Дзяўчынка з харызмай і прыгожым голасам

- 13:07Культура

Юля Левіна з Брэста выступае на адной сцэне з вядомымі артыстамі
Пра тое, каб ёй акампаніраваў народны артыст Расіі Ігар Крутой, і выступленні з вядомымі эстраднымі выканаўцамі 12-гадовая Юлія Левіна з Брэста нават і не марыла. Але ў жыцці здараецца, здавалася б, немагчымае. Мабыць, праўду кажуць: талент сам знойдзе сабе дарогу.

…Прыгожы голас Юліі заўважылі яшчэ ў дзіцячым садку і параілі маме аддаць дачку ў вакальную студыю або “музыкалку”. Дзяўчынка паспяхова паступіла ў музычную школу пры Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Р.Шырмы і ўжо чацвёрты год вучыцца там па класе фартэпіяна. Першакласніцай пачала адначасова наведваць вакальную студыю “Аліса” пры Цэнтры дадатковай адукацыі Брэста, але праз 3 гады заняткі вымушана была пакінуць: любімы педагог Ніна Сінягубава змяніла месца работы. Менавіта з ёй Юля стала ўдзельнічаць у розных творчых спаборніцтвах і займаць прызавыя месцы. Спыняцца на дасягнутым дзяўчынка не захацела і стала сама шукаць новага выкладчыка па вакале. Даведаўшыся, што ў Брэсце ёсць сапраўдны прафесіянал Наталля Карнялюк (сястра вядомага кампазітара Ігара Карнелюка), Юля знайшла яе ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” і напісала паведамленне, спытаўшыся, ці можа стаць яе вучаніцай. І… змагла дабіцца праслухоўвання! У 2014 годзе яна, лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, з дапамогай свайго педагога стала рыхтавацца да ўдзелу ў рэспубліканскім адборы дзіцячага конкурсу “Песня для Еўрабачання”.
— Мы даўно там хацелі паўдзельнічаць, але не падыходзілі па ўзросце. Як толькі Юлі споўнілася 10 гадоў, падалі заяўку, — расказвае мама Наталля Левіна. — Дачку прынялі — і нас запрасілі ў Мінск для праслухоўвання прафесійным журы. Песня “Журавы” на беларускай мове з’явілася з дапамогай кобрынскага кампазітара Юрыя Давідзюка. У нас была добрая каманда. Падтанцоўка атрымалася дзякуючы брэсцкаму ансамблю танца “Белая Русь” пад кіраўніцтвам Кацярыны Корж, а за касцюмы дзякуй віцебскаму мадэльеру Марыі Лукашук.
Гэта быў першы вялікі поспех Юлі: творчае спаборніцтва трансліравалася па рэспубліканскім тэлебачанні, і за яе, адну з 10 лепшых выканаўцаў краіны, хварэлі ва ўсёй Беларусі. Летась школьніца з Брэста атрымала гран-пры па выніках рэспубліканскага адкрытага конкурсу маладых вакалістаў Super Puper HIT. Надышоў час “новай хвалі” ў жыцці дзяўчынкі.
На конкурс “Дзіцячая Новая Хваля-2015” Ігара Крутога Юля падавала заяўку, як заўсёды, разам з мамай, якая падтрымлівае ўсе яе творчыя пачынанні і дапамагае дасягнуць поспехаў. І вось летась у красавіку на электронны адрас дзяўчынкі прыйшло запрашэнне прыехаць на праслухоўванне ў Маскву.
— Мы тры гады стараліся туды трапіць, але ў 2013 годзе пасля праслухоўвання вярнуліся дамоў, — прызнаецца Наталля Уладзіміраўна. — На гэты раз мы рыхтаваліся асабліва. Там просяць прадставіць розныя песні. Напрыклад, нешта з хуткага, павольнага і г.д. Юля спела на англійскай і рускай мовах.
Беларусь прадстаўлялі юныя таленты з розных гарадоў, але гонар паехаць на сам конкурс у Крым выпаў толькі Юлі Левінай і віцябляніну Аляксандру Мінёнку. Пачалася вялікая падрыхтоўка.
— Мы рыхтаваліся без дапамогі педагогаў. За два тыдні арганізатары даслалі нам дзве песні, якія патрабавалася выканаць за два конкурсныя дні, — гаворыць Наталля Левіна. — Юля вельмі засмуцілася, бо песні “Мама” Валерыя Галаўко і “Музыкі засталося мала” Анжалікі Варум яна зусім не ведала. Нам даслалі толькі “плюс”, трэба было яшчэ знайсці “мінусоўку”, зрабіць музычную апрацоўку. З гэтым зноў дапамаглі Юрый Давідзюк і педагог музкаледжа Аляксандр Панасюк. У пачатку жніўня паехалі ў Крым.
— Дзецям з першага дня забаранілі водныя і сонечныя працэдуры, — працягвае Наталля Уладзіміраўна. — А 8-й гадзіне раніцы мы снедалі, рэпетыцыі доўжыліся з 10 да 21 гадзіны. І толькі ў абед быў невялікі перапынак. І так 2 тыдні! Дзецям было складана гэта вытрымаць. З іх патрабавалі як з дарослых. Рэжысёр Аляксандр Рэўзін на рэпетыцыях быў вельмі строгі, але дачцэ ўсё падабалася.
З юнымі канкурсантамі працавалі і псіхолагі, і стылісты. Словам, усё было арганізавана на самым высокім узроўні, бо заявак на “Дзіцячую Новую Хвалю” вельмі шмат, але праходзяць самыя адораныя дзеці. Ім асаблівая ўвага. Гэтыя дзеці ўваходзяць у Акадэмію папулярнай музыкі Ігара Крутога і становяцца ўдзельнікамі яго хору. Вось і Юля паўдзельнічала ўжо ў творчым вечары гэтага вядомага расійскага кампазітара і музыканта ў Мінску. У верасні яна здымалася для тэлепраграмы “Калядная песенька года” ў Маскве, дзе сустрэла шмат зорак расійскай эстрады. Але больш за ўсё, як гаворыць дзяўчынка, ёй запомнілася выступленне з Філіпам Кіркоравым (яна з іншымі дзецьмі выканала песню “Жыццё цудоўнае”).
— Наступны раз мы паедзем на конкурс ужо як госці, — гаворыць Наталля Левіна, — і Юля спяе з якім-небудзь вядомым выканаўцам. У нас ужо вельмі шмат запрашэнняў, адмаўляць не хочацца, але ўсе не прыняць. У Мінску, напрыклад, Юля спявала на адной сцэне з Ларай Фабіян. Гэта ўсё вельмі цікавыя сустрэчы.
Як заўважае мама, прымаць усе запрашэнні і ездзіць з дачкой па розных гарадах і краінах не атрымліваецца, інакш давядзецца звальняцца з работы. Мама Юлі зусім не спявае. У сям’і Левіных такі талент аказаўся толькі ў Юлі, якая вучыцца ў гімназіі № 1 Брэста на выдатна і з’яўляецца ўладальніцай звання “Гімназіст года-2013”. Прапускаць урокі яна не любіць, нават з-за выступленняў.
— Спяваць — гэта маё! — гаворыць сямікласніца. — Калі ў будучыні і выберу іншую прафесію, спяваць буду ў любым выпадку! Без музыкі не ўяўляю сваё жыццё.

Алена САКАЛОЎСКАЯ.