Эфектны эфектыўны ўрок: Іраіда Емяльянава ведае, як яго стварыць

- 9:00Персона

На занятках з высокаматываванымі навучэнцамі настаўніца рускай мовы і літаратуры Бараўлянскай гімназіі Іраіда Емяльянава аддае перавагу метаду пераемнасці. Ствараючы прывабнае асяроддзе для навучання, яна фарміруе ў дзяцей навыкі вырашэння нестандартных лінгвістычных задач. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кнігі з закладкамі

Калі педагог сама вучылася ў школе, яна вельмі любіла філалагічныя навукі. А ў рускай і беларускай літаратурах не было ні­воднага твора, які б не прачытала. Любоў да прыгожага, пісьменнага літаратурнага слова была настолькі адданай і шчырай, што ў той момант, калі трэба было выбраць, кім стаць, Іраіда Емяльянава не вагалася ні дня.

“Я, выпускніца вясковай школы, бачыла штодзённую працу нашай настаўніцы рускай мовы і літаратуры Веры Вітальеўны Шаламіцкай, — успамінае школьныя гады Іраіда Паўлаўна. — Дагэтуль помню вялікі стос кніг, якія былі перакладзены рознакаляровымі закладкамі. Іх Вера Вітальеўна прыносіла нам на кожныя заняткі. Урокі рускай мовы і літаратуры былі адначасова і эфектнымі, і эфектыўнымі. Сучаснаму нас­таўніку, які ўзброены найноўшымі сродкамі навучання, безумоўна, ёсць чаму павучыцца ў старэйшага пакалення”.

Атрымаўшы ў БДПУ класічную савецкую адукацыю, І.Емяль­янава імкнулася ўзяць з яе ўсё самае лепшае і ўкараніць у сваёй педагагічнай практыцы. Безумоўна, сёння гэтага ўжо мала: сучаснае пакаленне дзяцей патрабуе ад настаўніка пастаяннай работы над стылем выкладання. А для таго каб захапіць іх на ўроку, трэба знаходзіць новыя формы і метады.

“На дапамогу прыходзіць бесперапынная самаадукацыя, — дадае Іраіда Паўлаўна. — Як нікому іншаму, настаўніку рускай мо­вы і літаратуры трэба засвойваць не толькі актуальныя методыкі, але і новыя праграмы, сачыць за змяненнямі ў змесце вучэбнага прадмета. У рабоце з вучня­мі самым эфектыўным метадам з’яўляецца праблемнае навучанне”.

Урокі, якія праводзіць настаў­ніца, — гэта заўсёды дыялог і сумесны пошук адказаў на вызначаныя пытанні. Абмеркаванне новай тэмы можна пабудаваць на прос­тых жыццёвых прыкладах, але пры гэтым важна право­дзіць паралелі з мастацкімі творамі, якія вывучаюцца.

“Мы вызначаем тэму, потым паступова пераходзім да асноў­най думкі твора, але пры гэтым як бы проста размаўляем пра жыццё, — адзначае настаўніца. — Эмацыянальная памяць мацнейшая, чым візуальная або факталагічная. А літаратура — самы выдатны сродак выхавання падрастаючага пакалення”.

Разважаючы пра найважнейшыя складнікі паспяховай педагагічнай дзейнасці, І.Емяльянава гаворыць, што гэта вопыт і мудрасць старэйшых калег, у якіх даводзілася вучыцца.

“Я вельмі ўдзячна вядомай у нашай краіне настаўніцы Ганне Яўсееўне Камінскай за высокі прафесіяналізм і чалавечнасць, — зазначае педагог. — Будучы маладым спецыялістам, я наведвала яе ўрокі і запамінала ўсё, што на іх бачыла і чула. Калі мне была патрэбна прафесійная парада, я ішла да Ганны Яўсееўны, бо ведала, што атрымаю кампетэнтны адказ. Сёння, азіраючыся на пройдзены педагагічны шлях, разумею, што мне вельмі пашанцавала на старце прафесійнай дзейнасці”.

Навучыцца чытаць

Творчая майстэрня настаўніка-філолага — гэта, акрамя ведаў, навыкі міжасобасных зносін, уменне наладжваць кантакт з вучнямі і далучаць іх да абмеркавання неабходнай тэмы, уклю­чаючы ў размову.

“Бесперапынны паток інфармацыі, які школьнікі атрымліваюць з інтэрнэту, спыніць нельга, — разважае Іраіда Паўлаўна. — У такой сітуацыі педагогам трэба вучыць дзяцей крытычнаму мысленню і асэнсаванню ўсяго, што пачулі і ўбачылі. У настаўнікаў-філолагаў ёсць адна вя­лікая бяда: спісванне з электронных крыніц набыло масавы характар. Таму пералік маіх задач як настаўніка яшчэ больш шырокі: трэба вучыць дзяцей крытычна ставіцца да матэрыялаў з інтэрнэту і паказваць, наколькі важна ўсебакова аналізаваць прачытанае. Таксама трэба ўказваць на колькасць моўных памылак, на парушэнні граматычных норм”.

Як думаеце, што робіць нас­таўніца са спісанымі сачыненнямі, калі знаходзіць такія сярод вучнёўскіх работ? Іраіда Паўлаўна часта выкарыстоўвае іх як дадатковы вучэбны матэ­рыял. Педагог-філолаг ужо даўно ўпэў­нілася, што гэта дзейсны інструмент, які здольны станоўча паўплываць на вучня.

“Многіх дзяцей такі падыход утрымлівае ад спісвання, — дзеліцца практычным вопытам І.Емяльянава. — Акрамя гэтага, у школьнікаў фарміруецца ўменне самастойна кіраваць сваімі кагнітыўнымі працэсамі, яны становяцца больш сабранымі, засяроджанымі, падтрымліваецца дысцыпліна”.

