Экскурсіі па ўніверсітэце і абед з дэканам

- 8:56Выбар прафесіі

Абед з дэканам факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выпаў старшакласніку сярэдняй школы № 1 Шчучына Даніілу Орпіку. Менавіта такім быў выйгрыш школьніка ў латарэі “Поспех з ГрДУ”, якая ў рамках Дня ўніверсітэта ладзілася ў Шчучыне. Поспех чакаў і іншых удзельнікаў латарэі: акрамя сувеніраў, яны атрымалі магчымасць персанальнай экскурсіі па ўніверсітэце, індывідуальнай кансультацыі выкладчыкаў.

Сёлетні Дзень універсітэта невыпадкова выклікаў вялікую цікавасць у старшакласнікаў, іх бацькоў і педагогаў. Установы адукацыі Шчучыншчыны і ГрДУ імя Янкі Купалы даўно і эфектыўна супрацоўнічаюць. Акцыі “Абітурыент-2019: алгарытм поспеху”, прафарыентацыйныя сустрэчы са школьнікамі сталі традыцыйнымі.

Адкрываючы Дзень універсітэта, прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ Юрый Раманоўскі адзначыў, што ўніверсітэт сёння з’яўляецца моцным вучэбным і навуковым цэнтрам. Выкладчыкі і студэнты ўсіх факультэтаў арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе кожны ўдзельнік мог азнаёміцца з універсітэцкімі спецыяльнасцямі, даведацца аб праектнай дзейнасці студэнтаў. Прадстаўнікі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі праводзілі кансультацыі для будучых абітурыентаў, а факультэта псіхалогіі — дапамагалі “пазнаць сябе”.

На пляцоўках інжынерна-будаўнічага факультэта школьнікі спрабавалі стварыць камп’ютарную мадэль дома, а факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання — прататып палімернага вырабу  дапамогай 3D-друку. Аптычныя дэманстрацыі і доследы з электрычнасцю прыводзілі старшакласнікаў у захапленне. Цікавасць выклікала “міні-лабараторыя” юрыдычнага факультэта, дзе школьнікі прынялі ўдзел у майстар-класе па складанні фотаробатаў і па дактыласкапіі. З будучымі эканамістамі правялі інтэрактыўную гульню, а аматараў дызайну запрасілі наведаць выставу творчых работ студэнтаў. Свет віртуальнай рэальнасці адкрылі для школьнікаў прадстаўнікі факультэта матэматыкі і інфарматыкі. Акрамя таго, працавалі арт-гасцёўня, экспрэс-лабараторыя, праводзіліся інтэрактыўныя гульні — і ўсё дзеля таго, каб кожны старшакласнік знайшоў ва ўніверсітэце сваю спецыяльнасць.

Яркая канцэртная праграма з дэманстрацыяй студэнцкіх вынаходак стала больш пераканаўчай, чым словы. А прысутнасць на сцэне Цімура Панова, учарашняга выпускніка, удзельніка канцэртных праграм Шчучынскага палаца творчасці, а цяпер ужо студэнта ўніверсітэта, была важкім аргументам на карысць таго, што ў ГрДУ створаны ўсе умовы для раскрыцця асобы.

Алена БАРОНІК,
метадыст Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.