ЭАР пераўтварае педагагічную дзейнасць

- 11:49Адукацыйная прастора

88 праектаў было прадстаўлена ў фінале Х Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
А ўсяго настаўнікі з усіх рэгіёнаў краіны прадставілі на конкурс 272 праекты. Гэтыя лічбы, а таксама тое, што конкурс прайшоў ужо дзясяты раз, сведчаць аб тым, што камп’ютар, інтэрнэт і адукацыя ў Беларусі сталі паняццямі непарыўнымі і адлюстроўваюць актуальныя адукацыйныя працэсы.

Конкурс праводзіць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі з мэтай стымулявання педагогаў да стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў, актыўнага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. У конкурсе прынялі ўдзел педагогі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.
Як расказала начальнік упраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій НІА, член аргкамітэта конкурсу Ірына Васільева, у гэтым годзе быў зменены фармат правядзення этапаў конкурсу. На завочны этап удзельнікі прадстаўлялі ў аргкамітэт не прэзентацыю ў фармаце PowerPoint на электронным носьбіце, а відэаролік, які быў загружаны на відэахостынг YouTube і які маглі ўбачыць усе жадаючыя карыстальнікі інтэрнэту.
Вочны тур юбілейнага па ліку конкурсу адбыўся ў Лідзе, вялікую падтрымку ў яго правядзенні аказаў аддзел адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама. У Палацы культуры разгарнуліся экспазіцыі фіналістаў. Абарона конкурсных работ праходзіла ў выглядзе прадстаўлення стэндавага даклада з дэманстрацыяй працаздольнай версіі электроннага адукацыйнага рэсурсу.
— Такая форма абароны праекта дазваляла не проста ўбачыць, як ён працуе, а пагаварыць са стваральнікамі рэсурсу, даведацца ад іх пра вынікі, і ў той жа час нешта ім параіць, — гаворыць старшыня журы загадчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі БДПУ імя Максіма Танка Сяргей Зянько. — Добра, што заключны этап конкурсу кожны раз праходзіць у розных месцах. Мне здаецца, што можна было б запрашаць для азнаямлення з дасягненнямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій настаўнікаў рэгіёна для пашырэння іх ведаў, для знаёмства з калегамі і іх вопытам. Такая стэндавая прэзентацыя робіць гэта магчымым.
Яшчэ адзін член журы начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Андрэй Нарывончык, які сам некалькі гадоў назад быў удзельнікам конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дадаў, што педагогі дэманструюць вельмі высокі ўзровень валодання сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і разнастайныя кірункі іх прымянення, звязаныя не толькі з выкладаннем школьных прадметаў.
Намінацыі конкурсу паказваюць гэтыя шырокія інтарэсы: “Электронны адукацыйны рэсурс” (у дашкольнай, пачатковай, базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, у спецыяльнай адукацыі і выхаваўчай рабоце), “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, “Выкарыстанне сэрвісаў Google і Web 2.0 у адукацыйным працэсе”, “Афіцыйны сайт установы адукацыі”.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 Рагачова Ірына Беднякова прадставіла на конкурс вучэбна-метадычны дапаможнік “Матчына мова”.
— Камп’ютарныя тэхналогіі — гэта новая крыніца, якая дае магчымасць атрымаць якасную адукацыю, дапамагае перагледзець традыцыйныя ўстаноўкі навучання, пераўтварае педагагічную дзейнасць, — гаворыць Ірына Валянцінаўна. — Дапаможнік “Матчына мова” можна выкарыстоўваць як на ўроках мовы і літаратуры, так і на стымулюючых, факультатыўных занятках для эфектыўнага вывучэння, замацавання лінгвістычных навыкаў і адпрацоўкі ўменняў, прымяняць вывучаныя правілы на практыцы, для арганізацыі самакантролю вучняў.
Дапаможнік складаецца з некалькіх блокаў: інфармацыйнага (ім могуць карыстацца настаўнікі), нагляднага і праверачнага блока (для настаўнікаў і вучняў). А яшчэ электронны дапаможнік у рубрыцы “Спяшайцеся з паэтам сустрэцца” дае магчымасць паслухаць вершы ў выкананні Я.Купалы, У.Караткевіча, Р.Барадуліна і інш. Раздзел “Літаратурная Беларусь” — гэта сайты беларускіх пісьменнікаў, дзе можна пазнаёміцца з вершамі, бібліяграфіяй, рэцэнзіямі і аналізам мастацкіх твораў, размешчаны тут і інтэрактыўныя тэсты і нават цыкл дакументальных серый “Вершы з пяску”— цудоўная пясчаная кампазіцыя, якая дазволіць настаўніку стварыць умовы для таго, каб вучні выхоўвалі ў сабе пачуццё павагі і любові да мастацкага слова, а таксама далучыцца да творчасці таленавітых беларусаў.
