Эдуард ГЕРАСІМОВІЧ: “Хачу, каб наш тэатр быў неабходны!”

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага не проста адзін з цэнтраў сцэнічнага мастацтва, а неад’емная частка культурнага жыцця ўсёй нашай краіны. Сёння тэатр, які больш вядомы як “рускі”, мае своеасаблівае мастацкае аблічча, вылучаецца высокім узроўнем акцёрскага выканання, арыгінальнасцю рэжысёрскіх трактовак і глыбокім падыходам да распрацоўкі рэпертуару. Гэты паважаны, вядомы і любімы не адным пакаленнем гледачоў тэатр шмат гадоў узначальвае і вядзе за сабой выдатны кіраўнік, сапраўдны прафесіянал — заслужаны работнік культуры Эдуард Герасімовіч, які ўчора адзначыў 75-годдзе. Пра кіраванне тэатральнай справай, дзейнасць у сучасных рэаліях і падрыхтоўку новых спектакляў — у размове з журналістам “Настаўніцкай газеты”.

— Эдуард Іванавіч, давайце нагадаем, як вы прыйшлі ў Рускі тэатр.

— Гэта быў цалкам свядомы крок. У 1974 годзе я скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці “Клубны работнік вышэйшай кваліфікацыі”, спецыялізацыя “рэжысура”. Адначасова з атрыманнем адукацыі працаваў спачатку метадыстам у Мінскім раённым аддзеле культуры Мінскага райвыканкама, а затым намеснікам дырэктара ў сталічным Доме народнай творчасці. І вось у 1975 годзе дырэктар Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР імя М.Горкага запрасіў мяне на пасаду свайго намесніка. А дырэктарам мяне прызначылі ў 1983 годзе, і з таго часу я стараюся прыносіць карысць гэтаму тэатру.

— Сёння вы адзін з самых вядомых, высокапрафесійных, упэўненых кіраўнікоў тэатральнай сферы. Як бы вы акрэслілі сваю ролю ў тэатры?

— Дырэктар тэатра — гэта перш за ўсё чалавек, які дакладна разбіраецца ва ўсіх тонкасцях тэатральнага працэсу. І хоць у ім першасныя мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр, аднак усё роўна за ўсё адказвае дырэктар: і за творчы складнік, і за фінансавы, эканамічны, і за гаспадарчы, адміністрацыйны, і за будаўніцтва і многае іншае.Тэатральны кіраўнік павінен быць дастаткова кампетэнтным ва ўсім, у тым ліку разбірацца ў музыцы, выяўленчым мастацтве, валодаць тэатральным бачаннем і адчуваннем, і, канечне, любіць сваю справу і людзей. Творчы народ даволі складаны, і каб пазбегнуць эмацыянальна-псіхічнага выбуху, варта правільна ўспрымаць кожнага. А таму дырэктару трэба добра ведаць акцёрскую псіхалогію, заўсёды прыслухоўвацца да меркавання калег, робячы правільныя высновы. Мне гэта ўдаецца. Я ніколі не сыходзіў кудысьці ўбок, а наадварот, імкнуўся прыняць правільныя рашэнні калегіяльна, пры гэтым часцей за ўсё мой пункт гледжання супадаў з меркаваннем большасці калектыву.

— Вы ў тэатры ўжо 37 гадоў, бачылі яго поспехі і няўдачы. Як змяніўся тэатр за амаль чатыры дзесяцігоддзі?

— Тэатр змяняўся толькі ў лепшы бок. Канечне, былі ўзлё­ты і падзенні, паспяховыя пастаноўкі і менш удалыя, але мы ніколі не правальваліся. Ідзём спакойна, стабільна і без рыўкоў. Але калі народ, як цяпер, не ходзіць, дык ён не хо­дзіць нікуды.

Пры мне ў 90-х тэатр за высокія дасягненні ў галіне сцэнічнага мастацтва атрымаў ганаровае званне “акадэмічны”, а пасля — “нацыянальны”. Ёсць мой уклад і ў тым, што наш тэатр сёння з’яўляецца брэндам Беларусі: нас ве­даюць у Расіі, Германіі, Швецыі, Польшчы і іншых краінах. Дзе б мы ні былі на гастролях, адусюль прывозім толькі станоўчыя водгукі.

Дарэчы, адна з нашых візітных картак — спектакль “Адзі­ны нашчадак” паводле п’есы французскага драматурга Ж.-Ф.Рэньяра, пастаўлены рэжысёрам Уладзімірам Маланкіным у 1974 годзе. Спектакль быў у нашай афішы амаль 40 гадоў і яго паказалі звыш тысячы разоў. Зараз мы вырашылі вярнуць гэтую пастаноўку і разам з Вольгай Клебановіч аднавіць яе да юбілею народнага артыста Беларусі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Аляксандра Ткачонка — выканаўцы ролі старога Жэронта. Спадзяюся, што паспяхова скончым рамонт, адкрыемся і прэм’еру адноўленага спектакля пакажам калі не ў канцы гэтага года, то на пачатку наступнага.

— Дарэчы, а на якой стадыі рамонт тэатра? Што ўжо зроблена?

— На жаль, калі выканалі ўсе асноўныя работы, запланаваныя праектнай дакументацыяй, выявіўся цэлы шэраг дадатковых работ, якія не былі ўлічаны ў першапачатковым праекце. Зараз мы падрыхтавалі дакументацыю на гэтыя работы і прадстаўляем яе ў дзяржэкспертызу на ўзгадненне. Спа­дзяёмся, што Міністэрства культуры дасць нам яшчэ трошкі грошай і да канца лета мы скончым усе рамонтныя работы, каб у верасні зноў сустрэцца з нашымі гледачамі.

— Якія новаўвядзенні з’явяцца ў тэатры пасля завяршэння рамонту?

— Наша зала па-ранейшаму застанецца ўтульнай і са зручнымі венгерскімі крэсламі, якім ужо гадоў 30, але мы іх перацягнулі, і яны будуць эксплуатавацца далей. Асноўнае новаўвядзенне тычыцца планшэта сцэны, які мы перарабілі разам з уразным кругам. Таксама па самых новых тэхналогіях зрабілі сцэнічную частку, абнавілі асвятленне і рэжысёрскі пульт — цяпер будуць добрыя святло і гук. Карацей, усё, што звязана з правядзеннем спектакляў, відавочна, будзе лепшым. Пакуль жа наша галоўная задача — прайсці экспертызу, скончыць рамонт, а пасля адаптаваць усе нашы 30 спектакляў да новага гуку і святла, прычым зрабіць гэта пажадана вельмі хутка.

— А колькі чалавек сёння служаць вашаму тэатру?

— 220 чалавек. У нас выдатна збалансаваная трупа. На жаль, сышлі такія майстры сцэны, як Аляксандра Клімава, Расціслаў Янкоўскі, але ёсць цэлая плеяда тых, хто ідзе за імі: той жа Аляксандр Ткачонак, Бэла Масумян, Вольга Дзянісава і іншыя. І маладое пакаленне ў нас вялікае. Ва ўзроставым плане трупа абсалютна збалансаваная, дзякуючы чаму ажыццяўляецца пераемнасць пакаленняў.

Галоўная вартасць нашых артыстаў — тое, што яны таленавітыя. У нас цудоўная вакальная школа, і з 50 чалавек 20 спяваюць не горш, чым артысты музычнага тэатра. Наша трупа, без перабольшання, можа ўсё. Праўда, яна не заўсёды была такой. На працягу многіх гадоў мы свядома фарміравалі збалансаваны акцёрскі калектыў, якому былі б даступныя ўсе жанры.

— Хто звычайна выбірае п’есу для чарговай пастаноўкі?

— Гэта прэрагатыва мастацкага кіраўніка — Сяргея Міхайлавіча Кавальчыка. Свой выбар ён узгадняе са мной, правёўшы работу з літаратурнай часткай. У нас з ім ідуць доўгія і падрабязныя размовы, а пасля новую ідэю мы абмяр­коўваем на мастацкім савеце разам з паважанымі людзьмі нашага тэатра, з якімі і вызначаем будучую рэпертуарную палітыку.

Канечне, часам новая пастаноўка трапляе ў народ, а часам — не. Тут не адгадаеш. За многія гады шмат разоў у гэтым пераконваўся. Бывае, ставім выдатны спектакль, які хваляць крытыкі, але народ на яго не ідзе — значыць, яму ў гэты момант праблемы, што ўзнімаюцца ў пастаноўцы, мала цікавыя. Так атрымалася са спектаклем “Зацюканы апостал” па камедыі А.Макаёнка, які паставіў Барыс Луцэнка. Атрымаўся бліскучы спектакль з удзелам цудоўнага артыста Уладзіміра Глотава. Пастаноўка атрымала гран-пры III Нацыянальнай тэатральнай прэміі як “Лепшы спектакль тэатра драмы”. Аднак… глядач чамусьці перастаў хадзіць, і спектакль знялі.

— Якія спектаклі ўпрыгожваюць рэпертуар тэатра? І ці ўсе яны застануцца ў новым сезоне?

— Сёння ў рэпертуары тэатра 31 спектакль, сярод якіх — пастаноўкі беларускай, рускай і сусветнай класікі, а таксама сучасных замежных і айчынных аўтараў. Выдатная пастаноўка Сяргея Кавальчыка “Пане Каханку” пра Радзівілаў па п’есе Андрэя Курэйчыка, якая прайшла ўжо 129 разоў. Таксама “Проделки Ханумы” ўжо паказаны 91 раз, “Укрощение строптивой” па Шэкспіры ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай — 181 раз і г.д. Можна пералічваць і пералічваць. Адназначна, тое, што карыстаецца попытам, абавязкова застанецца ў нашым рэпертуары.

— Як працуеце ў сучасных рэаліях і ці рыхтуеце новыя прэм’еры?

— Зараз мы працуем анлайн: рэпеціруем новыя спектаклі, звяраем тэкст, наколькі гэта магчыма, нашы акцёры праводзяць прамыя эфіры ў Instagram, падчас якіх ім можна задаць пытанні, таксама яны здымаюць відэаролікі “Адзін дзень з акцёрам…”. Карацей, як могуць, так і падтрымліваюць форму, стараючыся не страчваць сувязі з нашымі гледачамі.

Спадзяёмся, што ў верасні зможам прадставіць новыя пастаноўкі: “Браты Карамазавы” па Дастаеўскім і мюзікл “Граф Монтэ-Крыста” паводле Дзюма. Гэта будуць зусім новыя прачытанні. “Браты Карамазавы” — цікавы спектакль з удзелам нашых майстроў і студэнтаў, якія прыйшлі да нас працаваць. А да “Графа Монтэ Крыста” пішуцца цалкам арыгінальнае лібрэта і музыка. Пастаноўка заснавана на новым гукарадзе, мелодыцы, пластыцы, цудоўных касцюмах. Акрамя таго, крыху пазней мы прадставім спектаклі “Адзіны нашчадак” і “Трамвай “Жаданне”.

— Напэўна, часам пры падрыхтоўцы новага спектакля здараюцца спрэчкі паміж артыстамі і рэжысёрам. Што вам дапамагае вырашаць такія няпростыя сітуацыі: веданне чалавечай псіхалогіі альбо проста любоў да сваіх артыстаў?

— Спрэчкі паміж артыстам і рэжысёрам — гэта з разраду рэчаў, якіх не павінна быць. Канечне, артыст можа запярэ­чыць, але спрачацца бессэнсоўна, і гэта варта зразумець раз і назаўсёды. На стадыі застольных рэпетыцый, калі мы толькі разбіраем п’есу, ролі і ўзаемаадносіны паміж героямі, гісторыю ўзнікнення таго ці іншага вобраза, можна ўсё што заўгодна. Але як толькі выйшлі на сцэну, то спектакль бачыць толькі адзін чалавек — рэжысёр. Тое ж тычыцца мяне і мастацкага кіраўніка: на стадыі задумкі мы ўсё агаворваем і ўзва­жваем усе “за” і “супраць” удваіх. Спрэчкі завяршаюцца, як толькі мы сабраліся на мастацкі савет і зрабілі загад аб пастаноўцы спектакля. Бо калі пайшлі ў плаванне, то веславаць трэба ў адзін бок. Зараз задача дырэктара — забяспечыць творчы працэс, а задача рэжысёра-пастаноўшчыка і мастацкага кіраўніка — зрабіць прадукт дасканалым. Усе працуюць на вынік.

— А які сучасны глядач Рускага тэатра?

— Самага рознага ўзросту. У нас ёсць і пастаноўкі для дзяцей: “Па шчупаковым загадзе”, “Чароўныя кольцы Альманзора”, у праекце — “Казка пра цара Салтана”. Таксама падлеткам будзе цікавы “Пясняр” пра рускага беларуса Уладзіміра Мулявіна, хоць тэма спектакля значна шырэйшая — аб нашай нацыянальнай мастацкай спадчыне. Пастаноўка атрымала ўжо дзве ўзнагароды: спецыяльную прэмію прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва і Нацыянальную тэатральную прэмію. Спектакль “Гора ад розуму” таксама зацікавіць не толькі старшых школьнікаў, і “Пігмаліён”, “Праўда — добра, а шчасце лепш”, усе пастаноўкі па Шэкспіры, а яшчэ “Падводнікі” Курэйчыка на ваенна-патрыятычную тэматыку.

