Дзяржавы поўныя рашучасці развіваць і паглыбляць адносіны

- 12:27Інфармацыйная гадзіна

Беларусь настроена вырашаць праблемы ў адносінах з Іранам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Ірана Хасанам Раўхані на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Цындаа.

“У нас не проста год ад году паляпшаюцца адносіны — у нас ёсць ужо цэлая гісторыя адносін”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што не раз бываў у Іране і добра ведае, з якімі праблемамі сутыкалася краіна, якія цяжкасці існуюць у беларуска-іранскіх адносінах. “І мы поўныя рашучасці гэтыя праблемы вырашаць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Беларусь гатова да развіцця адносін з вашай краінай, наколькі вы гэтага жадаеце”.

У сваю чаргу Хасан Раўхані ўспомніў аб сваёй папярэдняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў ліпені 2015 года ва Уфе таксама на палях саміту ШАС. “Пасля яе я даў даручэнне свайму міністру прамысловасці, каб ён прыехаў з візітам у Беларусь для абмеркавання, як нам далей развіваць двухбаковыя адносіны і вырашыць усе праблемныя пытанні. Я думаю, што да аптымальнага ўзроўню ў адносінах нам пакуль яшчэ далёка, але сёння мы знаходзімся на ўзроўні значна лепшым, чым раней”, — сказаў іранскі лідар.