Edutainment папаўняе рады юных інжынераў

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Аздараўленчы профільны лагер па робататэхніцы Edutainment, які на працягу ўжо некалькіх гадоў ладзіць Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, бадай, адно з самых цікавых месцаў адпачынку для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Edutainment — гэта навучанне праз забавы. Лагер сумяшчае ў сабе прафарыентацыйны, адукацыйны, гульнявы складнікі, а таксама экскурсіі і спартыўныя спаборніцтвы. Вучні, якія аднойчы сюды трапілі, заўсёды хочуць вярнуцца ў наступны сезон.

Гэтым летам профільны лагер па робататэхніцы ладзіўся ў дзве змены, кожная па 9 дзён. Першая праходзіла на базе цэнтра. Для 18 хлопчыкаў і дзяўчынак са Жлобінскага, Мазырскага, Рагачоўскага і Гомельскага раёнаў праводзіліся заняткі па трох сумежных тэхнічных кірунках — электроніцы і робататэхніцы, 3D-мадэляванні, прататыпаванні. І калі электроніка і робататэхніка традыцыйна выкладаюцца ўдзельнікам летніх лагераў, то 3D-мадэляванне і прататыпаванне ў расклад заняткаў былі ўключаны ўпершыню. І, неабходна сказаць, выклікалі вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў лагера.

У працэсе заняткаў, якім адводзілася першая палова дня, навучэнцы, разбіўшыся на тры атрады, пад кіраўніцтвам педагогаў збіралі BEAM-робатаў і робатаў на платформе LEGO. У другой палове дня ўсе гуртам адпраўляліся на экскурсіі на прадпрыемствы і ў музеі абласнога цэнтра.

Штодзень на занятках хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі на вынік, бо на закрыцці лагера атрадам належала абараняць свае праекты, дэманстраваць работу электронікі і імправізаваныя карпусы сваіх BEAM-канструкцый, змадэляваных і надрукаваных на 3D-прынтары.

Другая змена Edutainment сабрала школьнікаў з Гомеля і раёнаў вобласці ў аздараўленчым лагеры “Лясныя далі”.

Кожны дзень складаўся з блокаў заняткаў па робататэхніцы, радыёканструяванні, праграмаванні і розных мерапрыемстваў. Заняткі праводзіліся ў падгрупах па 6 чалавек, дзе кожны змог паказаць сябе, вызначыць курс для вырашэння задач.

Педагогі цэнтра адзначаюць, што як у працэсе вырашэння задач, так і пры абароне фінальных заданняў яны назіралі ў дзяцей непадробную цікавасць да справы. Кожны атрад паказаў свой найбольш моцны бок па ўсіх трох кірунках. Сумесная работа аб’ядноўвае, дзеці згуртоўваюцца, сябруюць і як вынік — інтарэсы каманды для іх становяцца вышэйшымі за асабістыя. Менавіта гэта, па словах саміх навучэнцаў, дапамагае справіцца з усімі задачамі на занятках і лагерных мерапрыемствах.

Веды, якія вучні атрымалі падчас знаходжання ў профільным лагеры, безумоўна, вывелі іх на новы ўзровень. Тыя, хто ўпершыню так блізка сутыкнуўся з робататэхнікай, вярнуліся дадому з цвёрдым намерам працягваць навучанне далей, таму можна з упэўненасцю казаць, што рады юных інжынераў Гомельшчыны значна папоўніліся.

Наталля ЛУТЧАНКА.