“Эфект матылька” = фізіка + біялогія

Ці можа адзін матылёк змяніць ход гісторыі і як расказаць пра гэта на ўроку цікава? Адказ ведаюць будучыя настаўнікі са студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “ІКТ у прыродазнаўчай адукацыі”. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшлі нестандартныя заняткі на мяжы біялогіі і фізікі.

Тэмай урока стаў “эфект матылька”. Згодна з гэтай паэтычнай ідэяй, узмах крыла матылька на адным канцы сусвету можа мець непрадказальна вялікія наступствы на другім. Разам з будучымі настаўнікамі Лізаветай Жаўток і Карынай Лабынцавай шасцікласнікі разабралі тэорыю па палічках.

Па-першае, як рухаецца матылёк? Настаўніцы расказалі пра будову яго крылаў у параўнанні з камарамі і стракозамі, паказалі, як чалавек выкарыстаў прыклад птушак і насякомых, каб навучыцца лятаць. Вучні самастойна згадалі пра супраціўленне паветра, знайшлі залежнасць паміж плошчай крыла і хуткасцю ўзмахаў.

Па-другое, што можа прымусіць матылька рухацца? Адказ шукалі, канечне, жартоўны і арыгінальны. Што наконт статычнай электрычнасці? Вучні сваімі рукамі змайстравалі каляровых матылькоў з паперы, замацавалі іх тулавы на кардоне. Кожны надзьмуў паветраны шарык і атрымаў тканіну, каб праз трэнне здабыць статычную электрычнасць. Ды хутка высветлілася, што церці шарык аб свае валасы нашмат весялей! Такое свавольства школьнікам прабачылі, і хутка ўсе шасцікласнікі змаглі зварухнуць крылы матылька пры дапамозе наэлектрызаванага шарыка. А настаўнікі азнаёмілі дзяцей з будовай атама.

Нарэшце, па-трэцяе, адкуль увогуле бяруцца матылькі? На прыкладзе звычайнай молі шасцікласнікі разгледзелі развіццё лічынкі і кокана. Праверылі веды пры дапамозе заданняў на інтэрактыўнай дошцы.

Напрыканцы ўрока дзеці вярнуліся да тэорыі сусветнага значэння матылька. Яго палёт ужо не падаваўся школьнікам такой звычайнай і нязначнай з’явай. У якасці рэфлексіі кожны вучань паказаў, на каго ён сёння больш падобны — на пратон, электрон ці нейтрон. Здаецца, ні адзін з іх не пашкадаваў, што падчас канікул трапіў на заняткі.

Студэнты навукова-даследчай лабараторыі не адзін год вывучалі крэатыўныя спосабы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у школе. Пераходзіць ад тэорыі да практыкі вырашылі ўжо даўно.

— Мы хацелі б, каб такія заняткі сталі рэгулярнымі, — дзеліцца кіраўнік лабараторыі Наталля Станіславаўна Салагуб, — таму зараз распрацоўваем план урокаў на наступны год для дзяцей малодшага, сярэдняга і старшага школьнага ўзросту. Калі ўсё атрымаецца, заняткі будуць праходзіць у шосты школьны дзень, а іх тэмы — адпавядаць таму, што вучні вывучаюць на ўроках фізікі, біялогіі, хіміі, геаграфіі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.