Камітэт дзяржаўнага кантролю прымае меры для аператыўнага ўстаранення парушэнняў, выяўленых у ходзе ўборачнай кампаніі, паведамілі ў прэс-службе КДК Беларусі.
Камітэтам дзяржкантролю прадаўжаецца кантроль за ходам правядзення ўборачнай кампаніі ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Праведзеныя праверкі паказваюць, што на месцах па-ранейшаму ёсць нявырашаныя праблемы.
Так, у сельгасарганізацыях Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей адзначана недастатковая гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў.
З-за негатоўнасці зернесушыльных комплексаў не ўсюды вырашаны пытанні па забеспячэнні своечасовай і якаснай дапрацоўкі збожжа. Так, на 9 жніўня ў ААТ “Пунсовая зара” Вілейскага раёна з-за перыядычных паломак існуючай зернесушылкі на збожжатоку ў аграгарадку Ерхі 60 т зерня азімага жыта вільготнасцю 26 працэнтаў пачало самасагравацца. У КСУП “Прагрэс-Агра” Светлагорскага раёна новы зернесушыльны комплекс ЗСК 30-Г, які планавалася выкарыстоўваць на дапрацоўцы збожжа, фактычна ў работу не запушчаны, паколькі да яго не падключана газазабеспячэнне. У выніку на адкрытай пляцоўцы збожжатока на 9 жніўня знаходзілася каля 200 т зерня азімага жыта, з якіх каля 70 т вільготнасцю 35 працэнтаў самасагравалася.
На ход уборачнай кампаніі адмоўна ўплывае несвоечасовы, а часам і няякасны рамонт гарантыйнай збожжаўборачнай тэхнікі. Так, у КСУП “Ельскае Палессе” Ельскага раёна ўстараненне паломкі (цечы масла з картара рухавіка галоўнага прывода) збожжаўборачнага камбайна праводзілася спецыялістамі ААТ “Мазыраграпрамснаб” на працягу 3 сутак (з 6 па 8 жніўня).
У шэрагу гаспадарак з-за недаглядаў у арганізацыі работ ёсць факты незабеспячэння захаванасці вырашчанага ўраджаю і яго звышнарматыўныя страты пры ўборцы.
Акрамя таго, праверкі паказалі, што на сённяшні дзень у сельгасарганізацыях ёсць праблемы з корманарыхтоўкай і падрыхтоўкай да азімай сяўбы. Практычна ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі адзначаны парушэнні тэхналагічных рэгламентаў пры нарыхтоўцы кармоў (закладка травяной масы з павышанай вільготнасцю, перавышэнне ўстаноўленых тэрмінаў запаўнення сянажных траншэй), што прыводзіць да пагаршэння іх якасці.
Па выніках праверак спецыялісты Камітэта дзяржкантролю інфармавалі аб выяўленых недахопах мясцовыя органы ўлады. Па рэкамендацыях дзяржаўных кантралёраў на месцах аператыўна прымаліся меры па выпраўленні недахопаў, выкананні тэхналогій ходу ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, рамонце збожжаўборачнай тэхнікі. У многіх выпадках пасля аператыўнага ўмяшання работнікаў Камітэта дзяржкантролю ўдалося прадухіліць страты ўраджаю, звязаныя з няправільнай настройкай збожжаўборачнай тэхнікі і парушэннямі тэхналогій захоўвання збожжа на збожжатоках.