Дзённік універсіяды: ад хакея на траве да барацьбы на паясах

- 9:40Актуально
6 ліпеня ў сталіцы Татарстана Казані пройдзе цырымонія адкрыцця XXVII Сусветнай летняй універсіяды. Зборная каманда Беларусі прадставіць нашу краіну ў 17 відах спорту. Склад беларускай дэлегацыі на ўніверсіядзе сёлета самы прадстаўнічы за ўсю гісторыю ўдзелу краіны ў падобных спаборніцтвах. Напярэдадні на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшлі ўрачыстыя провады спартсменаў, у якіх прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Афанасьевіч Тозік, міністр спорту і турызму Аляксандр Ігаравіч Шамко, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык і інш.

 

163 спартсмены будуць змагацца за лідарства ў такіх відах спорту, як бокс, акадэмічнае веславанне, веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, лёгкая атлетыка, тэніс, настольны тэніс, плаванне, валейбол, пляжны валейбол, самба, кулявая стральба, мастацкая гімнастыка, хакей на траве, вольная барацьба, грэка-рымская барацьба і нават барацьба на паясах.
Усяго на летняй універсіядзе будзе разыграны 351 камплект медалёў у 27 відах спорту. Акрамя ўжо названых, у Казані пройдуць спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы, баскетболе, футболе, скачках у ваду, фехтаванні, водным пола, сінхронным плаванні, шахматах, рэгбі-7 і цяжкай атлетыцы.
У сталіцы Татарстана збяруцца 12 тысяч студэнтаў-спартсменаў з 130 краін свету. Дарэчы, сёлета ў праграме ўніверсіяды такія віды спорту, як самба, шахматы, веславанне на байдарках і каноэ, веславанне акадэмічнае і бокс будуць прадстаўлены ўпершыню. Гэтак жа, як і барацьба на паясах, якая з’яўляецца адным з самых старажытных кантактных відаў спорту. Два барцы змагаюцца ў адзенні, якое мае пояс. Свой стыль барацьбы на паясах ёсць практычна ў кожнага народа, дзякуючы чаму стала магчымым праводзіць сусветныя чэмпіянаты па гэтым відзе. У славян такая барацьба служыла для падрыхтоўкі воінаў. У Беларусі практыкавалася барацьба на паясах “крыж-накрыж”, “па-цыганску”, “за палку”… Будзем спадзявацца, што нашы спартсмены нядрэнна зарэкамендуюць сябе ў спорце воінаў.
Трэба адзначыць, што абсалютна ўсе прадстаўнікі нашай краіны ў Казані з’яўляюцца членамі нацыянальных зборных каманд Беларусі па відах спорту. У склад дэлегацыі ўвайшлі вядомыя спартсмены, якія паспяхова выступалі на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету, Еўропы: Аляксандра Герасіменя і Яўген Цуркін (плаванне), Юрый Шаюноў і Аліна Талай (лёгкая атлетыка), Меліціна Станюта (мастацкая гімнастыка), Алег Юрэня, Артур Літвінчук, Андрэй Багдановіч, Вольга Худзенка і Надзея Папок, Марына Слуцкая і Дар’я Скрыпнік (дзюдо) і многія іншыя.
Падчас урачыстай цырымоніі намеснік прэм’ер-міністра краіны Анатоль Афанасьевіч Тозік адзначыў, што спорт высокіх дасягненняў немагчымы без спорту студэнцкага. Сёння ў краіне для развіцця гэтага кірунку ствараюцца ўсе патрэбныя ўмовы, пачынаючы ад развіцця спартыўных класаў да падтрымкі спартсменаў з ліку навучэнцаў вучылішч, каледжаў і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.
Значным крокам наперад Анатоль Афанасьевіч назваў работу на ўзроўні рэктараў.
“Гэта важна, калі спартсменам не патрэбна выбіраць: працаваць на спартыўную кар’еру або атрымоўваць прафесію, — падкрэсліў выступоўца. — Гэтыя людзі вельмі важныя для нас, і будзе правільным даць ім магчымасць і вучыцца, і трэніравацца. Пры неабходнасці вучэбныя планы будуць скарэкціраваны ў залежнасці ад патрэб спартсменаў”.
Таксама намеснік прэм’ер-міністра адзначыў увод шэрагу спартыўных аб’ектаў у краіне, якія дазволяць больш актыўна развіваць некаторыя віды спорту.
Найважнейшым этапам падрыхтоўкі да алімпійскіх гульняў назваў універсіяду міністр спорту і турызму Аляксандр Ігаравіч Шамко.
“Выступаць на арэнах Казані едуць шмат знакамітых спартсменаў, — падкрэсліў ён, — аднак хочацца спадзявацца, што назад знакамітых прыедзе значна больш”.
Пажадаў паспяховага выступлення на галоўных спартыўных гульнях для студэнтаў і намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. Ён выказаў спадзяванне, што нават тыя віды спорту, у якіх беларускія спартсмены-студэнты прымаюць удзел упершыню, а гэта валейбол, пляжны валейбол, хакей на траве, самба і барацьба на паясах, прынясуць нам удачу.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА.