Еду да таткі… у Парыж!

У Парыжы паказалі ўзор адзення ад удзельніцы “Млына моды”

Таня Тур, уладальніца прэмій Рэспубліканскага фестывалю моды “Млын моды”, які ладзяць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, патрапіла са сваёй калекцыяй адзення “Еду да таткі” ў Парыж, на выставу тэкстыльнага адзення Whо’s NEXT (“Хто НАСТУПНЫ?”). Як паведаміў кіраўнік подыум-школы Fashion-Style НЦТДіМ Ігар Іваноў, Таня патрапіла якраз у кропку. Яна апынулася ў тым жа месцы і ў той жа час. Выстава Whо’s NEXT, якая праходзіць двойчы — у студзені і верасні — разам з вядучым паказам еўрапейскіх аксесуараў Premiere Classiс, паказвае людзям, у якой колеравай гаме ім апранацца ў гэтым сезоне, які трэнд сёння данесці да людзей, які “шык” вынесці на суд шырокай публікі, а які схаваць крышачку для сябе любімай…

Таня Тур неаднаразова ўдзельнічала ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды”. Вясной 2018 года яна з камандай конкурсу ўдзельнічала ў Фестывалі славянскай моды ў Парыжы, дзе і ўзяла галоўны прыз — права паказаць сябе на выставе Whо’s NEXT.

“Еду да таткі” — гэта вельмі асабістая і вельмі сціплая гісторыя”, — коратка сказала пра сваю калекцыю Таня.
Але не для сціпласці скажам: “Гэта, перадусім, лён. Наш лён. І ён нам пра многае гаворыць. А яшчэ гэта вялікая цікавостка для замежных знаўцаў моды”. Працы Тані Тур упрыгожваюць самабытныя аксесуары брэнда Murava ceramics ад Марыі Духан.

Ігар Іваноў упэўнены: “Як бы мы ні хацелі быць звышмоднымі, суперактуальнымі ў фэшн-індустрыі, свету мы цікавыя і важныя найперш сваім, нацыянальным, родным. І калекцыя Тані з нашага нацыянальнага матэрыялу — ільну — яскрава пацвердзіла гэта”.

Паездку ў Парыж удзельнікаў “Млына моды” ўдала дапоўнілі паездкі ў Італію. Дызайнеры прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе European Fashion Union (апрача нашых, удзельнікамі былі дызайнеры з Германіі, Італіі, Кітая, Расіі, Румыніі, Сербіі, Францыі і іншых краін), наведалі Інстытут высокай моды SITAM у Падуі і Інстытут моды і дызайну Marangoni ў Мілане, дзе ўдзельнічалі ў міжнародным семінары на тэму “Дыялектыка моднай італьянскай тэндэнцыі: узлёт, трансфармацыя і развіццё”.

Усе гэтыя паездкі і дыскусіі былі вельмі карыснымі для беларускіх дызайнераў. Іх плён мы ўбачым ужо вясной — на “Млыне моды—2019”.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *