Важная пляцоўка для дыялогу — менавіта гэтым Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва прыцягальная
для нашай краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
— Мы разглядаем пляцоўку Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва як важны механізм дыялогу з сябрамі і ключавымі партнёрамі. У 2024 годзе наша краіна стала паўнапраўным членам ШАС. Гуманітарны складнік арганізацыі, у тым ліку развіццё адукацыі, уяўляе для Беларусі доўгатэрміновы інтарэс, — адзначыў кіраўнік беларускага ведамства.
Пра гатоўнасць нашай краіны пашырыць свой удзел у навуковых і адукацыйных праектах прасторы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва сведчыць далучэнне 6 універсітэтаў да Універсітэта ШАС (сеткавы ўніверсітэт, міжнародная адукацыйная праграма на тэрыторыі Азіі). Гаворка пра БДУ, БНТУ, БДУІР, ГДУ імя Францыска Скарыны, ВДУ імя П.М.Машэрава, ГДТУ імя П.В.Сухога. Акрамя таго, дзясятая Нарада міністраў адукацыі дзяржаў — членаў ШАС у наступным годзе пройдзе ў Беларусі. У яе межах таксама запланаваны форум студэнцкай моладзі і маладых навукоўцаў ШАС.
Андрэй Іванец адзначыў, што напрамкі супрацоўніцтва ў межах праекта Урумчыйскай ініцыятывы ўжо ўвасабляюцца ў жыццё, у тым ліку сумесна з замежнымі партнёрамі. Напрыклад, у нас рэалізуецца канцэпцыя развіцця інжынернай адукацыі да 2035 года, якая прадугледжвае адкрыццё новых спецыяльнасцей, ліквідацыю разрыву паміж універсітэцкімі і вытворчымі тэхналогіямі, а таксама актыўнае ўцягванне прадпрыемстваў у падрыхтоўку спецыялістаў. Акрамя таго, канцэпцыя прадугледжвае падрыхтоўку інжынерных кадраў праз інтэграцыю агульнай сярэдняй і прафадукацыі. Ствараецца Вышэйшая школа прыродазнаўчых навук і тэхналогій для падрыхтоўкі ўнікальных спецыялістаў сусветнага ўзроўню. У адукацыйны працэс укараняюцца новыя дысцыпліны і тэхналогіі, развіваецца супрацоўніцтва з замежнымі ўніверсітэтамі для навучання па сумесных праграмах.
Міністр падкрэсліў важнасць кадравага забеспячэння сістэмы адукацыі. У Беларусі рэалізуецца канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі, накіраваная на падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, гатовых працаваць у зменлівых умовах. Гэта дазволіла абнавіць адукацыйныя стандарты, праграмы і рэсурснае забеспячэнне, а таксама ўзмацніць навукова-даследчы патэнцыял педагагічнай адукацыі.
— Універсітэты Беларусі працуюць як навукова-адукацыйныя цэнтры, але цяпер адбываецца іх трансфармацыя ў навукова-адукацыйна-вытворчыя кластары для вырашэння пытанняў інавацыйнага развіцця галін і міжгаліновых комплексаў, — дадаў кіраўнік беларускага ведамства.
Беларусь падтрымлівае прыярытэты сумеснай работы Урумчыйскай ініцыятывы ў сферы адукацыі і мае намер прымаць актыўны ўдзел у іх рэалізацыі. Андрэй Іванец пацвердзіў гатоўнасць уносіць канструктыўны і дзейсны ўклад у паступальнае развіццё, забеспячэнне стабільнасці, бяспекі і працвітання на прасторы ШАС як у шматбаковым фармаце, так і на двухбаковых трэках у гуманітарным вымярэнні.
Разам з тым палі дзявятай Нарады міністраў адукацыі дзяржаў — членаў ШАС сталі месцам сустрэч міністра адукацыі Беларусі з кіраўнікамі іншых дэлегацый.
Прайшлі перамовы з міністрам вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Узбекістана Кангратбаем Шарыпавым. На іх гаварылася пра ўдзел ва ўніверсітэцкім форуме інжынернай накіраванасці ў Беларусі і конкурсе ProfSkills Belarus — 2025. Абмяркоўваліся стварэнне рэсурсных цэнтраў прафадукацыі ва Узбекістане, міжуніверсітэцкае ўзаемадзеянне ў падачы заявак на сумесныя конкурсы навуковых праектаў. Калегі з Узбекістана падзякавалі за падрыхтоўку іх педагогаў у Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі.
У цэнтры ўвагі была дзейнасць Беларуска-Узбекскага міжгаліновага інстытута прыкладных тэхнічных кваліфікацый у Ташкенце, створанага шляхам арганізацыі сумеснай работы БНТУ і ТашДТУ. Як падкрэсліў Андрэй Іванец, інстытут з’яўляецца прыкладам дружалюбнага супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных інжынерна-тэхнічных кадраў, якія здольны вырашаць задачы навукова-вытворчай сферы прамысловасці.
— Стварэнне цэнтра кампетэнцый у інстытуце можа ўзмацніць супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў прафесійнай адукацыі дзякуючы павышэнню кваліфікацыі супрацоўнікаў і рэалізацыі адукацыйных праграм, — лічыць міністр адукацыі нашай краіны.
Падчас сустрэчы міністраў адукацыі Беларусі Андрэя Іванца і Кітайскай Народнай Рэспублікі Хуая Цзіньпэна ішла гаворка пра актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы рэалізацыю флагманскіх праектаў. Паміж установамі адукацыі Беларусі і Кітая падпісана больш за 800 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве, што дазваляе рэалізоўваць сумесныя навуковыя і адукацыйныя праекты, а таксама ажыццяўляць акадэмічныя абмены.
Акрамя таго, адбылася сустрэча кіраўніка беларускага адукацыйнага ведамства з намеснікам міністра асветы Расіі Андрэем Карнеевым. Ключавымі пытаннямі для абмеркавання сталі падрыхтоўка да сумеснай восеньскай калегіі ў Сочы, спецыяльная адукацыя і маладзёжная палітыка, распрацоўка кантэнту і вучэбных выданняў, удзел у Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Па матэрыялах інфармацыйных крыніц Мінадукацыі падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