Яшчэ адна праблема, якая становіцца відавочнай у першую чаргу для педагогаў-славеснікаў, — гэта непісьменнасць школьнікаў. Асноўная яе прычына ў тым, што дзеці мала чытаюць. Што ра­біць у такім выпадку педагогу, калі перад ім стаіць задача падрыхтаваць камунікатыўна свабодную асобу, якая павінна аднолькава добра валодаць вуснай і пісьмовай мовай?

“Вырашыць праблему з чытаннем дапамагае ўдалы анонс кнігі, — працягвае настаўніца. — Не пераказваючы зместу, імкнуся прыцягнуць увагу да твора, які вывучаецца, зацікавіць праб­лематыкай, ідэяй. Прычым рэкамендую не толькі абавязковыя для вывучэння, але і кнігі для дадатковага чытання. Бывае, дзеці прызнаюцца, што жаданне прачытаць тую ці іншую кнігу ўзнікла пасля ўрока, на якім яе аналізавалі”.

Ідэальны ўрок — які ён?

У рабоце з матываванымі школьнікамі і адоранымі наву­чэнцамі настаўніца рускай мовы і літаратуры аддае перавагу індывідуальнаму падыходу.

“Не шкадую ні сіл, ні часу на такіх вучняў, а іх у нашай гімназіі большасць, — прызнаецца Іраіда Паўлаўна. — Калі разглядаць работу з усім класам, то, несумненна, школьнікаў дысцыплінуе паўрочны кантроль. Я працую ў гімназіі і бачу, наколькі дзеці адчувальныя да сваіх вынікаў. Што тычыцца падрыхтоўкі да ЦТ, ЦЭ і да алімпіяды, тут вельмі важна рэалізаваць прынцып пераемнасці ў сістэме “ўрок — факультатыўныя заняткі — індывідуальныя заняткі”. Гэта дазваляе дыферэнцыраваць вучэбны матэрыял і раўнамерна размеркаваць вучэбныя гадзіны, выключыўшы перагрузку і эмацыянальнае выгаранне ўдзельнікаў алімпіяды”.

Прынцып пераемнасці дапамагае вырашыць падчас урока шэраг задач: забяспечвае дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі высокаматываваных навучэнцаў, стварае прывабнае асяроддзе для навучання, фарміруе навыкі вырашэння нестандартных лінг­вістычных задач і інш. Акрамя таго, прынцып пераемнасці вырашае яшчэ адну найважнейшую задачу — адначасова з падрыхтоўкай да алімпіяды ажыццяўляецца падрыхтоўка да ЦТ.

“Для вучняў 5—9 класаў на ўроках прапаноўваю разгорнуты варыянт правіл у параўнанні з падручнікам, рыхтую раздатачны матэрыял з нестандартнымі лінгвістычнымі заданнямі, — дзеліцца педагагічнымі знаходкамі настаўніца. — Традыцыйнае вывучэнне правіл і наступны кантроль ведаў змяняюцца тэарэтычнымі фармулёўкамі і задачамі, якія фарміруюць канструктыўнае і алгарытмічнае мысленне. Напрыклад, па розных раз­дзелах мовазнаўства прапануецца выбраць правільныя сцвярджэнні: цвёрды знак пішацца пасля прыставак перад усімі галоснымі, мяккі знак служыць толькі для змякчэння зычных, існуе толькі адзін спосаб вызначыць спражэнне дзеяслова і інш. У 10 класе з мэтай абагульнення і сістэматызацыі тэарэтычных ведаў па тэмах, прадстаўленых для паўтарэння, прапаную выканаць панарамны тэст”.

Пры падрыхтоўцы да ЦТ, ЦЭ І.Емяльянава дае сваім калегам толькі адну параду.

“Кожнаму настаўніку, які працуе ў 10—11 класах, трэба сесці за парту і прарашаць заданні за ўсе гады, — упэўнена настаўніца. — Толькі так можна вызначыцца і з аб’ёмам вучэбнага матэрыялу, і з характарам практычных заданняў. Для работы ў 8—9 класах пры вывучэнні пунктуацыі эфектыўна выкарыстоўваць практычны матэрыял з экзаменацыйнага зборніка, прычым не толькі ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу на ўроках. У якасці дамашняга задання можна прапанаваць знайсці сказы вызначанай сінтаксічнай канструкцыі на пэўнае пунктуацыйнае правіла: так лепш засвойваюцца базавыя правілы, а на іх фоне лягчэй выяўляюцца аўтарскія, факультатыўныя знакі прыпынку”.

Якім павінен быць ідэальны ўрок, каб ім зацікавіўся ўвесь клас? Іраіда Паўлаўна гаворыць, што ён павінен быць комплексным з дакладнай мэтай, а падчас яго правядзення ў навучэнцаў выпрацоўваюцца навыкі самастойнага прымянення ведаў у новых умовах.

Настаўніцкая дзейнасць І.Емяльянавай — гэта не толькі пра работу з вучнямі, але і пра ўзаема­дзеянне з бацькамі. Прынамсі, гэтаму спрыяе класнае кіраўніцтва. У 8 класе, якім кіруе настаўніца, яе вельмі любяць і паважаюць. Заўсёды далікатная і ўважлівая, тактычная і справядлівая, Іраіда Паўлаўна ўмела праводзіць канструктыўныя дыялогі з мамамі і татамі сваіх навучэнцаў.

“Работу з бацькамі будую на аснове ўзаемапавагі і ўзаема­разумення, — заключае педагог. — Калі дарослыя зацікаўлены ў дасягненнях сваіх школьнікаў, у тым, якія адзнакі яны атрымліваюць, дзеці пачынаюць верыць у свой поспех і дасягаюць яго”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА