Дзяўчатам уваход не забаронены

- 16:19Рознае, Суразмоўца

З адменай прафесійна-псіхалагічнага субяседавання прыёмная кампанія раней за іншых пачынаецца ў тых, хто плануе паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў. Ужо ў красавіку ім неабходна канчаткова вызначыцца з выбарам установы і прыняць пэўныя меры для ажыццяўлення сваёй мары. Якія — пра гэта ў інтэрв’ю з начальнікам Магілёўскага вышэйшага каледжа Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзем Леанідавічам КАЛЕСНІКАМ. 
Выбар установы невыпадковы: сёлета тут уступная кампанія будзе праходзіць не толькі ў адпаведнасці са зменамі агульных Правіл прыёму. Пэўныя новаўвядзенні плануюцца і ў самой установе: з новага навучальнага года каледж будзе працаваць у новым статусе — Магілёўскага інстытута МУС. За гэтымі знешнімі зменамі стаіць і шэраг зместавых. Пра іх — таксама ў нашай сённяшняй размове.

— Генадзь Леанідавіч, ваша ўстанова дынамічна развіваецца: здаецца, зусім нядаўна яна мела статус каледжа, а ў хуткім часе ўжо будзе перайменавана ў інстытут.
— Зразумела, да гэтых змен мы прыйшлі не адразу. Так, да 2010 года ўстанова працавала ў статусе каледжа, затым, згодна з указам кіраўніка краіны, у мэтах удасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў каледж быў рэарганізаваны ў Магілёўскі вышэйшы каледж Міністэрства ўнутраных спраў. З гэтага часу падрыхтоўка ва ўстанове вядзецца на ўзроўні вышэйшай адукацыі. А з першага верасня бягучага года наша ўстанова афіцыйна будзе перайменавана ў Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў, гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2013 года № 307. Адпаведна, выпускнікі, якія будуць заканчваць установу пасля 2014 года, атрымаюць дыпломы, дзе будзе значыцца, што яны закончылі поўны курс навучання ў Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь.

— За гэтымі знешнімі зменамі, напэўна, стаіць і шэраг зместавых…
— Так, безумоўна, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база, якасна мяняецца выкладчыцкі склад. Да таго ж, у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, змяняем і ўдасканальваем змест падрыхтоўкі. Напрыклад, да нядаўняга часу навучанне праходзіла на працягу пяці гадоў. З мінулага года студэнты спецыяльнасці “Правазнаўства” і сённяшнія абітурыенты будуць вучыцца ўжо чатыры гады. Аднак якасць прафесійнай адукацыі ад гэтага не знізіцца. Такі пераход стаў магчымым за кошт аптымізацыі цыкла сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, аб’яднання ці скарачэння няпрофільных гуманітарных дысцыплін ці колькасці гадзін на іх вывучэнне, а таксама за кошт павелічэння часу для самастойнай работы курсантаў.
Акрамя таго, з бягучага года ў нас з’явіліся дзве новыя спецыяльнасці — “Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі” і “Прававое забеспячэнне аператыўна-вышуковай дзейнасці”. Да гэтага часу падрыхтоўка па спецыяльнасці “Правазнаўства” — па дзвюх адпаведных спецыялізацыях — першапачаткова на ўзроўні тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі, не з’яўлялася арыентаванай на падрыхтоўку спецыялістаў для органаў унутраных спраў. Таму мы даўно выношвалі ідэю пераходу на свае “міліцэйскія” спецыяльнасці. У мінулым годзе ўсе неабходныя арганізацыйныя пытанні былі вырашаны. Думаю, мы якраз паспелі ў час, бо пераход на чатырохгадовы тэрмін навучання па спецыяльнасці “Правазнаўства” прывёў да змяншэння колькасці вучэбнага часу, які мы маглі выкарыстаць для вывучэння спецыялізаваных дысцыплін. Аднак варта адзначыць, што падрыхтоўка па спецыяльнасці “Правазнаўства” сёння таксама застаецца. Прычым пасля заканчэння навучання па кожнай спецыяльнасці прысвойваецца кваліфікацыя “юрыст”.

— Я так разумею, што тым, хто плануе вучыцца ва ўстановах адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў, у тым ліку і ў вашым каледжы, ужо сёння неабходна канчаткова вызначыцца з выбарам установы і непасрэдна спецыяльнасці?
— Так, для ўстаноў вышэйшай адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў прадугледжаны асаблівы парадак паступлення. І менавіта зараз, у красавіку, сапраўды неабходна вызначыцца з выбарам. Для паступлення ў нашы ўстановы неабходна загадзя паклапаціцца пра атрыманне дадатковых дакументаў. Так, на прыкладзе нашай установы магу сказаць, што, згодна з правіламі прыёму ў каледж, прафесійны адбор абітурыентаў ажыццяўляецца падраздзяленнямі Дэпартамента аховы МУС, Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўлення ўнутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў. Прафесійны адбор курсантаў ажыццяўляецца па такіх напрамках, як папярэдняе вывучэнне, правядзенне спецыяльнай праверкі, медыцынскі агляд і прафесійны псіхафізіялагічны адбор.
Таму абітурыенты з ліку грамадзянскай моладзі, якія жадаюць паступіць у каледж, не пазней чым 15 красавіка павінны падаць заяву на імя начальніка органа ўнутраных спраў па месцы жыхарства. Да заявы збіраецца неабходны пакет дакументаў, сярод якіх характарыстыка — для абітурыентаў з ліку грамадзянскай моладзі, хто скончыў установу адукацыі ў бягучым годзе, з месца вучобы, зацверджаная педагагічным саветам, з ліку працуючай моладзі — з месца работы, анкета, аўтабіяграфія, дэкларацыя аб даходах і маёмасці і інш. Далей абітурыенты накіроўваюцца для праходжання медыцынскага агляду і прафесійнага медыка-псіхалагічнага адбору, праходзяць азнаямляльную стажыроўку. Дарэчы, норма менавіта такога прафесійнага адбору пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі сілавога блока замацавана зараз і ў Правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі.
У адносінах да збору дакументаў хацелася б параіць наступнае: не варта адкладваць візіт у органы ўнутраных спраў да апошняга.Часам некаторыя абітурыенты з-за стану здароўя праходзяць ваенна-ўрачэбную камісію даўжэй за іншых. І калі яны не ўкладваюцца ў адведзены час, гэта не дазваляе кадравікам даслаць ва ўстанову адукацыі асабістыя справы да вызначанага тэрміну. У такім выпадку абітурыенты не будуць дапушчаны да паступлення.

— А якія змены чакаюць вашых абітурыентаў, як і абітурыентаў іншых сілавых устаноў адукацыі, у сувязі з новай рэдакцыяй Правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі?
— Улічваючы тое, што з 2014 года вышэйшы каледж пачынае падрыхтоўку па новых, практыка-арыентаваных спецыяльнасцях (“Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі” і “Прававое забеспячэнне аператыўна-вышуковай дзейнасці”), найбольш значным у новай рэдакцыі правіл для нас з’яўляецца распаўсюджванне льгот пры залічэнні на такіх асоб, як выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, кадэцкіх вучылішч. Тое, што выпускнікі Сувораўскага ваеннага вучылішча, якія скончылі ў год паступлення гэтую ўстанову з адзнакамі 7 і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана і былі накіраваны ў межах плана размеркавання сувораўцаў для далейшага навучання ва ўстановы вышэйшай адукацыі міністэрстваў абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, а таксама Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, залічваюцца па-за конкурсам, безумоўна, для нас станоўчае новаўвядзенне. У асобах гэтых маладых людзей мы маем выдатна матываваных абітурыентаў, якія ўжо зрабілі свядомы выбар на карысць праходжання службы ў ведамствах сілавога блока, а таксама зарэкамендавалі сябе як здольныя ва ўмовах строгай дысцыпліны засвойваць вучэбны матэрыял на самым высокім узроўні.
Ільготы пры залічэнні распаўсюджваюцца таксама і на асоб радавога і малодшага кіруючага складу органаў унутраных спраў, якія маюць рэкамендацыі органаў унутраных спраў, а таксама асоб, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей, — прапаршчыкаў, салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, якія праслужылі не менш за шэсць месяцаў, грамадзян, якія былі звольнены ў запас у год прыёму. Гэтыя катэгорыі для нас таксама з’яўляюцца мэтавымі, бо матывацыя да службы ў сілавых структурах у іх найбольш выражаная.
Немалаважным фактарам з’яўляецца для нас і магчымасць правядзення дадатковага набору, бо спецыфічныя моманты, звязаныя з афармленнем асабістых спраў абітурыентаў, робяць немагчымым падачу заяў у іншую ўстанову адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў, нават калі там застаюцца незапоўненыя вакантныя месцы ў межах кантрольных лічбаў прыёму.

— У новай рэдакцыі правіл з’явілася таксама норма, згодна з якой прадастаўлена магчымасць абітурыентам-спартсменам высокага класа, уключаным у склады нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь, атрымліваць вышэйшую адукацыю за кошт сродкаў бюджэту ў завочнай або вячэрняй форме па спецыяльнасцях, якія не звязаны з фізічнай культурай і спортам. Ці прымяняльная гэтая норма да вашых умоў?
— У цяперашні час падрыхтоўка спецыялістаў у завочнай форме ў вышэйшым каледжы ажыццяўляецца ў скарочаныя тэрміны ў рамках адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі, інтэграванай з адукацыйнай праграмай сярэдняй спецыяльнай адукацыі (спецыяльнасць “Праваахоўная дзейнасць”). Падрыхтоўку спецыялістаў па гэтай спецыяльнасці ажыццяўлялі толькі ўстановы адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў. Такім чынам, на атрыманне вышэйшай адукацыі ў вышэйшым каледжы ў завочнай форме могуць разлічваць толькі выпускнікі вышэйназваных устаноў адукацыі.

— Крыху раней вы гаварылі пра ўвядзенне ў бягучым годзе новых спецыяльнасцей. Наколькі я разумею, дзякуючы гэтаму, у вас захаваліся пэўныя льготы пры паступленні для дзяцей-сірот?
— Сапраўды, згодна з новай рэдакцыяй Правіл прыёму, пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй за 6 па прадметах уступных іспытаў залічваюцца па-за конкурсам (у межах да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму) дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, пры паступленні на ўсе спецыяльнасці, за некаторым выключэннем. Так, напрыклад, ільгота не распаўсюджваецца на спецыяльнасць “Правазнаўства”. А вось скарыстацца ёю пры паступленні ў нашу ўстанову на такія спецыяльнасці, як “Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі” і “Прававое забеспячэнне аператыўна-вышуковай дзейнасці”, магчыма. Разам з тым канкрэтная колькасць месцаў, якія будуць выдзелены для гэтай катэгорыі абітурыентаў, яшчэ не вызначана.

— Генадзь Леанідавіч, і яшчэ адно пытанне: у Правілах прыёму ў вышэйшы каледж на 2014 год, здаецца, няма згадкі пра тое, што ва ўстанову адукацыі не маюць права паступаць асобы жаночага полу. Ці значыць гэта, што сёлета дзверы вашай установы адчынены і для дзяўчат — раней жа існавалі пэўныя абмежаванні?
— Загадам Міністэрства ўнутраных спраў былі зацверджаны кантрольныя лічбы прыёму ў наш каледж, дзе па спецыяльнасці “Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі” з агульнай колькасці абітурыентаў у 25 чалавек, сапраўды, плануецца прыняць 15 дзяўчат. Тут, дарэчы, хацелася б прывесці наступныя лічбы. Сёння на падрыхтоўчым факультэце нашай установы вучыцца 28 дзяўчат, і ўсе яны ўжо рыхтуюць асабістыя справы для паступлення ў каледж. Акрамя таго, па стане на пачатак красавіка ў раённыя аддзелы ўнутраных спраў ужо было пададзена 159 заяў ад дзяўчат на паступленне ў каледж.

 

Алена МАРКЕВІЧ.