародніну, дзіцячае харчаванне і іншыя харчовыя тавары рэгулююцца дзяржавай. Таксама дзяржавай рэгулююцца закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю. Напрыклад, цана па дзяржзаказе на пшаніцу і грэчку не павышалася на працягу апошніх трох гадоў.
Стабільная сітуацыя і па цане на мяса і малако. За апошні год сярэдняя цана рэалізацыі свініны ў сельгасвытворцаў павялічылася толькі на 4,5 працэнта. Улічваючы, што гэта айчынная сыравіна, няма перадумоў для росту цэн і на гатовую прадукцыю ў магазінах. Больш за тое, у рознічным продажы кошт свініны і ялавічыны ў параўнанні з лістападам мінулага года і зусім зменшыўся.
Што тычыцца малака, то цана яго рэалізацыі на перапрацоўку ў параўнанні з чэрвенем мінулага года таксама не павялічылася. Як вынік — узровень рознічных цэн на малако ў бягучым годзе практычна стабільны.
“Што тычыцца імпартных тавараў, галоўным чынам складанабытавой тэхнікі, то трэба разумець, што іх кошт залежыць ад многіх знешніх фактараў, у тым ліку ад сітуацыі на валютным рынку, — растлумачыў кіраўнік кантрольнага ведамства. — На гэтыя тавары адносна нязначны рост цэн быў адзначаны ў пачатку гэтага года. Тады ж, нягледзячы на рост асноўных валют адносна беларускага рубля, дзяржава не дазволіла павялічыць цэны на асноўныя тавары”. Леанід Анфімаў дадаў, што да гэтай сітуацыі з разуменнем паставіліся ключавыя вытворцы і імпарцёры.
“Яшчэ раз падкрэслю: у дзяржаўных органаў, перш за ўсё ў Камітэта дзяржкантролю, дастаткова паўнамоцтваў і рычагоў, каб не дапусціць павышэння цэн, не гаворачы ўжо аб нейкім, нават гіпатэтычным, іх скачку. Але калі нехта захоча ў гэтай сітуацыі пабалавацца з цэнамі і нагрэць на гэтым рукі, рэакцыя дзяржавы будзе строгай і неадкладнай, — адзначыў старшыня КДК. — Вінаватыя ў гэтым будуць прыцягвацца да строгай адказнасці, з прымяненнем сур’ёзных эканамічных санкцый, аж да прыпынення дзейнасці гандлёвага аб’екта. І калі некаму карціць атрымаць “чырвоную картку”, ён яе атрымае”.
“Цяпер мы правяраем, наколькі змяніліся цэны на асноўныя сацыяльна значныя тавары. Асаблівая ўвага ўдзяляецца групе харчовых тавараў, — падкрэсліў кіраўнік кантрольнага ведамства. — Гэта мясная, малочная і садавіннаагароднінная прадукцыя. Дакладна аналізуецца, як змяніліся цэны на школьныя тавары, жыллёва-камунальныя, транспартныя і санаторныя паслугі, лякарствы, кошт будаўніцтва жылля і навучання ў навучальных установах”.
Кіраўнік КДК акцэнтаваў увагу на тым, што сітуацыя вывучаецца не толькі ў буйных гарадах, але і ў сельскіх населеных пунктах, рабочых пасёлках, райцэнтрах.