Дзяўчаты паказалі клас

У Віцебску прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 2018 па валейболе сярод дзяўчат.

З першых імгненняў гульні стала зразумела: барацьба будзе ўпартай. Узровень каманд у параўнанні з мінулым годам значна вырас, і кожная была настроена на перамогу. Дынамічны валейбол, выдатная падрыхтоўка, спартыўны азарт, мора эмоцый — фіналісты спартакіяды падарылі балельшчыкам сапраўднае свята. І ў выніку — непрадказальная інтрыга. Як падкрэсліла начальнік аддзела Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Шчаўкун, гульня ішла практычна на роўных. Лёс медалёў вызначаўся часам у апошнія хвіліны, калі вырашальнай была нават не лепшая спартыўная падрыхтоўка — хутчэй псіхалагічная ўстойлівасць.

За трэцяе месца сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі змагаліся каманды Гродзенскай і Гомельскай абласцей, перамаглі дзяўчаты з Гродна. Двойка каманд, што аспрэчвалі “золата”, сёлета таксама склалася даволі нечакана: у лідары выйшлі навучэнцы з Віцебскай і Мінскай абласцей. Па словах трэнера каманды Мінскай вобласці выкладчыка фізічнага выхавання філіяла БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж” Сяргея Дашчынскага, сумненняў у тым, што ўдасца ўзняцца на п’едэстал, не было. Толькі галоўнымі сваімі сапернікамі напярэдадні гульні лічылі гродзенак, а сустрэцца ў фінале давялося з віцяблянкамі. І перамагчы іх аказалася вельмі няпроста. Дарэчы, дзяўчаты з Віцебскай вобласці вельмі парадавалі. Каманда навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі (трэнер — выкладчык фізічнага выхавання Аршанскага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава Станіслаў Камячка) з пятага месца — у мінулым годзе — перамясцілася на другое і цяпер трымае курс на “золата”. Здзівіла каманда навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі (трэнер — выкладчык фізічнага выхавання Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці Вячаслаў Коцікаў): летась яна была на сёмым месцы, а сёлета віцяблянкі — на чацвёртым. Прагрэс відавочны.

Акрамя падрыхтоўкі, немалаважным складнікам поспеху тут хочацца адзначыць сур’ёзную групу падтрымкі. За сваіх заўзята хварэлі не толькі сябры і аматары валейбола ўсіх узростаў, але і асабіста дырэктар згаданага каледжа лёгкай прамысловасці Аляксандр Улаховіч. На першым месцы сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — каманда Магілёўскай, на другім — Гродзенскай вобласці, замыкае пераможную тройку каманда Мінска.

Як адзначыў метадыст Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Кірыл Саракавік, дзяўчаты ў гэты раз паказалі лепшую гульню, чым многія юнацкія каманды па валейболе і баскетболе, заключныя спаборніцтвы сярод якіх адбыліся крыху раней. Нельга не ўзгадаць Магілёў і Гомель, яны прыкметна прыбавілі ў майстэрстве. Крыху горш выступілі мнагакратныя чэмпіёны — каманда Брэста.

Галоўная судзейская калегія вызначыла лепшых гульцоў Рэспубліканскай спартакіяды па валейболе ў сваіх амплуа. Імі прызнаны (сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі адпаведна): лепшыя нападаючыя — Вольга Бяляўская і Яна Ткачова (абедзве прадстаўлялі Магілёўскую вобласць); лепшыя абаронцы — Кацярына Жамойда (Гродзенская вобласць) і Наталля Самуленка (Гомельская вобласць), лепшыя сувязныя гульцы — Бажэна Блахут (Гомельская вобласць) і Марыя Пушнова (Магілёўская вобласць), лепшыя ўніверсальныя гульцы — Аляксандра Ромац (Мінская вобласць) і Хрысціна Ашарчук (Брэсцкая вобласць).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *