Дзярждума разгледзіць папраўкі аб вяртанні медалёў у школы

- 16:47Паралелі, Рознае

У красавіку плануецца разгледзець у першым чытанні законапраект аб вяртанні ў школы залатых медалёў у якасці заахвочвання за асаблівыя поспехі ў навучанні, паведаміў днямі першы віцэ-спікер ніжняй палаты Аляксандр Жукаў.

Законапраект быў унесены ў Дзярждуму 25 лютага групай дэпутатаў на чале са старшынёй камітэта па адукацыі Вячаславам Ніканавым. Ён вызначае віды заахвочванняў, якія прымяняюцца да навучэнцаў і выпускнікоў адукацыйных арганізацый за поспехі ў вучэбнай, фізкультурнай, спартыўнай, грамадскай, навуковай, навукова-тэхнічнай, творчай, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Раней Міністэрства адукацыі і навукі Расіі адмяніла залатыя і сярэбраныя медалі, якія ўручаліся школьнікам за поспехі ў вучобе, паколькі яны не даюць ніякіх ільгот пры паступленні ў ВНУ. Але рэгіёны атрымалі магчымасць устанаўліваць свае віды заахвочвання.
“У красавіку ў першым чытанні будзе разгледжаны законапраект, які ўдакладняе парадак заахвочвання выпускнікоў за поспехі”, — сказаў А.Жукаў на пленарным пасяджэнні Дзярждумы.
У прыватнасці, законапраект вызначае, што выпускнікі адукацыйных арганізацый, якія засвоілі адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, могуць быць заахвочаны залатым медалём “За асаблівыя поспехі ў навучанні”, а таксама пахвальнай граматай “За асаблівыя поспехі”. Акрамя таго, вучні і выпускнікі школ могуць быць заахвочаны пахвальным водгукам у лісце да бацькоў, аб’яўленнем падзякі, узнагароджаннем граматай, каштоўным падарункам, грашовай прэміяй, занясеннем прозвішча вучня ў Кнігу гонару або на Дошку гонару школы. Умовы і парадак прадастаўлення заахвочванняў будзе вызначаць Міністэрства адукацыі і навукі. Акрамя таго, лакальнымі актамі адукацыйнай арганізацыі могуць быць прадугледжаны іншыя віды заахвочвання.