Дзяцінства, сяброўства, чараўніцтва

У час асенніх канікул сталічны Маладзёжны тэатр эстрады прапаноўвае школьнікам свой варыянт баўлення вольнага часу — захапляльнае падарожжа адразу ў тры дзіцячыя казкі: “Ох і Ах і Гаргамель”, “Той самы Карлсан і Малыш” і “Катавасія і Пёсасторыя”.

Усе тры музычныя пастаноўкі — рэпертуарныя спектаклі Тэатра эстрады. Прадстаўлены яны былі ў розны час, але зараз вырашана парадаваць гледачоў і паказаць іх адзін за адным.

Героі дзіцячага мюзікла “Ох і Ах і Гаргамель” запрашаюць у вясёлае падарожжа, у час якога злая вядзьмарка Гаргамель паспрабуе захапіць чароўны свет, а маленькія казачныя чалавечкі Ох і Ах будуць супрацьстаяць ёй. “Гэта добрая гісторыя пра сяброўства, сямейныя адносіны і каштоўнасці. Яна расказвае, як сябар прыходзіць на дапамогу сябру. Такая гісторыя будзе цікавая кожнаму маленькаму гледачу. Наш мюзікл можна ўбачыць сёння, а таксама 5 і 27 лістапада”, — падкрэсліў галоўны рэжысёр тэатра Іван Клешчанка.

6 лістапада ў тэатры адзначаць дзень нара­джэння гарэзлівага хлопчыка пастаноўкай “Той самы Карлсан і Малыш”. “Падзеі ўсім вядомай гісторыі гэтым разам разгарнуцца ў новых умовах, праўда, са старымі персанажамі: Малышом, Карлсанам, мамай, татам і Фрэкен Бок. Адзінае, мы ўвялі такога персанажа, як Дзяцінства, які дапамагае дарослым пераасэнсаваць каштоў­насць аднайменнага перыяду і нагадвае ім, што, нават пасталеўшы, трэба часам рабіць нейкія неабдуманыя ўчынкі і радавацца жыццю”, — дадаў І.Клешчанка.

Усе ведаюць, што паміж катамі і сабакамі вя­дзецца вечная барацьба, але Тэатр эстрады раскрыў сакрэт, як можна іх памірыць. Усе падрабязнасці дапытлівыя гледачы даведаюцца з музычнай казкі “Катавасія і Пёсасторыя”, паказ якой адбудзецца 20 лістапада. “Гэтая казка — сапраўдны брадвейскі мюзікл для дзяцей, у цэнтры якога таксама сяброўства, а яшчэ — узае­маадносіны паміж катамі і сабакамі, якія дазваляюць кожнаму гледачу правесці сваю аналогію, хто ж маецца на ўвазе пад гэтымі вобразамі, — сказаў рэжысёр. — Пастаноўка насычана яркай музыкай, цікавымі песнямі і прыгожымі балетнымі пастаноўкамі. Дарэчы, гэта наш своеасаблівы эксперымент, таму што ўпершыню ў гэтай казцы задзейнічаны не толькі артысты размоўнага жанру, але і прафесійныя вакалісты. Да таго ж наблізіць пастаноўку да дзіцячай аўдыторыі дапамагаюць і юныя артысты шоу-тэатра Таццяны Пановай “Хвілінка”. Раю ўсім прыйсці на нашы казкі, каб адпачыць ад штодзённай мітусні, паглядзеўшы яркія дзіцячыя гісторыі”.

Акрамя таго, Тэатр эстрады ўжо рыхтуецца да зімовых канікул і навагодніх свят, у час якіх маленькія гледачы змогуць пабачыць музычную навагоднюю казку “Чароўнае слова” і паў­дзельнічаць у казачным навагоднім квесце “Сем жаданняў”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва тэатра.