— Атрымліваецца, што ў вас шмат пастановак, арыентаваных у тым ліку і на падрастаючае пакаленне.

— Мы рыхтуем нашага гледача загадзя. Тыя, хто пабываў на нашых спектаклях у школьным узросце, наведваюць нас і далей, паступова пераходзячы ў разрад гледачоў, якія  могуць успрымаць і больш сур’ёзныя творы, што патрабу­юць падрыхтоўкі. Гэтак жа і “Браты Карамазавы” — не думаю, што іх любы зможа ўзяць наскокам. Калі глядач хоча атрымаць добры творчы прадукт, калі ласка, запрашаем да нас.

— Эдуард Iванавiч, а як вы лічыце, ці павінен сучасны тэатр выхоўваць і фарміраваць пачуццё патрыятызму і адданасці Айчыне, любові і веры ў вышэйшыя ідэалы і каштоўнасці?

— Абавязкова! Магчыма, не напрамую, але без гэтага нельга. Чалавек павінен выхоўвацца ў адданасці Радзіме, каб у яго была гордасць за сваю краіну. Тэатр павінен быць сумленным, справядлівым і высокапрафесійным.

— Ваш тэатр славіцца традыцыямі. Якія з іх вы хацелі б, каб перайшлі ў будучыню?

— Па меры магчымасці стараюся не абыходзіцца без старэйшага пакалення, якое падтрымліваю на працягу многіх дзесяцігоддзяў. У тэатры патрэбны такія людзі, як Янкоўскі, Клімава і г.д. Без іх гэта будзе зусім іншы тэатр. Побач з маладымі павінны быць акцёры-мары, высокага прафесійнага ўзроўню, на якіх яны будуць раўняцца.

Я прыхільнік высокіх чалавечых якасцей. У нашым тэатры няма сварак шмат гадоў, а калі і ўзнікаюць рознагалоссі, то мы іх хутка вырашаем, гледзячы ў вочы адно аднаму. Таму ў нас выдатная маральна-псіхалагічная і творчая атмасфера, і я вельмі хачу, каб яна такой захавалася і далей.

— Вы выдатна ведаеце не толькі тэатральную кухню, але і ў якім кірунку весці тэатр. Якім бачыце яго будучыню?

— Арыенціры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага застаюцца нязменнымі: добрая драматургія, прапаганда маральных каштоўнасцей, прафесіяналізм ва ўсёй нашай дзейнасці і павага да гледачоў.

Я хачу, каб наш тэатр быў неабходны! Калі тэатр жыве ў горадзе і яго ніхто не наведвае, значыць, такі тэатр нікому не патрэбны. А я хацеў бы, каб без нашага тэатра ну ніяк! У нас свая ніша, якая, спадзяюся, вельмі патрэбна Мінску.

— Слухаю вас і адчуваю ваш бясконцы аптымізм. Падзяліцеся, дзе чэрпаеце натхненне, каб жыць з пазітывам у душы.

— Відаць, гэта пэўны генатып. Я па жыцці іду, разумеючы, што не ўсё так проста. І каб правільна ўспрымаць рэчаіс­насць, да нейкіх рэчаў стаўлюся з гумарам, а да некаторых — самакрытычна. Я люблю людзей і імкнуся іх не засмучаць, каб яны мяне не зненавідзелі. Але гэта не значыць, што я ўсё дарую. А ўвогуле хачу, каб людзі вакол мяне былі лепшымі, і я разам з імі!

— Эдуард Іванавіч, чаму нашым чытачам варта прыйсці менавіта ў ваш тэатр?

— Таму што ў нашым тэатры, гарантую, вы сустрэнецеся з сапраўдным мастацтвам. Мы стараемся, каб чалавек у нас атрымаў сапраўдныя эмоцыі, заснаваныя на сумленным і прыстойным прачытанні таго ці іншага твора.

— Вялікі дзякуй за такую змястоўную размову. Яшчэ раз віншую вас з юбілеем і жадаю моцнага здароўя, цікавых тэатральных праектаў, удзячных гледачоў і, канечне, поўных залаў.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.