Праблематыка аховы здароўя, адукацыі, сацпадтрымкі, пенсійнага забеспячэння пастаянна знаходзіцца ў зоне павышанай грамадскай увагі, паколькі гэта сфера інтарэсаў кожнага чалавека незалежна ад яго статусу і ўзросту. Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава выказала сваё меркаванне па пытаннях, якія найбольш хвалююць жыхароў Беларусі ў сацыяльнай сферы.
— Наталля Іванаўна, бюджэт 2016 года па-ранейшаму будзе сацыяльна арыентаваным. На вашу думку, ці захаваецца сацыяльная арыентацыя ў наступныя гады і якія сацыяльныя сферы ў будучыні запатрабуюць выдзялення больш важкіх асігнаванняў?
— Дзяржава не зменіць сацыяльныя арыенціры: клопат аб чалавеку быў і застаецца лейтматывам усёй дзяржаўнай палітыкі. Гэта пацвярджае і рэспубліканскі бюджэт на 2016 год. На адукацыю выдзяляецца 4,85 працэнта ВУП (у 2015 годзе — 4,82 працэнта), на ахову здароўя — 4,28 працэнта (у 2015-м — 3,99 працэнта), а з улікам пазабюджэтнай дзейнасці гэтыя лічбы будуць яшчэ вышэйшыя.
Я думаю, што ў наступныя гады дынаміка захаваецца, на сацыяльную сферу будуць і ў далейшым выдзяляцца сур’ёзныя фінансавыя рэсурсы.
Хачу падкрэсліць: нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы ні адна сацыяльная праграма не закрыта. Пры гэтым іх колькасць скарочана за кошт акумуляцыі ўзаемазвязаных напрамкаў. Такі праграмна-мэтавы падыход дасць магчымасць сканцэнтраваць рэсурсы на вырашэнні самых важных праблем.
Завяршаецца рэалізацыя другой Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Паколькі пытанні дэмаграфіі па-ранейшаму вельмі важныя для нашай дзяржавы, распрацавана новая дзяржпраграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2016—2020 гады.
На рэалізацыю праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” ў наступным пяцігоддзі прадугледжваецца накіраваць больш як Br265 трлн ($14,5 млрд у эквіваленце). Аб’ём фінансавання павялічаны больш як у 15 разоў у параўнанні з папярэдняй праграмай дэмаграфічнай бяспекі (з улікам аб’яднання дзяржпраграм, якія рэалізоўваліся паасобку).
— Дзяржавай у апошнія гады прыняты сур’ёзныя меры па падтрымцы сем’яў з дзецьмі, стымуляванні нараджальнасці, умацаванні здароўя насельніцтва. Удалося знізіць тэмпы дэпапуляцыі, значна палепшыліся і іншыя дэмаграфічныя паказчыкі. Куды будзе накіраваны вектар сямейнай палітыкі ў наступным пяцігоддзі?
— Галоўныя прыярытэты дзяржаўнай сямейнай палітыкі — паўнацэнная сям’я з дзецьмі, устойлівыя шлюбы, здаровае гарманічнае жыццё. Гэта аснова асноў, фундамент будучага дабрабыту чалавека, грамадства, краіны. Таму наша агульная задача — прапаганда традыцыйных сямейных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця. І пачынаць яе трэба з дзіцячых гадоў у сям’і, якая павінна быць прыкладам для пераймання, са школьнай парты.
У Беларусі трэба ўкараніць нацыянальную мадэль планавання сям’і — матываваць моладзь на нараджэнне двух і больш дзяцей. Дарэчы, з кожным годам узрастае колькасць сем’яў, якія маюць двух і больш дзяцей. Пры гэтым змяншаецца доля пазашлюбных нараджэнняў (з 25 да 15 працэнтаў). Гэта не можа не радаваць.
— А такіх франтальных мер падтрымкі, як сямейны капітал, не чакаецца?
— Мы пастаянна ўдасканальваем сістэму падтрымкі сем’яў з дзецьмі. У Беларусі гэтая сістэма разгалінаваная па напрамках і маштабная па фінансаванні. Яна ўключае значныя меры па падтрыманні даходаў сем’яў (толькі дзіцячых дапамог выплачваецца 11 відаў), ільготы і гарантыі ў сферы працы і падаткаабкладання, аказанне фінансавай дапамогі пры будаўніцтве і рэканструкцыі жылля, а таксама меры па развіцці сеткі ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя. Па некаторых пазіцыях Беларусь знаходзіцца наперадзе краін-суседзяў з вялікім адрывам.
Дзяржава прадоўжыць развіваць сацыяльныя праграмы, накіраваныя на падтрымку юнага пакалення беларусаў, сем’яў з дзецьмі, на стварэнне спрыяльных умоў для іх дзейнасці.
— У развітых краінах пенсійны парог намнога вышэйшы, чым у Беларусі. У адной узроставай катэгорыі з Беларуссю застаюцца толькі Расія і Узбекістан. Якія перспектывы ў нашай краіне па павелічэнні ўзросту выхаду на пенсію ў цэлым і ў адносінах да жанчын у прыватнасці?