Ірына Беднякова расказала, што дапаможнік яна стварала ў супрацоўніцтве з інспектарам аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Андрэем Назарчуком і настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 імя В.М.Калеснікава Рагачова Вольгай Краўчанка. Сама Вольга Віктараўна прадставіла на конкурс электронны адукацыйны рэсурс “Дапаможнік па гісторыі Беларусі. 6 клас”. Асаблівасці праекта — зручны інтэрфейс, сістэматызацыя матэрыялу па параграфах, слоўнік да кожных заняткаў, ілюстрацыі і практыкум для арганізацыі самакантролю ведаў. Гэты праект распрацоўваўся таксама з дапамогай А.В.Назарчука. А вось складанне гласарыяў і практыкумаў узяў на сябе вучань 10 класа Павел Краўчанка. Так што, калі настаўнік жадае стварыць нешта новае, арыгінальнае і карыснае, ён знаходзіць і падтрымку, і памочнікаў, і сам вучыцца.
У “Падарожжа па краіне Геаметрыя” запрашаюць сваіх вучняў настаўніцы пачатковых класаў Луненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Ірына Бачарова і Наталля Буркас. Да стварэння дапаможніка аўтараў падштурхнула адсутнасць неабходнага інструментарыю для правядзення факультатыўных заняткаў па геаметрыі на беларускай мове і нізкі ўзровень развіцця прасторавых уяўленняў малодшых школьнікаў. Павышаць узровень графічнай і канструктарскай падрыхтоўкі, даследчых навыкаў вучняў, фарміраваць элементы лагічнай і алгарытмічнай дзейнасці малодшым школьнікам дапамагаюць казачныя героі — вясёлы Аловак, гарэзлівая Гумка, адказная Лінейка і сур’ёзны Цыркуль.
Электронны адукацыйны рэсурс “Выберы будучыню сёння” Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку (аўтар — педагог-псіхолаг Аксана Пракапенка) і вэб-квест “Прафесія маёй мары”, які распрацавалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 8 Ліды Алена Кадлубай і Ірына Балакшына, дапамагаюць навучэнцам правільна ацаніць свае магчымасці і здольнасці і выбраць адпаведную прафесію.
Разуменне важнасці якаснага і інфарматыўнага сайта ўстановы адукацыі прадэманстравалі праекты — афіцыйны сайт сярэдняй школы № 20 Барысава (аўтар Аляксандр Бадзюля) і “Выкарыстанне магчымасцей афіцыйнага сайта ўстановы дашкольнай адукацыі ў фарміраванні станоўчага іміджу ўстановы” (яслі-сад № 239 Мінска).
Загадчыца садка і адначасова мадэратар сайта Таццяна Кузьміч гаворыць, што калі раней калектыў працаваў на сайт, то зараз ужо сайт працуе на навучальную ўстанову. На сайце ёсць старонкі поспехаў для бацькоў, тут арганізоўваюцца віртуальныя выставы творчасці выхаванцаў, педагогі вядуць свае блогі.
— Адна з галоўных нашых задач — зрабіць бацькоў паўнапраўнымі ўдзельнікамі выхаваўчага працэсу, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна, — рэалізоўваецца і праз сайт.
Гэтыя праекты, а таксама інтэрактыўны дапаможнік па інфарматыцы “Алгарытміка: 8 клас” (аўтары Міхаіл Дашчэчка і Ілья Брагінец з сярэдняй школы № 4 Дзяржынска), мемарыяльны музей В.М.Усава сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна (аўтары — Віталь Парманчук і Алеся Адаменя), даследчыцкі сеткавы праект “Памяць віцебскіх вуліц” Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання імя М.Ф.Шмырова (аўтары — Наталля Лятос, Наталля Пятрова і Аляксандр Сасім) былі адзначаны дыпломамі І ступені, якія пераможцам уручыў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш. Вадзім Анатольевіч адзначыў, што на наступным конкурсе пашырыцца спіс намінацый — яны будуць уключаць пытанні комплексных рашэнняў у галіне інфарматызацыі ўстановы адукацыі і пабудовы інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя ўстановы.
Па выніках Х Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” былі ўручаны 15 дыпломаў ІІ ступені і 21 дыплом ІІІ ступені, а таксама прызы, патрэбныя ў стварэнні новых інфармацыйных рэсурсаў: смартфоны, планшэты, знешнія жорсткія дыскі, флэш-карты і іншыя прылады. Пераможцаў і дыпламантаў павіншавалі таксама дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, якая адзначыла, што конкурсныя дні былі для ўдзельнікаў складанымі, але і насычанымі новымі перамогамі і дасягненнямі. Сярод дасягненняў удзельнікаў ад Гродзенскай вобласці — 23 дыпломы.
Работы пераможцаў Х Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” будуць размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале.
У рамках конкурсу прайшлі майстар-класы “Выкарыстанне вэб-квеста ў адукацыйным працэсе”, “Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі для стварэння дыдактычных матэрыялаў да ўрокаў”, “Робататэхніка і 3D- протатыпаванне ў школе”.
Пасля ўрачыстага падвядзення вынікаў і віншавання пераможцаў конкурсу быў праведзены Рэспубліканскі семінар “Інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе: выкарыстанне ІКТ і электронных адукацыйных рэсурсаў ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі” з удзелам першага намесніка міністра адукацыі Вадзіма Богуша. На семінары абмяркоўваліся пытанні сучаснага стану і перспектыў развіцця электроннай школы ў Беларусі, стварэння электронных падручнікаў, аўтаматызацыі працэсаў кіравання адукацыяй на ўзроўні раён — рэгіён, аказання электронных адукацыйных паслуг удзельнікам адукацыйнага працэсу.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.