Дзяўчат у Акадэміі МУС стане вучыцца больш, а кадэтам прасцей паступіць

- 16:18Вышэйшая школа, Рознае

На днях начальнік Акадэміі МУС У.У.Бачыла правёў прамую тэлефонную лінію, падчас якой адказваў на пытанні наконт сёлетняй уступнай кампаніі. Магчымасцю высветліць хвалюючыя моманты непасрэдна ў начальніка акадэміі скарысталіся як самі будучыя абітурыенты, так і іх бацькі.

Курсанцкія пагоны для дзяўчат

Адразу пачнём з самага новага. Сёлетні набор дзяўчат у акадэмію павялічыцца з 7, як было два гады запар, да 35 чалавек. Начальнік акадэміі Уладзімір Бачыла падкрэсліў, што дзяўчаты маюць права вучыцца на факультэце міліцыі па спецыяльнасці “Правазнаўства” са спецыялізацыяй “Адміністрацыйна-прававая дзейнасць”, дзе для іх выдзелена 15 месцаў. На факультэце міліцыі па спецыяльнасці “Эканамічнае права” са спецыялізацыяй “Аператыўна-вышуковая дзейнасць” — для дзяўчат разлічана 3 месцы. На следча-экспертным факультэце, але толькі па спецыяльнасці “Судовая экспертыза”, запланавана 7 месцаў (на следчых дзяўчат не рыхтуюць). На крымінальна-выканаўчым факультэце па спецыяльнасці “Правазнаўства” — 10 месцаў.
Сказаць дакладна, які будзе прахадны бал для дзяўчат, пакуль складана. Аднак тое, што ён будзе вышэйшы, чым у хлопцаў, дакладна. “Мы разлічваем, што праходзіць будуць дзяўчаты, якія набралі прыблізна 260—280 балаў”, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
У.У.Бачыла падкрэсліў, што платнага навучання на дзённай форме няма, толькі на завочнай. “Пасля таго, як раптам вы не праходзіце па конкурсе, у вас ёсць 4 дні, каб перападаць дакументы на факультэт права, дзе можна на платнай завочнай форме прайсці навучанне па спецыяльнасці “Правазнаўства” (спецыялізацыі — “Адміністрацыйна-прававая дзейнасць” або “Аператыўна-вышуковая дзейнасць”)”, — адказаў на тэлефоннае пытанне Уладзімір Бачыла.

Перад тым як здаваць ЦТ…

Да 15 красавіка абітурыентам Акадэміі МУС трэба падаць заяву аб паступленні ў раённы аддзел унутраных спраў па месцы жыхарства. Звяртацца неабходна да намесніка начальніка райаддзела па кадрах. Калі абітурыент яшчэ непаўналетні, аднаму з бацькоў трэба прысутнічаць пры падачы заявы. Бацька ці маці павінны пацвердзіць, што яны не супраць таго, каб іх дзіця паступала ў Акадэмію МУС. Пасля гэтага чакае ваенна-ўрачэбная камісія на прыгоднасць.

Перавагі для кадэтаў

Нямала званкоў было і ад навучэнцаў кадэцкіх вучылішчаў з пытаннем, ці паўплывае іх статус кадэта пры паступленні.
У новай рэдакцыі правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ прадугледжаны льготы для кадэтаў. Тыя кадэты, хто па кожным прадмеце атэстата мае 7 балаў і вышэй, паступаюць у Акадэмію МУС без экзаменаў. Кадэты, якія атрымалі па рускай або беларускай мове, матэматыцы, грамадазнаўстве (менавіта па гэтых прадметах здаецца ЦТ пры паступленні ў Акадэмію МУС) 6 балаў і вышэй, пры станоўчай здачы ЦТ ідуць без конкурсу ў рамках 30% ад набору. Гэтае правіла распаўсюджваецца на любы курсанцкі факультэт акадэміі — міліцыі, следча-экспертны і крымінальна-выканаўчы.

Мінімальны парог балаў па ЦТ

Уладзімір Бачыла адзначыў, што Акадэмія МУС выступае за зніжэнне мінімальнага парога.
“Мы прытрымліваемся той пазіцыі, што мінімальны парог па тэстах трэба зніжаць. Тады мы выключым выпадковы фактар, калі па адным з экзаменаў абітурыент не дабірае неабходную колькасць балаў, але паказвае выдатныя веды па іншых прадметах ”, — так пракаменціраваў сваю пазіцыю Уладзімір Бачыла. Начальнік акадэміі ўзгадаў сітуацыю мінулага года, калі хлопец з 90-бальнымі сертыфікатамі па рускай мове і грамадазнаўстве і з добрым атэстатам атрымаў 14 балаў па матэматыцы. Не дабраў аднаго бала і не паступіў.

Магчымасці, якія дае ліпень

Дні адкрытых дзвярэй у міліцэйскай альма-матар ужо прайшлі. Аднак для тых абітурыентаў, якія вызначыліся, што паступаць будуць менавіта ў Акадэмію МУС, звярнуліся ў раённы аддзел унутраных спраў з заявай і прайшлі ваенна-ўрачэбную камісію, будзе праведзены яшчэ адзін падобны дзень.
“Мы ўсіх запросім у акадэмію, каб яшчэ раз растлумачыць парадак прыёму, правы і магчымасці абітурыентаў, таму што многія не разумеюць, што можна зрабіць у прамежак з 9 па 15 ліпеня, — сказаў У.У.Бачыла. — Менавіта з 9 па 15 ліпеня, калі ўжо бачна больш-менш аб’ектыўная карціна, можна перападаваць дакументы з адной спецыяльнасці на іншую, з аднаго факультэта акадэміі на іншы. У мінулым годзе гэтым правам скарысталіся не ўсе абітурыенты”.
На які дзень будзе прызначана такая сустрэча, можна будзе даведацца ў раённым аддзеле ўнутраных спраў па месцы жыхарства або на сайце Акадэміі МУС.

 

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена Акадэміяй МУС.