Дзюймовачка на школьнай сцэне

- 11:37Навіны рэгіёнаў

Творчыя конкурсы для самых маленькіх вучняў у нашай школе праводзяцца часта. Конкурс для дзяўчынак 1—2 класаў “Міс Дзюймовачка — 2018” адбыўся ўпершыню.

Былі вызначаны ўдзельніцы, якія на працягу месяца актыўна рыхтаваліся да конкурсу — вучыліся навыкам дэфіле, акцёрскага майстэрства, рыхтавалі ўборы і прэзентацыі.

У день свята юных талентаў бабулі і дзядулі, таты і мамы, педагогі і аднакласнікі — усе спяшаліся заняць месцы ў актавай зале. Самым складаным выпрабаваннем не толькі для дзяўчынак, але і для членаў журы стаў конкурс “Подыум”. Дзяўчынкі праходзілі па сцэне, паказваючы сваю паставу, пачуццё стылю і, вядома, уменне пазіраваць на фота- і відэакамеры. Ні адна канкурсантка не баялася і не хвалявалася, дзяўчынкі ўсё рабілі смела і прыгожа.

Другім конкурсам была “Візітная картка”. Удзельніцы расказалі пра свае таленты і захапленні: хтосьці любіць камп’ютарныя гульні, хтосьці малюе, спявае ці танцуе, многія займаюцца спортам. Тут адразу было відаць, што на падрыхтоўку аддавалася шмат часу: неабходна было прыгожа гаварыць і стаяць на сцэне, а таксама паказваць акцёрскае майстэрства. Усе ўдзельніцы падрыхтавалі прэзентацыі або відэаролікі, з якіх можна было даведацца пра захапленні і мары дзяўчынак. На творчым конкурсе яны здзіўлялі гледачоў танцамі, спевамі, ігрой на музычных інструментах, тэатральнымі пастаноўкамі і акрабатычнымі нумарамі.

Арганізатарам конкурсу выступіла вучнёўскае самакіраванне пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Юліі Анатольеўны Вайда. Галоўная мэта мерапрыемства была дасягнута — дзеці атрымалі незабыўныя эмоцыі і добры вопыт, які спатрэбіцца ім у жыцці. Удзельніцам былі ўручаны падарункі і дыпломы з намінацыямі.

Данута ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.