У Беларусі на сацыяльную, медыцынскую, жыллёвую падтрымку сем’яў і дзяцей плануецца накіраваць у бягучым пяцігоддзі больш як Br12,5 трлн. Гэта прадугледжана падпраграмай “Сям’я і дзяцінства” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гады.
Падпраграмай прадугледжваецца шырокі спектр мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя маці і дзіцяці. Значныя фінансавыя рэсурсы будуць накіраваны на закупку медыцынскага абсталявання, аснашчэнне ўстаноў аховы здароўя ў рэгіёнах і сталіцы. Гэта дасць магчымасць удасканаліць аказанне медыцынскай дапамогі жанчынам, у тым ліку рэпрадуктыўнага ўзросту, і дзецям (асаблівая ўвага — нованароджаным).
Будзе распрацавана і ўкаранёна нацыянальная мадэль службы планавання сям’і, створана служба аховы мужчынскага здароўя.
На базе арганізацый аховы здароўя ў гарадах з насельніцтвам больш як 100 тысяч чалавек у бягучым годзе будуць створаны вучэбныя цэнтры для бацькоў па пытаннях арганізацыі бяспечных умоў пражывання дзяцей. А на 2016—2017 гады запланавана распрацоўка інфармацыйнай стратэгіі па прафілактыцы дзіцячага траўматызму.
У 2016 годзе будзе распрацавана Нацыянальная стратэгія па пытаннях паляпшэння здароўя дзяцей і падлеткаў на аснове стратэгіі СААЗ.
Плануецца развіваць сетку цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў (ЦДП), якія нацэлены на фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця ў моладзі, уключаючы падлеткаў груп рызыкі. У гэтым годзе ЦДП адкрыюцца ў Гродне, Гомелі, Кобрыне, Лідзе, Магілёве, Оршы.
Асобны блок мерапрыемстваў накіраваны на развіццё сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі і паляпшэнне ўмоў іх жыццядзейнасці, умацаванне інстытута сям’і.
Так, на 2016 год запланавана распрацоўка прапаноў па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Прадоўжыцца прадастаўленне сямейнага капіталу і іншых мер дзяржаўнай падтрымкі. Дадатковы імпульс атрымае развіццё сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага заказу адносна сем’яў з дзецьмі.
У перспектыве прадугледжваецца ўзмацніць падтрымку сем’яў у вырашэнні жыллёвай праблемы.
У 2019 годзе ў рэспубліцы пройдзе даследаванне асаблівасцей сучаснага выхавання, будуць распрацаваны праграмна-метадычныя матэрыялы па сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамозе сям’і. У 2018—2019 гадах плануецца распрацоўка механізма суправаджэння, сацыяльнай і псіхалагічнай падтрымкі непаўналетніх маці ў мэтах прафілактыкі рызык сацыяльна небяспечнага становішча для маці і яе дзіцяці.
Падпраграмай прадугледжана ў 2016—2017 гадах прапрацаваць пытанне аб мэтазгоднасці ўстанаўлення абавязковага сацыяльнага водпуску для бацькаў пры нараджэнні дзіцяці.
Атрымае далейшае развіццё ініцыятыва “Горад, дружалюбны да дзяцей”.
А ў 2019 годзе пачнецца распрацоўка канцэптуальных асноў сямейнай палітыкі і яе прыярытэтных напрамкаў на будучае.