— Прэзідэнт Беларусі неаднаразова адзначаў, што павышаць пенсійны ўзрост трэба, але пры ўмове, што людзі выкажуцца “за”.
Палеміка па пытанні павышэння пенсійнага парога вядзецца вельмі актыўна. Сапраўды, пенсійны ўзрост у нас нізкі. Ён не ўлічвае ні эканамічныя рэаліі, ні тую акалічнасць, што расце сярэдняя працягласць жыцця і, адпаведна, падаўжаецца перыяд атрымання пенсіі. Так, жанчыны атрымліваюць пенсію ў сярэднім больш як 25 гадоў. Пры гэтым большасць з іх, дасягнуўшы 55 гадоў, прадаўжае працаваць.
Я мяркую, што да пытання аб павышэнні пенсійнага парога ў будучыні мы прыйдзем так ці інакш.
У гэтым годзе мне споўнілася 55 гадоў, не раблю з гэтага сакрэту. Многія з маіх равесніц (з кім я вучылася ў школе, у інстытуце, мы па-ранейшаму сустракаемся, размаўляем) на пенсію не пайшлі. Паглядзіце вакол: большасць жанчын у 55 гадоў яшчэ поўныя сіл, у іх ёсць вопыт і жаданне працаваць, гэта ўзрост рэалізацыі. Зразумела, многае залежыць ад стану здароўя і патэнцыялу чалавека.
— Ва ўмовах старэння насельніцтва ўсё больш пажылых людзей застаюцца ў адзіноце пры жывых і здаровых сваяках, спадзеючыся на дапамогу дзяржавы, сацыяльных работнікаў. Ці трэба, на вашу думку, узмацняць адказнасць дарослых працаздольных дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў?
— Кодэксам аб шлюбе і сям’і рэгламентуецца абавязак паўналетніх працаздольных дзяцей клапаціцца аб сваіх непрацаздольных бацьках і аказваць ім неабходную дапамогу. У заканадаўстве дастаткова норм, якія даюць магчымасць прыцягнуць працаздольных дзяцей да ўтрымання бацькоў, якія маюць патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы.
Але, разумееце, ніякім законам (старым або новым) не прымусіш любіць і берагчы сваіх блізкіх. Гэтую культуру ўзаемаадносін паміж пакаленнямі трэба выхоўваць з дзяцінства.
— У 2015 годзе вы ўзначальвалі дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Зыходзячы з аналізу гэтай кампаніі, якія навацыі рыхтуюцца для абітурыентаў 2016 года?
— У Беларусі створаны празрысты механізм фарміравання студэнцкай аўдыторыі, сур’ёзных парушэнняў у час уступных іспытаў не выяўлена. Як паказаў аналіз работы і зваротаў грамадзян, прынцыповыя змяненні ў правілы прыёму не патрабуюцца, але некаторыя карэкціроўкі неабходны.
Так, прапануецца асаблівы парадак прыёму ў педагагічныя ВНУ выпускнікоў профільных класаў педагагічнага напрамку. Плануецца прадаставіць ім права паступлення без уступных іспытаў, калі адзнакі па ўсіх школьных прадметах — 7 і вышэйшыя, па профільных вучэбных дысцыплінах — не ніжэйшыя за 9 балаў. Акрамя таго, абітурыенту пры паступленнi на педагагічную спецыяльнасць у 2016 годзе абавязкова спатрэбіцца рэкамендацыя педсавета ўстановы адукацыі, якую ён скончыў.
Я лічу, што гэта правільна. Дарэчы, аб гэтым неаднаразова даводзілася чуць на сустрэчах у педагагічных калектывах. У педагагічныя ВНУ павінны ісці маладыя людзі, якія захапляюцца гэтай прафесіяй і маюць да яе здольнасці, а не проста саіскальнікі дыплома аб вышэйшай адукацыі, паколькі настаўнік — прафесія асаблівая і адбор абітурыентаў павінен грунтавацца не толькі на выніках ЦТ, але і на характарыстыцы асобы.
І яшчэ. Для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту плануецца такая новая норма, як наяўнасць спартыўнага разраду (звання). Гэта таксама дасць магчымасць прыцягнуць прафесійна арыентаваных абітурыентаў, якія маюць не толькі высокую фізпадрыхтоўку, але і навыкі ў пэўным відзе спорту.
— Цікава, ці скароцяць летнія канікулы школьнікам і летні водпуск настаўнікам?
— Безумоўна, не. Аб гэтым нават размова не ідзе.
Я ўпэўнена, што трэба максімальную ўвагу ўдзяліць здароўю школьнікаў, якое пагаршаецца ў тым ліку з прычыны перагрузак — урокі, гурткі, секцыі… Запланавана сумесная калегія міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя, на якой будзем абмяркоўваць, як увязаць вучэбную нагрузку з захаваннем здароўя школьнікаў. Важная ў гэтым пытанні і роля бацькоў. Менавіта яны павінны вызначыць збалансаваны аб’ём дадатковых заняткаў у секцыях, гуртках, клубах, які забяспечвае неабходнае развіццё дзіцяці, але не прыводзіць да яго ператамлення і страты цікавасці да заняткаў.
Алена ПРУС, БелТА.